Як забаўляліся нашчадкі Францішка Багушэвіча
Пра свавольствы родзічаў Францішка Багушэвіча распавяла праўнучка класіка беларускай літаратуры Крыстына Шманьда.
Спадарыня Крыстына цяпер жыве ў Варшаве,
але нарадзілася перад Другой сусветнай вайной у леснічоўцы Падзялёная пад
Смаргонню ў былым Ашмянскім павеце. Ейны бацька Юзаф Тамашэўскі быў ляснічым,
які не вельмі шмат зарабляў на дзяржаўнай службе, заўважае спадарыня Крыстына.
Нягледзячы на гэта, сям’я жыла заможна, бо Юзаф умела распараджаўся 44
гектарамі лесу — пасагам сваёй жонкі Станіславы, якая прыходзілася ўнучкай
беларускаму паэту Францішку Багушэвічу.
Анекдот пра няню Анельку і жарты паэтавай унучкі
Сям’я Тамашэўскіх трымала вялікую гаспадарку: коней, кароў, свіней, сабак і безліч курэй ды гусей. Усім пераважна займаліся нанятыя людзі. Малой дачкою ляснічага апекавалася нянька Анелька, якая размаўляла перадусім па-беларуску, узгадвае спадарыня Крыстына Шманьда. Анелька паходзіла з Кушлянаў і спачатку працавала ў сям’і сына Францішка Багушэвіча — Тамаша, гадавала ягоную сярэднюю дачку Станіславу. Калі ж Станіслава выйшла замуж, Анелька перайшла працаваць да яе. Нянька з Кушлянаў стала нават гераіняй сямейнага анекдота. Нашчадкі беларускага паэта расказваюць, што аднойчы Станіслава заўважыла блыху на бялізне ў ложачку сваёй маленькай дачкі. Калі ж маладая гаспадыня звярнула на гэта ўвагу Анелькі, то тая вельмі здзівілася: «Пані, адкуль там скочкі? Калі ўжо, то вош!»
«Мама вельмі любіла жартаваць, — адзначае спадарыня Крыстына. — Памятаю, што неяк вясною яна купіла ў Вільні свежыя агуркі ды прывязала іх тоненькай нітачкай да агурковых кусцікаў, якія ва ўсю цвілі. Пазней яна ўсім хвалілася, што ў ейным агародзе найхутчэй у ваколіцы растуць агуркі».
Іншым разам Станіслава Тамашэўская паклала ў бульбяную клёцку замест мяснога фаршу адзін перац. Калі ж сабраліся госці, маладая гаспадыня з усіх сілаў старалася, каб тая клёцка трапіла на талерку да чалавека, якога яна не зносіла.
Аднойчы ў леснічоўку Тамашэўскіх завітала іх далёкая сваячка, якая вельмі любіла катоў. Станіслава ж пусціла чуткі, што тая жанчына будзе скупляць катоў па залатоўцы. У тыя часы адзін злоты быў досыць вялікай сумай, бо за адно яйка плацілі адзін грош, а кілаграм вельмі добрай ялавічыны каштаваў 40 грошай. Вяскоўцы з наваколля, пачуўшы пра скуп катоў, налавілі жывёлінаў ды, усадзіўшы іх у мяшкі, з’явіліся да родзічкі Тамашэўскіх. Той жа спатрэбілася шмат часу, каб пераканаць «прадаўцоў», што ўзнікла недарэчнасць, і яна нават не збіралася купляць чацвёралапых.
Раўнівы сабака і паляванні
Юзаф Тамашэўскі, паводле ўспамінаў сваёй дачкі, вельмі любіў сабак, які ўсюды за ім хадзілі. «Гэта былі звычайныя нямецкія аўчаркі, якіх мы называлі «ваўкарамі», — распавядае Крыстына Шманьда. — Калі бацька быў яшчэ нежанаты, вялізная нямецкая аўчарка заўсёды спала ў ягонай спальні. Гэтак было і пасля шлюбу бацькоў. Але калі нарадзілася я, сабаку перавялі жыць у буду. Ён вельмі раўнаваў да мяне, таму заўсёды, калі бачыў мяне на вуліцы, накідваўся, але не кусаў, а толькі рабіў мне сінякі».
У канцылярыі Юзафа Тамашэўскага заўсёды трымаў варту яшчэ адзін сабака, які здымаў наведнікам шапкі, калі тыя самі гэтага не ўчынілі. Аднаго разу сабака нават адкусіў кавалак вуха селяніну, які праз гэта судзіўся з ляснічым.
Леснічоўка Тамашэўскіх была прывабным месцам для родзічаў і знаёмых, якія любілі прыязджаць сюды на адпачынак. Юзаф часта арганізоўваў для гасцей паляванні на ваўкоў, вялікую колькасць якіх успрымалі ў тыя часы як бедства. Бацька пані Крыстыны ўваходзіў у тройку найлепшых паляўнічых даваеннай Польшчы, якія забілі найбольш ваўкоў. Сямейнікі праз гэта вельмі ім ганарыліся, а ў іхнай хаце замест дываноў паўсюль ляжалі воўчыя скуры.
Жонка Юзафа Тамашэўскага — Станіслава — ад часу да часу таксама ўдзельнічала ў паляваннях, а аднойчы ёй удалося самой застрэліць ваўка. Часам дарослыя бралі на паляванне і дзяцей. Спадарыня Крыстына дагэтуль памятае розныя віды паляванняў, якія адбываліся на Ашмяншчыне. Напрыклад, падчас палявання «на свінку» паляўнічы і ягоныя спадарожнікі, захутаныя ў буркі, ехалі ў брычцы праз лес. Ля іхных ног у мяшку ляжала свінка, якую штораз штурхалі ў бок. Свінка вішчала, а яе крык прывабліваў ваўкоў, у якіх пазней стралялі.
Падчас палявання з нагонкай пэўную тэрыторыю ў лесе акружалі шнуром, на якім недалёка адна ад адной віселі чырвоныя латкі. Ваўка баяцца ўсяго чырвонага, таму было вядома, што яны не пяройдуць праз шнур. У сваю чаргу на аточанай шнуром тэрыторыі з усіх бакоў ішлі мужчыны, стукаючы кіямі па дрэвах. Ваўкі праз гэта збіраліся ў адным месцы, дзе паляўнічыя ў іх стралялі.
Яшчэ адзін від палявання — «з зямлянкі» — заключаўся ў тым, што навокал зямлянкі, якая служыла хованкай для паляўнічых, раскладалі падліну, а калі прыходзілі галодныя ваўкі, то тады ў іх пачыналі страляць. Падобна выглядала таксама паляванне з паляўнічых вежаў. Часам проста раскладалі падліну на лясной паляне, а вакол яе ставілі пасткі на ваўкоў.
Аднойчы малая Крыстына, якой было ўсяго некалькі годзікаў, пабачыла тушу каня, якая ляжала ў снезе каля леснічоўкі. Зацікаўленая дзяўчынка доўга хадзіла вакол каня, пакуль яе не пабачыў бацька. Аказалася, што толькі цудам яна не трапіла ў воўчую пастку, схаваную ў снезе. «Тады першы раз у жыцці бацька на мяне насварыўся», — успамінае праўнучка класіка беларускай літаратуры.
Шляхецкія дзеці: першыя цыгарэты з сушаных лістоў і збіранне вусеняў
Калі Крыстына мела тры годзікі, нарадзіўся ейны брат Лешак. Немаўля аднак захварэла на дыфтэрыт, які ў тыя часы быў вельмі сур’ёзнай хваробай. Бацькі пастанавілі як мага хутчэй пахрысціць дзіця, але праз тое, што арганізоўвалі хрост у спешцы, не мелі адпаведнай кандыдатуры на хросную маці. Але раптам у іх з’явілася ідэя, што ёй можа быць іх старэйшая дачка Крыстына. Гэтак трохгадовая дзяўчынка стала хроснай маці свайго брата.
На шчасце, Лешак выздаравеў. Ён рос вельмі актыўным і цікаўным хлапчуком. Памяць спадарыні Крыстыны захавала, як аднойчы маленькі Лешак выбраўся на самотны шпацыр і адышоў ад дому ажно на некалькі кіламетраў. Бацькі ў роспачы, заломваючы сабе рукі, шукалі яго па ўсім наваколлі. Урэшце бацька пабачыў, як хлопчык ішоў па дарозе ўвесь у слязах, румзаў і крычэў на ўвесь голас: «Свінкі, калі ласка, не ешце мяне!» За ім па дарозе ішлі тры невялікія парсючкі.
Мама спадарыні Крыстыны зацята паліла цыгарэты. «Яна сядала, закладаючы нагу за нагу, і трымала цыгарэту ў доўгім муштуку. Гэта мне вельмі падабалася. Акурат у тыя часы маім сябрам у гульнях быў старэйшы на чатыры гады сын егера. Разам мы прыдумалі, каб зрабіць цыгарэты з высушаных лістоў ляшчыны», — распавядае Крыстына Шманьда.
Дзеці расклалі агонь, каб высушыць
лісце, якое пазней змялі ды абкруцілі цыгарэтнай паперай. Калі яны падпалілі
самаробныя цыгарэты ды пачалі зацягвацца, то заўважылі, што касцёр разгарэўся
да неверагодных памераў — языкі полымя шугалі высока ўгору. Аказалася, што
дзеці расклалі агонь на кучы сухіх шышак. Агонь мог вельмі хутка распаўсюдзіцца
па лесе ды нарабіць вялікай бяды, але, на шчасце, яго ўдалося неяк загасіць.
Дзецьмі ў сям’і Тамашэўскіх займаўся пераважна бацька. Ён вельмі рупіўся, каб выпрацаваць у сваёй нясмелай дачкі ўпэўненасць. З гэтай мэтай ён паабяцаў дачцэ даваць 5 злотых кожны раз, калі тая пазвоніць да сваёй школьнай настаўніцы. «Я патэлефанавала толькі 3 разы. Гэта былі самыя страшныя хвілі для мяне, якія зусім не дадалі мне адвагі», — кажа спадарыня Крыстына.
На просьбу бацькі яна збірала ў маленькае дзіцячае вядзерца бульбу, якая засталася пасля выкопак, а таксама вусеняў, якіх страсалі з пладовых дрэў каля хаты. «Бацька хацеў выхаваць у мяне павагу да працы», — мяркуе дачка ляснічага.
Адзін з самых моцных успамінаў спадарыні Крыстыны з дзяцінства — гэта жалоба ейных бацькоў пасля смерці першага кіраўніка незалежнай Польшчы Юзафа Пілсудскага. «Бацька быў вялікім прыхільнікам маршала Пілсудскага. Калі ў Вільні адбывалася пахаванне сэрца Пілсудскага, бацькі там былі, а пасля, прыехаўшы, яшчэ доўга ўспаміналі тую цырымонію. Хоць я была тады малым дзіцём, але добра гэта запомніла», — кажа Крыстына Шманьда.
Спакойнае жыццё сям’і ляснічага з былога Віленскага ваяводства перапыніла ІІ сусветная вайна і ўварванне Чырвонай Арміі ў тагачасную Польшчу. Пра далейшы лёс гэтай сям’і можна прачытаць тут: Як малых праўнукаў Францішка Багушэвіча разам з маткаю выслалі ў Сібір