Чэхаславацкі легіён польскага войска: беларускія старонкі гісторыі

У пачатку лютага 1940 года на стол начальніка Упраўлення па справах вайсковапалонных і інтэрнаваных НКУС СССР Пятра Сапруненкі лягла дакладная запіска кіраўніка 2-га адзела лейтэнанта дзяржбяспекі Маклярскага.

Чэхаславацкая танкетка, 1930-я гады

Чэхаславацкая танкетка, 1930-я гады

У дакуменце пад загалоўкам «Аб палажэнні на пункце інтэрнаваных жаўнераў і афіцэраў чэшскага легіёна былой польскай арміі» сярод іншага адзначалася, што на зборным пункце ў мястэчку Ермалінцы, Камянец-Падольскай вобласці УССР знаходзіліся 674 чэшскія легіянеры. Як чэхаславацкія вайскоўцы трапілі ў савецкі палон і што з імі было далей?


На польскай зямлі

У сакавіку 1939 года нацысцкая Германія пачала акупацыю тэрыторыі Чэхіі. У адказ сотні вайскоўцаў чэхаславацкай арміі вырашылі з’ехаць з Радзімы з мэтай змагацца супраць нацыстаў. Нягледзячы на «Цешынскі крызіс», які сапсаваў і так нацягнутыя стасункі паміж Прагай і Варшавай, чэхаславацкія вайскоўцы масава накіроўваліся ў Польшчу. Яны разумелі, што палякі гатовыя змагацца за сваю краіну і не здадуць яе без бою. Некалькі тысяч чэхаславацкіх грамадзян у той час прыехалі на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай і былі размешчаныя ў лагерах для бежанцаў у Кракаве і Катавіцах. Чэхам і славакам на польскай тэрыторыі дапамагалі дыпламаты, якія, нягледзячы на трагедыю сваёй краіны, працягвалі працаваць у Кракаве. На польскай зямлі бежанцаў-суайчыннікаў сустракаў чэшскі консул Уладзімір Знаемскі. Сярод чэхаславацкіх вайскоўцаў вылучаліся генерал арміі Леў Прхала і падпалкоўнік Людвіг Свобада. Яны і пачалі арганізоўваць чэхаславацкі легіён у Польшчы.

Генерал Леў Прхала

Генерал Леў Прхала

Пазней, у чэрвені 1939 года, значная частка чэхаславацкіх вайскоўцаў накіравалася праз Гдыню ў Францыю. Тых, хто застаўся ў Польшчы, перадыслакавалі ў лагер у Малых Бранявіцах. 30 жніўня 1939 года 700 легіянераў з Чэхаславакіі накіравалі ў мястэчка Лясное пад Баранавічамі і праз дзень чэхаславацкія вайскоўцы былі ўжо на Палессі. Там імі камандаваў падпалкоўнік Свобада, а польскім куратарам легіёна стаў маёр Генрых Смратэцкі.

Таблічка на будынку былога чэхаславацкага консульсва ў Кракаве

Таблічка на будынку былога чэхаславацкага консульсва ў Кракаве


За нашу і вашу свабоду

1 верасня 1939 года Трэці Рэйх напаў на Другую Рэч Паспалітую. Усе народы шматнацыянальнай Польшчы, у тым ліку і беларусы, мужна змагаліся супраць ворага на ўсіх франтах. Аднак палякам патрэбна была дапамога. 3 верасня 1939 года генерал Леў Прхала заключыў з прэзідэнтам Польшчы Ігнацыем Масціцкім дамову аб стварэнні «Чэшскага і Славацкага легіёнаў» Войска Польскага. Тады ж Варшава выдала адозву да ўсіх чэхаславацкіх грамадзян на тэрыторыі Польшчы, у якой заклікала ўступаць у новае вайсковае злучэнне. Былі ў тым дакуменце згадкі пра барацьбу «за нашу і вашу свабоду» і пра «традыцыі Грунвальда». Але чэхаславацкія вайскоўцы пад Баранавічамі не чакалі на адозвы. Яны рыхтаваліся нарэшце сысціся ў бойцы з немцамі.

Чэхаславацкае войска

Чэхаславацкае войска

4 верасня 1939 года пад Баранавічы перакінулі яшчэ 200 чэхаславацкіх вайскоўцаў. У той жа час у Дэмбліне пачалі фарміраваць чэхаславацкую лётную выведвальную эскадрыллю (на самалётах «Potez XXV» і «RWD-8»). 15 верасня 1939 года пры пасадцы, недалёка Коўля, некалькі самалётаў разбіліся. Пазней чэхаславацкія пілоты прымалі ўдзел у абароне Луцка. Лётчыкі бралі ў кабіну ручныя гранаты і рабілі авіяналёты, скідаючы гранаты на групы нямецкай пяхоты і тэхнікі.


У савецкім палоне

Германа-польскі фронт хутка рухаўся на ўсход, і 11 верасня 1939 года польскае камандаванне вырашыла эвакуяваць чэхаславацкі легіён з-пад Баранавічаў на поўдзень Другой Рэчы Паспалітай. Жаўнерам раздалі зброю (4 станковых, 9 ручных кулямётаў і іншыя віды стралковай зброі) і накіравалі на чыгуначны вакзал, адкуль чэхаславакі выехалі ў Тарнопаль. На месца легіянеры прыбылі 14 верасня. У той жа дзень польскае камандаванне загадала чэхаславацкім жаўнерам арганізаваць супрацьпаветраную абарону. Хутка пасля гэтага легіянераў накіравалі ў Падгаец. Па злой іроніі лёсу, 15 верасня 1939 года вайсковы эшалон з чэхаславацкімі жаўнерамі быў абстраляны… славацкімі самалётамі. У выніку загінуў аспірант Вітэзлаў Грубаўм.

17 верасня 1939 года польска-савецкую мяжу перайшла Чырвоная Армія. Адной з задач, якую атрымалі жаўнеры РСЧА, было недапушчэнне эвакуацыі ворага (пад якім меліся на ўвазе польскія войскі і іх хаўруснікі) у Румынію і Венгрыю. 18 верасня ў вёсцы Ракаўцы чэхаславацкія жаўнеры трапілі ў савецкі палон. Пазней іх накіравалі ў лагер у мястэчку Ермалінцы Камянец-Падольскай вобласці. У той жа час у Тарнопалі Саветы захапілі і чэхаславацкіх пілотаў з выведвальнай эскадрыллі.

Гісторыя чэхаславацкага легіёна НКУС

Гісторыя чэхаславацкага легіёна НКУС

Некаторыя чэхаславацкія жаўнеры паспрабавалі «схавацца» ў мястэчку Квасілава Ровенскай вобласці, аднак пазней і яны трапілі ў рукі НКУС. Як пазначалася ў чэкісцкіх дакументах, чэхаславакаў арыштавалі «за спекуляцыю злотымі». Паводле дадзеных савецкіх спецыяльных органаў, у сакавіку 1940 года ў бальшавіцкім палоне знаходзіліся 137 афіцэраў, 200 падафіцэраў і малодшых камандзіраў, 336 жаўнераў, а таксама адна жанчына (жонка штабс-капітана Баўэра). Сярод палонных было 537 чэхаў, 68 славакаў, 68 габрэяў, 1 «русін». Тады ў руках чэкістаў было 2 афіцэры генштаба (выведнікі), 6 жандараў, 6 паліцэйскіх, 38 пілотаў (жаўнераў і афіцэраў), 89 артылерыстаў, 17 сапёраў, 22 кавалерысты, 9 сувязістаў. Кіраўніцтва Другога аддзела Упраўлення па справах вайсковапалонных і інтэрнаваных НКУС СССР адзначала, што «легіянеры вялі сярод мясцовага насельніцтва шавіністычна-нацыяналістычную агітацыю, заклікаючы на барацьбу за аднаўленне “незалежнай Чэхаславакіі”». «У Здаўбунаве меў месца выпадак, калі на сходзе легіянераў, на якім прысутнічалі і мясцовыя жыхары, прапаршчык Ленц выступіў з антысавецкім паведамленнем пра “агрэсіўную палітыку Савецкага Саюза”» [...] Квасілаўскія легіянеры падтрымліваюць сістэматычную сувязь з Бенешам (прэзідэнт Чэхаславакіі ў выгнанні. — аўт.), ад якога яны перыядычна атрымліваюць тэлеграмы», — адзначалася ў адным з дакументаў НКУС.

Дакумент НКУС пра чэхаславацкі легіён

Дакумент НКУС пра чэхаславацкі легіён

У сакавіку 1940 года НКУС выдала загад аб транспарціроўцы ўсіх палонных чэхаславацкіх легіянераў у Аранскі лагер (станцыю Шоніха) Казанскай чыгункі Горкаўскай вобласці. Адпаведным органам загадвалася правесці «аператыўна-чэкісцкую» працу сярод чэхаславацкіх палонных.


На баку Чырвонай Арміі і заходніх хаўруснікаў

У 1941 годзе за гераізм падчас баёў у верасні 1939 года польскае камандаванне ў Лондане ўзнагародзіла чэхаславацкіх лётчыкаў Фішара, Войцісака, Ялінака, Броза, Чэрмака, Яра, Камарада, Хербачка, Нэксера, Рэхака баявымі ўзнагародамі. Падчас кампаніі ў Польшчы загінуў адзін жаўнер пяхотнага легіёна і чатыры пілоты. Яшчэ шэсць чэхаславацкіх жаўнераў атрымалі раненні. У 1942 годзе з палонных чэхаславацкіх жаўнераў, якія знаходзіліся на тэрыторыі СССР у Бузулуку, быў сфарміраваны Самастойны чэхаславацкі палявы батальён на чале з палкоўнікам Людвігам Свобадай. У сакавіку 1943 года гэтае вайсковае злучэнне прыняло ўдзел у баях супраць нацыстаў пад Харкавам. У 1944 годзе савецкае камандаванне сфарміравала 1-ы чэхаславацкі армейскі корпус камандзірам якога стаў Людвіг Свобада. У кастрычніку 1944 года корпус удзельнічаў у штурме нямецкіх умацаванняў на Дукельскім перавале. Пасля вайны Свобада быў прызначаны міністрам абароны Чэхаславакіі.

Людвіг Свобада

Людвіг Свобада

А вось генерал Леў Прхала ў 1939 годзе праз Румынію эвакуяваўся ў Вялікабрытанію, дзе падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў распараджэнні эміграцыйнага ўраду Чэхаславакіі.

У 2017 годзе ў раёне Кракава, дзе знаходзіўся лагер чэхаславацкіх бежанцаў і вайскоўцаў, былі пастаўленыя памятныя дошкі. Магчыма, прыйшоў час паставіць знак у гонар чэхаславацкіх жаўнераў і ў Баранавічах. Тыя легіянеры мужна змагаліся супраць нацызму. Да таго ж гэта старонка і беларускай вайсковай гісторыі.