Бяспашпартныя бадзягі ў БССР
У гады сталінскай кампаніі па барацьбе з «бязродным касмапалітызмам» выраз «бяспашпартныя бадзягі» выкарыстоўваўся, каб закляйміць непажаданых інтэлігентаў (пераважна габрэяў) як «класава варожы элемент» і этнічных чужынцаў. Між тым, сталінскі рэжым сам ствараў бяспашпартных бадзяг і ў вялікай колькасці.
Народны суд 3 участка горада Менска (у той час афіцыйная назва горада была менавіта такой) 8 лютага 1935 года ў складзе народнага суддзі Манько, членаў-засядацеляў Шчаснай і Дудкоўскага пры сакратары Стрыгун разглядаў крымінальную справу Настассі Гарошка. 55-гадовую малапісьменную беспартыйную беларуску, «кулачку» з Драздоў, пазбаўленую выбарчага права, абвінавачвалі па частцы «б» артыкула 120-1 Крымінальнага кодэкса БССР.
Артыкул 120-1 у КК БССР з’явіўся незадоўга перад тым, 15 жніўня 1934 года, і гучаў наступным чынам:
«а) Паўторнае парушэнне ўстаноўленых правіл прапіскі пашпартоў або часовых пасведчанняў асобамі, якія прыязджаюць у мясцовасці, дзе ўведзена пашпартная сістэма, і маюць устаноўленыя дакументы, выклікае — папраўча-працоўныя работы да аднаго года;
б) пражыванне ў мясцовасцях, дзе ўведзена пашпартная сістэма, асоб, не маючых пашпарта або часовага пасведчання і ўжо падвергнутых адміністрацыйнаму спагнанню за гэтае парушэнне, выклікае — пазбаўленне свабоды да двух год».
Унутраныя пашпарты былі ўведзеныя ў СССР пастановай ЦВК і СНК СССР «Аб усталяванні адзінай пашпартнай сістэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапіскі пашпартоў», прынятай 27 снежня 1932 года. Парадак выдачы (і нявыдачы) пашпартоў быў удакладнены пастановамі Саўнаркама СССР ад 14 студзеня і 28 красавіка 1933 года. Пашпарты выдаваліся «ўсім грамадзянам Саюза ССР ва ўзросце ад 16 год, якія стала пражываюць у гарадах, рабочых пасёлках, працуюць на транспарце, у саўгасах і новабудоўлях».
Такім чынам, магчымасці атрымаць пашпарт былі пазбаўленыя сяляне — як калгаснікі, так і аднаасобнікі. Гэта абмяжоўвала мабільнасць сялян, прывязвала іх да зямлі. Праз увод пашпартоў улады абмяжоўвалі ўцёкі сялян з вёскі, якая ў 1932–1933 гадах масава галадала, у горад. Адсутнасць пашпартоў у сялян часта параўноўваюць з прыгонным правам.
Да таго ж, буйныя гарады (уключна з Менскам) былі аднесеныя да рэжымных. Выдача пашпартоў у іх праводзілася выбарачна: пашпарты не выдавалі «кулакам», «лішэнцам» (людзям, пазбаўленым выбарчых правоў), «не занятым грамадска-карыснай працай», былым зняволеным і сасланым, і іншым катэгорыям людзей, у якіх улады СССР бачылі патэнцыйных ворагаў.
Да рэжымных былі аднесеныя і населеныя пункты ў 100-кіламетровай паласе ўздоўж заходняй мяжы СССР (а паколькі мяжа тады была пад Заслаўем, відавочна, да рэжымных быў залічаны і пасёлак Дразды). Як піша гісторык савецкай пашпартнай сістэмы Васіль Папоў, першапачаткова выняткі дапускаліся ў дачыненні да тых не занятых «грамадска-карыснай працай» і пазбаўленых выбарчых правоў асоб, якія былі ўраджэнцамі рэжымных мясцовасцей і пастаянна там жылі. Але вельмі хутка гэтая часовая «саступка» была адменена.
Варта адзначыць, што ў Расійскай імперыі жорсткая пашпартная сістэма, якая рэзка абмяжоўвала свабоду перасоўвання, успрымалася як адна з праяў прыгнёту. У большасці краін Еўропы ўнутраныя пашпарты ў пачатку ХХ стагоддзя адсутнічалі, і на той час былі абавязковыя толькі для паездак за мяжу. Часткова гэта дзейнічае і сёння (для паездак унутры Еўрасаюза грамадзянам яго краін неабходныя ідэнтыфікацыйныя карткі, а пашпарты не абавязковыя). У СССР 1920-х гадоў пашпартная сістэма была заменена легітымацыйнай сістэмай, пры якой асоба чалавека пры неабходнасці магла быць засведчана любым дакументам (напрыклад, прафсаюзным білетам або актавай выпіскай аб нараджэнні ці шлюбе), а рэгістрацыя па месцы жыхарства была правам, але не абавязкам.
Старыя бальшавікі ў 1932 годзе павінны былі адчуць сябе няёмка. Яны маглі прыгадаць напісаныя ў 1903 годзе словы Леніна з брашуры «Да вясковай беднаты (Тлумачэнне для сялян, чаго хочуць сацыял-дэмакраты)»:
«Сацыял-дэмакраты патрабуюць для народа поўнай свабоды перасоўвання і промыслаў. Што гэта значыць: свабода перасоўвання? Гэта значыць, каб селянін меў права ісці куды хоча, перасяляцца куды заўгодна, выбіраць любую вёску ці любы горад, не пытаючы ні ў каго дазвол. Гэта значыць, каб і ў Расіі былі знішчаны пашпарты (у іншых дзяржавах даўно ўжо няма пашпартоў), каб аніводны ўраднік, аніводны земскі не смеў перашкаджаць аніякаму селяніну сяліцца і працаваць, дзе яму заўгодна. Рускі мужык настолькі запрыгонены яшчэ чыноўнікам, што не можа свабодна перавесціся ў горад, не можа свабодна сысці на новыя землі. Міністр распараджаецца, каб губернатары не дапускалі самавольных перасяленняў! Губернатар лепш за мужыка ведае, куды мужыку ісці! Мужык — дзіця малое, без начальства і зрушыцца не смее! Хіба гэта не прыгонная залежнасць?»
Праз трыццаць гадоў пасля напісання гэтых словаў сяляне СССР зноў думалі пра пашпартную сістэму: «Хіба ж гэта не прыгонная залежнасць?»
У прыгаворы суда запісана наступнае: «Дадзенымі матэрыяламі судовага следства ўстаноўлена, што падвіноўная не атрымала пашпарта, як кулачка, і не мае права без прапіскі пражываць у данай мясцовасці (пасёлак Дразды)». Настассю Гарошка прызналі вінаватай у злачынстве, прадугледжаным артыкулам 120-1 «б» КК БССР. Праўда, яе чамусьці (суд не ўказаў матываў для гэтага) не накіравалі ў зняволенне. Суд палічыў патрэбным падвергнуць яе «прымусоваму высяленню з данай мясцовасці ў двухтыднёвы тэрмін». Прысуд быў канчатковым і абскарджанню не падлягаў.
Цікава, што прызначаны судом двухтыднёвы тэрмін высялення не адпавядаў дзесяцідзённаму тэрміну высялення «кулакоў» ды іншых «непажаданых элементаў» з «рэжымных» мясцовасцей, які быў усталяваны «Інструкцыяй аб выдачы пашпартоў», зацверджанай пастановай Саўнаркама СССР №43 ад 14 студзеня 1933 года.
Гераіні гэтага артыкула ў нейкім сэнсе «пашанцавала», таму што яе накіравалі не ў ГУЛАГ, не ў высылку, не на спецпасяленне, а ўсяго толькі ў іншы раён БССР. Але яе высялялі з уласнага дому. Яна страчвала не толькі дах над галавой, але і мэблю, і сялянскі інвентар, які не магла забраць з сабою. Як магла адзінокая сталая жанчына асталявацца на новым месцы? Пра гэта нам невядома. Затое вядома, што яна стала не проста «кулачкай» і «лішэнкай», а яшчэ і судзімай.
Зразумела, што прыведзены прыклад асуджэння па артыкуле 120-1 — толькі адзін з соцень ці тысяч іншых, якія здарыліся ў БССР за час дзеяння артыкула. І калі ў дачыненні да Настассі Гарошка было ўжытае «прымусовае высяленне», то многія іншыя трапілі за краты. Паколькі накіраваны быў артыкул супраць бяспашпартных сялян, асоб, пазбаўленых выбарчых правоў, «кулакоў» ды прадстаўнікоў іншых катэгорый, якія ўсяго толькі спрабавалі выжыць ці крыху больш выгодна ўладкавацца ў жыцці праз пераезд у горад ці праз працяг жыцця ў ім, ёсць усе падставы лічыць яго ахвяр пацярпелымі ад палітычных рэпрэсій.
Артыкул «Парушэнне пашпартных правіл» захаваўся і ў Крымінальным кодэксе БССР 1961 года. Як адзначаў Кранід Любарскі, вядомыя выпадкі, калі па гэтым артыкуле ў СССР асуджалі дысідэнтаў.
Пастанова Вярхоўнага Савета Беларусі ад 6 чэрвеня 1991 года «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20–80-х гадоў» не ўключае артыкул 120-1 у пералік артыкулаў, асуджаныя па якіх падлягаюць рэабілітацыі. Гэты заканадаўчы недахоп неабходна выправіць, як неабходна і адшукаць імёны асуджаных. Без іх пералік пацярпелых ад палітычных рэпрэсій у БССР 1930-х гадоў няпоўны.