Зялёныя: Адзінага можа абраць васьміног

Беларускую партыю Зялёных (БПЗ ), як прыхільніка адзінства дэмакратычных сілаў, не могуць пакідаць абыякавымі дэзінтэграцыйныя працэсы ў апазіцыйным лагеры. Як вядома, каменем сутыкнення з’яўляецца спосаб вызначэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015-га года.



vasminoh.jpg

Адно крыло апазыцыі прапануе абраць лідэра, выкарыстоўваючы механізм праймерыз.  Другая фракцыя схіляецца да правядзення т.зв. нацыянальнага кангрэса, які і назаве імя Адзінага.

У якасці кампраміснага рашэння Зялёныя прапануюць звярнуцца да паслуг прадстаўнікоў жывёльнага свету. Менавіта нашы браты меншыя, як паказвае практыка, здольныя вызначаць аптымальную постаць сярод наяўных кандыдатаў. Дастаткова ўспомніць фурор васьмінога Паўля, які беспамылкова прадказваў вынікі матчаў Еўра 2012. Відавочна, істоты накшталт Паўля надзелены нейкімі невядомымі навуцы магнетычных здольнасцямі, якія дазваляюць ім бачыць сапраўдны патэнцыял прэтэндэнтаў.


Праймерыз або нацыянальны кангрэс ці народны рэферэндум (назва мерапрыемства не так важная) бачыцца БПЗ як заплыў кандыдатаў у невялікім басейне з змешчаным туды васьміногам. Дакрананнем свайго шчупальца Octopus vulgaris ператворыць аднаго з плыўцоў ў лідэра дэмакратычнага руху.
Дадатковымі бонусамі такога фармату абрання «Адзінага» з’яўляецца празрыстасць выбару і дэманстрацыя палітыкамі цікавасці да праблем марской фауны.
БПЗ выказвае надзею, што нашы прапановы будуць улічаныя лідэрамі вядучых апазіцыйных блокаў і, як мінімум, будуць спрыяць пераадоленню канфліктаў ўнутры дэмакратычнага сегмента.
belgreens.org