Вызначаныя дзесяць базавых пытанняў для «Народнага рэферэндуму»
З іх зараз неабходна сфармуляваць пяць выніковых пытанняў, якія прадстаўнікі апазіцыі маюць намер вынесці на ўсенароднае галасаванне, паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 31 кастрычніка падчас анлайн-канферэнцыі на сайце naviny.by.
Спіс, паводле яго слоў, складзены па выніках паездак прадстаўнікоў кампаніі па рэгіёнах, зносін з экспертамі, журналістамі і простымі людзьмі.
Пры адборы пытанняў палітыкі кіраваліся шэрагам крытэрыяў. «Па-першае, — растлумачыў Янукевіч, — пытанне павінна датычыцца агульнанацыянальных праблем.
Па-другое, станоўчы адказ на кожнае з пытанняў павінен быў весці да сістэмных змяненняў у краіне, закранаць праблемы, якія нельга вырашыць, не змяняючы палітычную сістэму краіны. Па-трэцяе,
пытанні не павінны дзяліць беларускае грамадства. Мы стараемся працаваць над тымі тэмамі, па якіх у Беларусі ёсць нацыянальны кансэнсус».
Базавыя пытанні, падрыхтаваныя лідарамі «Народнага рэферэндуму», сфармуляваныя наступным чынам:
2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканаўчай улады ўсіх узроўні павінны абірацца прамым тайным галасаваннем і мець паўнамоцтвы па фарміраванні і распараджэнні бюджэтам гэтай тэрытарыяльнай адзінкі?
3. Ці згодныя вы, што ўрад Беларусі павінен зрабіць усё неабходнае, каб падпісаць пагадненне з ЕС аб зоне свабоднага гандлю?
4. Ці згодныя вы, што неабходна ўнесці ў Выбарчы кодэкс палажэнне аб тым, што асоба, якая займала пасаду прэзідэнта два тэрміны, не можа быць зарэгістраваная кандыдатам у прэзідэнты?
5. Ці згодныя вы, што ўрад павінен прыняць неабходныя меры для стварэння адмысловых ільготных умоў вядзення бізнесу для беларусаў, у тым ліку прыняць закон аб малым і сярэднім бізнесе?
6. Ці згодныя вы, што неабходна заканадаўча замацаваць, што расходы як на адукацыю, так і на ахову здароўя не могуць быць меншымі за 8% ад ВУП?
7. Ці згодныя вы, што ў Беларусі не павінна быць замежных ваенных баз?
8. Ці згодныя вы, што ўсе праграмы і інстытуты, якія фінансуюцца бюджэтнымі грашыма, павінны даваць дэталёвую і публічную справаздачу пра даходы і расходы, акрамя выпадкаў, якія ахоўваюцца заканадаўствам пра ваенную і дзяржаўную тайну?
9. Ці згодныя вы, што рашэнні, якія карэнным чынам уплываюць на лёс і будучыню краіны ці асобнага рэгіёну (у тым ліку кітайскі парк і АЭС, ваенныя базы), павінны прымацца праз правядзенне рэферэндуму адпаведнага ўзроўню?
10. Ці згодныя вы ўнесці змяненні ў Выбарчы кодэкс, каб кандыдаты на выбарах любога ўзроўню мелі права накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўню адпаведных акруг з правам вырашальнага голасу.
Як адзначыў намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, змены ў фармулёўках могуць быць значнымі. «Фактычна цяпер мы вызначылі базавыя тэмы, пра якія
гаварылі людзі», — растлумачыў палітык.
Для далейшага ўдакладнення фармулёвак выніковых пытанняў плануецца другі тур паездак лідараў «Народнага рэферэндуму» па рэгіёнах, а таксама кансультацыі з «беларускімі
фабрыкамі думкі», паведаміў Дзмітрыеў.
«Мы кансультуемся з BISS, фондам Ільва Сапегі, збіраемся ісці да Ліберальнага клуба, размаўляем з BIPART і індывідуальна — з экспертамі ад НДА. Бліжэйшым часам мы накіруем
спецыяльныя звароты да ўсіх беларускіх фабрыкаў думкі з просьбай падкарэктаваць фармулёўкі нашых пытанняў ці прапанаваць свае», — расказаў намеснік кіраўніка «Гавары
праўду!».
Дзмітрыеў заклікаў не канцэнтравацца на тактычных пытаннях арганізацыі рэферэндуму: «Мы зробім усё, каб большасць у Беларусі лічыла неабходным прайсці гэты рэферэндум як працэдуру. Калі
чагосьці хоча большасць у краіне, улада або гэта выконвае, або, калі адмаўляецца, гэта будзе каштаваць самой уладзе».
На думку палітыка, правесці рэферэндум неабходна ў любым выпадку, нават калі да ўлады ў 2015 годзе прыйдзе іншы чалавек.
Нагадаем, кампанія «Народны рэферэндум» ініцыяваная рухам «За Свабоду», грамадзянскай ініцыятывай «Гавары праўду!» і Партыяй БНФ у маі
гэтага года. Пазней да іх далучылася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і аргкамітэт Партыі свабоды і прагрэсу.
belapan.by