Віталь Шкляраў: Чаму Украіне варта прызнаць Ціханоўскую прэзідэнтам новай Беларусі
Беларускі і амерыканскі палітычны кансультант, экс-палітвязень, які ў 2020 годзе быў затрыманы і тры месяцы правёў за кратамі, Віталь Шкляраў апублікаваў на сайце выдання «Украінская праўда» аўтарскую калонку пра прэтэнзіі розных украінскіх палітыкаў да Святланы Ціханоўскай.
Украіна і Беларусь — краіны, аб'яднаныя агульнай бядой. Імя ёй — расійскі імперыялізм, цяпер персаніфікаваны ў асобе Пуціна. Перамога Украіны ў вайне супраць яго непазбежная, але кошт, які плацяць украінцы за перамогу, расце з кожным днём, і плацяць яны ў чалавечых жыццях. Кожны дзень.
Здавалася б, сама прырода зла, з якім нам усім давялося сутыкнуцца, робіць Украіну і Беларусь натуральнымі хаўруснікамі: Украіна акупаваная Расіяй часткова, а Беларусь — цалкам, хай пакуль што не наўпрост, а пад прыгнётам двудушнага пракуратара Лукашэнкі. Вызвалі адну — і вызваленне другой наблізіцца адразу, велізарным скокам.
Але не ўсё так проста.
10 кастрычніка абраны прэзідэнт Беларусі Святлана Ціханоўская наўпрост звярнулася да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і ўсяго ўкраінскага народа: давайце ўсталюем афіцыйныя дыпламатычныя і палітычныя адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі, каб весці вайну супраць агрэсара разам, узгоднена і да канца. Такое аб'яднанне ўзмацніла б беларускую апазіцыю, аслабіла рэжым Лукашэнкі і ў канчатковым выніку аказала б падтрымку УСУ на полі бою.
Прамога адказу ад украінскай улады мы не пачулі. Магчыма, дыпламатыі патрабуецца час. Напэўна. Але дыскусія ў грамадстве ўжо пачалася.
Украінскія палітычныя дзеячы падзяліліся на два лагеры: адны даўно лічаць, што Ціханоўская справу кажа і трэба рабіць стаўку на яе, бо яна рэальна абраная сваім народам; іншыя мяркуюць, што Ціханоўская даверу не заслугоўвае.
На наступны ж дзень пасля звароту Святланы Георгіеўны, 11 кастрычніка, у эфіры ў Марка Фейгіна выступіў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. Ён назваў Святлану Ціханоўскую «законна абраным прэзідэнтам», заявіў, што «беларускі народ узяты ў закладнікі», і прызнаў, што «ўкраінцы дапусцілі шэраг сур'ёзных памылак у дачыненні да Беларусі, якія яшчэ не позна выправіць».
Але ўжо 12 кастрычніка народны дэпутат ад «Слугі Народа» Багдан Яроменка абрынуўся на Святлану Ціханоўскую з крытыкай: «Падчас прэзідэнцкай кампаніі і пасля яе Ціханоўская дапусціла столькі памылак, што дазволіла паставіць пад сумнеў наяўнасць у яе ўстойлівых палітычных поглядаў і лідарскіх якасцей. У яе асяроддзі ёсць зусім выпадковыя асобы, а таксама людзі, у дачыненні да якіх можа праявіцца неспакой украінскіх і не толькі спецслужбаў».
Яроменка пахваліў стратэгію ўкраінскіх улад «пазбягаць кантактаў і ўважліва назіраць», пры гэтым заявіўшы, што «намаганні групы Ціханоўскай робяць уражанне палітычнага турызму». А супрацоўніцтва, на думку Яроменкі, трэба наладжваць з прадстаўнікамі палка Кастуся Каліноўскага, якія якраз нядаўна абралі свой Сойм.
Украінскі журналіст Юрый Раманенка выказаўся яшчэ больш недвухсэнсоўна: «Ціханоўская будзе выкарыстоўвацца менавіта ў фармаце realpolitik. Больш яе нічога не цікавіць. Ставіць на яе як на лідара смешна. Лідарам будзе вайсковец з Беларусі, якога мы прывядзём да ўлады».
У той жа час рэдактар украінскага выдання «Еўрапейская праўда» Юрый Панчанка перасцерагае палітыкаў ад такога падыходу: «У Украіны шмат заўваг да заяў Святланы Ціханоўскай, і наогул яна — чалавек, які выпадкова трапіў у палітыку. У той час як полк імя Каліноўскага — гэта мужныя людзі, якія дапамагаюць абараніць украінскую незалежнасць і маюць павагу як ва Украіне, так і ў Беларусі. Праўда, варта ўдакладніць, што прэтэнзіі да заяў Ціханоўскай датычацца перыяду, калі яна рабіла першыя крокі ў палітыцы, тады як яе заявы апошняга часу — толькі праўкраінскія».
Таксама Юрый Панчанка адзначае, што Ціханоўская застаецца «безумоўным лідарам беларускай апазіцыі, таму што ніводзін іншы палітык не мае такога ўзроўню легітымнасці, як яна, бо на выбарах 2020 года яна альбо выйграла, альбо, прынамсі, прайшла ў другі тур», таму «варта ўстрымлівацца ад крокаў, якія будуць выглядаць як навязванне суседняму народу сваіх рашэнняў», відавочна маючы на ўвазе стварэнне альтэрнатыўнага цэнтра прыцягнення для беларускай апазіцыі.
Далей Панчанка агучвае лагічныя пытанні да ўкраінскіх улад: выразна артыкуляваць, чаго менавіта яны чакаюць ад беларускай апазіцыі; якія заявы або гарантыі ім патрэбныя для пачатку перамоўнага працэсу?
Нешта падобнае на «спіс прэтэнзій» нарэшце выказаў і яшчэ адзін дэпутат ад «Слугі Народа», Аляксандр Меражко (які таксама прапануе лічыць легітымнай уладай Беларусі не Ціханоўскую, а полк Каліноўскага).
Меражко заявіў, што Украіна не прызнае Аб'яднаны пераходны кабінет Ціханоўскай, таму што сумняваецца ў яе палітычнай пазіцыі: «Пазіцыя Ціханоўскай адносна Расіі і Пуціна не з'яўляецца дастаткова выразнай. Яна нібы баіцца называць рэчы сваімі імёнамі.
Напрыклад, дакладна сказаць, што Расія з'яўляецца дзяржавай-тэрарыстам, агрэсарам і ворагам беларускага народа. Акрамя таго, у яе асяроддзі знаходзіцца некалькі сумніўных людзей. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменне ва Украіне».
Ну што ж! Давайце я паспрабую адказаць на канкрэтныя прэтэнзіі дэпутатаў. Што тычыцца «сумніўных людзей у асяроддзі», зрабіць гэта складана, пакуль канкрэтныя людзі не названыя. Таму пакуль разбяромся з тым, як Святлана Ціханоўская выказваецца пра Украіну, Расію і Пуціна.
1 красавіка 2021-га, амаль за год да вайны, Святлана Ціханоўская выразна і ясна заявіла: «Крым — украінскі».
Улетку 2021 года падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская ўшанавала памяць ахвяр Галадамору ва Украіне: «Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэта не паўтарылася».
Твіт Ціханоўскай ад 24 лютага 2022 года, у дзень пачатку поўнамаштабнага ўварвання: «Гадзіну таму Расія пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі пачала беспадстаўную і бессаромную вайсковую агрэсію супраць Украіны. Рэжым ператварыў нашу краіну ў агрэсара. Але беларусы не хочуць вайны. <Свабодная> Беларусь рашуча асуджае гэты крок і падтрымлівае Украіну».
А вось фрагмент пашыранай заявы Святланы Ціханоўскай у той злашчасны дзень: «Гэта больш не ўнутраны палітычны крызіс. Гэта вайна, у якой Беларусь аказалася ўдзельніцай, хоць мы ўсе былі супраць. < ... > Дарагія ўкраінцы, ад імя нашай краіны я выказваю вам салідарнасць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны адыгрывае ў гэтай вайне. І мы гатовыя рабіць усё, што спатрэбіцца, каб спыніць агрэсараў і гэтую катастрофу. Жыве Беларусь. І Слава Украіне».
25 лютага 2022 года Святлана Ціханоўская звярнулася да жанчын Расіі і Беларусі: «Ва Украіне жанчыны зараз хаваюць сваіх дзяцей у падвалах ад вашых мужоў і сыноў і ўздрыгваюць ад снарадаў, якія запушчаны вашымі мужамі і сынамі. Хіба мы можам глядзець у вочы нашым ваеннаабавязаным мужам, братам, сынам, не знаходзячы ніводнай прычыны апраўдаць тое, на што іх штурхаюць? І галоўнае пытанне: хіба мы зрабілі дастаткова, каб гэта спыніць?»
1 сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская абвясціла Маніфест антываеннага руху: «Супрацьстаянне вайне ва Украіне і барацьба за дэмакратыю — гэта цяпер дзве мэты аднаго вялікага руху. Я абвяшчаю антываенную мабілізацыю. Усе вашы дзеянні павінны прывесці да двух вынікаў: беларусаў перастаюць успрымаць як агрэсараў і беларускія вайскоўцы адмаўляюцца ўдзельнічаць у вайне ці адразу пераходзяць на бок украінцаў. < Трэба> рабіць усё, каб перашкаджаць рэжыму ваяваць, фарміраваць беларускі корпус з добраахвотнікаў, якія гатовы абараняць украінскія гарады, быць медыкамі або лагістамі на баку Украіны».
3 сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская звярнулася да народа і прэзідэнта Украіны, запускаючы антываенны рух: «Беларусы не проста супраць вайны — мы на баку Украіны ў абароне ад спробы акупацыі Крамлём. Беларусы разумеюць, што гэта не спецаперацыя, што гэта Уладзімір Пуцін прыняў рашэнне бамбіць мірнае насельніцтва. І беларусы супраць гэтага».
Твіт Ціханоўскай ад 4 сакавіка 2022 года: «Народ Беларусі — гэта саюзнікі ўкраінцаў. Мы супраціўляемся дзеянням рэжыму Лукашэнкі і не хочам станавіцца саўдзельнікамі гуманітарнай катастрофы, якая разгортваецца ва Украіне. Цяпер крытычна важна выступіць аб'яднана ў падтрымку народа Украіны супраць атакі Крамля і дзейнічаць рашуча».
8 сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская зрабіла заяву ў сувязі з Міжнародным жаночым днём: «Сёння ў мяне няма святочнага настрою. Як няма яго і ў сотняў жанчын у беларускіх турмах. Як няма яго ў маці, якія ў розных гарадах Украіны спяваюць дзеткам калыханкі ў бамбасховішчах. Як няма яго ў тых жанчын, якія пайшлі на фронт дапамагаць мужчынам».
11 сакавіка 2022 года ў інтэрв'ю BBC: «Лёс Беларусі моцна звязаны з лёсам Украіны. Ад зыходу вайны залежыць тое, наколькі доўга мой муж будзе працягваць сядзець у турме. Наколькі доўга тысячы нявінных людзей будуць працягваць сядзець у турме. Наша задача зараз — дапамагчы ўкраінскаму народу. І мы верым, што, робячы гэта, мы будзем на баку міру».
16 сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў: «Спыняйце ўсё, што рэжым выкарыстоўвае для дапамогі Крамлю ў вайне. Калі вы гатовыя, далучайцеся да добраахвотніцкіх карпусоў беларусаў на баку Украіны. Дапамагайце вывозіць украінскіх бежанцаў. Займайцеся гуманітарнай дапамогай. < Ваенным>: вы давалі прысягу абараняць краіну. Сёння абараніць краіну — гэта скласці зброю і не ваяваць супраць Украіны».
22 сакавіка 2022 года, зварот Святланы Ціханоўскай у сувязі з пагрозай далучэння войскаў Беларусі да ўварвання: «Аляксандр Лукашэнка ўжо здзейсніў дзяржаўную здраду, аддаўшы тэрыторыі Беларусі для расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэтая агрэсія супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і з'яўляецца злачынствам. А таксама прама супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ён і ўсе службовыя асобы, якія садзейнічаюць агрэсіі, немінуча паўстануць перад судом і панясуць пакаранне за дзяржаўную здраду, а ў выпадку ўварвання ва Украіну — і за ваенныя злачынствы. Усе, хто аддасць загад аб уварванні войскаў Беларусі ва Украіну, незалежна ад пасады і воінскага звання, паўстануць перад трыбуналам. Усе, хто выканае гэты заведама злачынны загад, будуць адказваць перад законам. Вайскоўцы і любыя службовыя асобы, якія адмовіліся выконваць злачынныя загады, вызваляюцца ад адказнасці за невыкананне такіх загадаў. Вайскоўцы, службовыя асобы і грамадзяне Беларусі, якія любымі даступнымі спосабамі прадухілілі выкананне злачынных загадаў, вызваляюцца ад адказнасці. Вайскоўцы, якія пакінулі поле бою або здаліся ў палон Украіне, вызваляюцца ад адказнасці».
Таксама 22 сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская выступае ў Літве на форуме Каліноўскага: «Рускі тыран зноў спрабуе забіць цэлы народ, украінцаў — народ, які абраў свабоду і суверэнітэт. Мы, беларусы, як ніхто разумеем: лёсы Украіны і Беларусі цяпер ўзаемазвязаны. Калі Украіна падзе, для Беларусі не будзе іншай будучыні, акрамя рабства ўнутры Расійскай імперыі. Для нас важна, каб украінцы і ўвесь свет ведалі: мы на баку Украіны, нягледзячы на тое, што наша краіна знаходзіцца пад акупацыяй».
25 сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская перадала гуманітарную дапамогу ў Беларускі каардынацыйны хаб «ПОБАЧ» у Варшаве і зноў заявіла: «Беларускія вайскоўцы не хочуць ваяваць супраць брацкіх украінцаў, і калі іх адправяць ва Украіну, яны павінны здавацца і пераходзіць на ўкраінскі бок».
9 красавіка 2022 года Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю Алесі Бацман: «Пуцін — агрэсар, дыктатар, які гатовы дзеля сваіх амбіцый акупаваць чужыя краіны, бамбіць дзіцячыя сады, выпальваць на целах людзей надпісы і сціраць у пыл цэлыя гарады. Магчыма, ён хацеў увайсці ў падручнікі вялікім заваёўнікам, але ён застанецца там як забойца, і я вельмі спадзяюся, што на старонцы з яго фатаграфіяй будуць фатаграфіі Бучы, Марыупаля, Барадзянкі — як вынікаў яго кіравання. Цяпер для нас задача №1 — гэта дапамагчы Украіне атрымаць перамогу і дабіцца вываду расійскіх войскаў з нашай краіны таксама. Тое, што войска Беларусі не ўвайшло на тэрыторыю Украіны — гэта заслуга антываеннага руху і беларускага грамадства, якое робіць усё, каб гэтага не адбылося. Гэта дакладна не заслуга Лукашэнкі, які ўсяляк спрабаваў нас у гэтую вайну ўцягнуць».
24 траўня 2022 года Святлана Ціханоўская выступіла ў Сейме Літоўскай Рэспублікі: «Лукашэнка і Пуцін уцягнулі Беларусь у злачынную вайну. Яны спадзяваліся на бліцкрыг, узяць Кіеў за 3-4 дні. Але ім гэта не ўдалося дзякуючы мужнасці ўкраінскага народа. І я ганаруся, што беларусы таксама маюць дачыненне да падзей, што перашкодзілі планам расійскай арміі. Перамога Украіны патрэбная ўсім нашым народам, у тым ліку беларусам. Разам з тым будучая бяспека Украіны, Літвы і ўсяго кантынента апынецца пад пагрозай, калі не будзе вольнай і свабоднай Беларусі».
21 верасня 2022 года, заява ў сувязі з мабілізацыяй у РФ: «Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа трапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе абвяшчэння: не выконвайце злачынных загадаў. Калі вас ужо адправілі на вайну — складайце зброю, беларускае грамадства Вас падтрымае. Ніводзін беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі».
Запэўніваю вас, сябры, гэта далёка не поўны спіс. Святлана Ціханоўская паслядоўна і непахісна адстойвае бок Украіны ў вайне, безумоўна прызнае правату Украіны і злачынны характар пуцінска-расійскай і лукашэнкаўска-беларускай агрэсіі. Яна рабіла гэта шмат разоў і рабіць не перастане.
Мяркую, ёсць высокая верагоднасць таго, што калі ўкраінскія афіцыйныя асобы нарэшце выйдуць на кантакт са Святланай Ціханоўскай і паведамяць, якія менавіта пытанні выклікаюць іх асцярогу, то ўсе непаразуменні будуць зняты ў самыя кароткія тэрміны.
Сойм палка Кастуся Каліноўскага, як і сам полк — людзі безумоўна годныя і паважаныя як украінцамі, так і беларусамі, сапраўдныя героі, гонар маёй краіны. Пры гэтым, калі ўкраінская ўлада зробіць стаўку на абраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую, гэта ніяк не падарве аўтарытэт палка, не перашкодзіць яму змагацца за свабоду Украіны і не паставіць пад пытанне далейшую палітычную будучыню яго Сойма.
Таму што Святлана Ціханоўская — не дыктатар; больш за тое, сваю перадвыбарчую кампанію яна будавала на тым, каб адразу пасля заняцця пасады прэзідэнта правесці новыя выбары. Але для гэтага спачатку трэба перамагчы Расію і пазбавіцца ад Лукашэнкі. Стаўка Украіны на Ціханоўскую дапаможа наблізіцца да гэтых мэт, таму што аб'яднае беларускую апазіцыю і дасць новы штуршок да ўзмацнення барацьбы ў самой акупаванай краіне.
Так, прызнанне Ціханоўскай — гэта сімвал. Але ці не ў цяперашнія гераічныя часы сімвалы важныя як ніколі? Пакуль Пуцін важдаецца з мёртванароджанымі квазідзяржавамі «Наваросіі», мы разам маем магчымасць стварыць сапраўдную, сумленную і моцную дзяржаву — Новую Беларусь!
Паўнавартаснае прызнанне Украінай легітымнасці новай Беларусі і яе прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай запусціць механізм такога прызнання па ўсёй Еўропе і па ўсім свеце. Гэта будзе сур'ёзны і моцны крок насустрач міласэрнасці і прымірэнню, узаемадапамозе і культурнай рэінтэграцыі.
Няма сэнсу шукаць добрае там, дзе нас няма, ёсць сэнс вучыцца знаходзіць добрае там, дзе мы ёсць.