Чаму Украіна ігнаруе Ціханоўскую?
Палітолаг Вадзім Мажэйка тлумачыць, чаму ўкраінскае кіраўніцтва не хоча паразумецца са Святланай Ціханоўскай, затое спрабуе рабіць з палка Каліноўскага палітычную структуру. Зрэшты, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Belarusian Institute for Strategic Studies) лічыць, што гэта шлях тупіковы. І вось чаму.
Узаемнае непаразуменне паміж Кіевам і беларускім грамадствам працягваецца, і тут патрэбныя адкрытыя размовы. Ва ўласным тэлеграм-канале Вадзім Мажэйка каротка выкладае свае тэзісы.
Ва Украіне, у тым ліку ва ўладзе, ёсць розныя пазіцыі адносна Беларусі і беларускага грамадства, з кім і як камунікаваць. Некаторыя пазіцыі разумныя, некаторыя — наадварот. Тое, што ідуць публічныя абмеркаванні і розныя фарматы дзеянняў — гэта нармальны дэмакратычны працэс. За 30 гадоў аўтарытарызму мы прывыклі ўспрымаць уладу як нешта маналітнае, але ва Украіне гэта, дзякуй Богу, не так. Таму не варта ўспрымаць пазіцыю кожнага публіцыста або дэпутата як узгоднены погляд Зяленскага і ўсіх міністраў разам узятых.
Разуменне абцяжарвае ўзаемнае нежаданне бакоў разбірацца ва ўнутранай палітыцы адзін аднаго. Украінцы не хочуць разбірацца, хто такая Ціханоўская, чаму яна ў пачатку сваёй палітычнай кар'еры давала вельмі акуратныя ацэнкі адносна Украіны і казала нейкія добрыя словы ў адрас Пуціна. А беларусы не хочуць высвятляць, хто гэтыя ўкраінскія публіцысты і дэпутаты, якія выступаюць з дзіўнымі заявамі, чаму яны гэта робяць і як гэта звязана з унутранай украінскай палітыкай.
Украіна не бачыць, чаго такога карыснага ёй можа даць супрацоўніцтва з кабінетам або офісам Ціханоўскай: беларусы і так данацяць УСУ і ўступаюць у добраахвотніцкія фармаванні, BYS*L адпраўляе на фронт “хуткія” і пікапы, і ад умоўнай сустрэчы Зяленскага з Ціханоўскай (як і ад яе адсутнасці) усё гэта не зменіцца. Затое некаторыя ўкраінцы лічаць, што гэта можа лішні раз раззлаваць Лукашэнку. Ну а калі рызыкі ёсць, а карысці няма, то — з прагматычнага пункту гледжання — няма сэнсу і пачынаць. (Праўда, збліжэнне Кіева з палком Каліноўскага (ПК) напэўна непрыемна Лукашэнку яшчэ больш, але там Кіеў, мабыць, вышэй ацэньвае карысць ад ПК на фронце).
Ці добра, што Кіеў кіруецца ў сваёй палітыцы адносна Беларусі выключна прагматыкай, а не каштоўнасцямі — пытанне. Зрэшты, у час вайны гэта можна зразумець. Тут, вядома, узнікае маральнае пытанне, чаму Кіеў чакае, што іншыя краіны ў сваёй палітыцы адносна Украіны будуць, наадварот, кіравацца каштоўнасцямі, а не прагматыкай.
Пры гэтым вельмі сумнеўна, што прызнанне Кіевам Святланы Ціханоўскай справакуе Лукашэнку на больш актыўны ўдзел у вайне. Ён досыць цынічны і прагматычны палітык, які ў пытанні вайны не будзе кіравацца нейкімі эмацыйнымі рашэннямі. У вайсковых справах для Лукашэнкі, як і для беларускага грамадства, чырвоная мяжа — гэта ўдзел беларускіх вайскоўцаў. Таму гэтага няма і наўрад ці будзе. Але прадастаўленне любой тэрыторыі Расіі, лагістычная дапамога, рамонт расійскай тэхнікі і лячэнне расійскіх салдат — гэта Лукашэнка робіць і будзе рабіць надалей безадносна да таго, што б там ні рабіў Кіеў. Як бы Кіеў ні спрабаваў яго задобрыць, гэтага Лукашэнка не зменіць.
Ідэя мець зносіны з палком Каліноўскага не мае палітычнага сэнсу. Для любога палітычнага прадстаўніцтва патрэбна нейкая легітымнасць у сваёй краіне. Відавочна, што легітымнасць Ціханоўскай значна большая, чым у любога іншага палітычнага актара ў Беларусі. Таму, калі з кімсьці і камунікаваць, то прыйдзецца з ёю — хочаш ці не хочаш. А камунікаваць з палком Каліноўскага цалкам бессэнсоўна, бо хоць гэта і гераічныя ды смелыя хлопцы і дзяўчаты, але яны маюць нулявую палітычную вагу. Гісторыі канфлікту палка Каліноўскага з BYS*L і офісам Ціханоўскай прадэманстравалі, што полк не здольны будаваць кааліцыі і псуе стасункі там, дзе іх не трэба псаваць. Больш за тое, у палка нават няма заўважных і пазнавальных твараў, якія б былі вядомымі ў Беларусі. Нават калі ўявіць немагчымае — што полк Каліноўскага з тэрыторыі Украіны атакуе Беларусь, то да яго на радзіме будуць ставіцца насцярожана (і гэта мякка сказана).