Святлана Ціханоўская: «Што б ні было пазначана ў позвах — не выконвайце таго, што там напісана»

Святлана Ціханоўская і Аб’яднаны Пераходны Кабінет адрэагавалі на звесткі, што беларусаў запрашаюць у ваенкаматы. Па іх меркаванні, рэагаваць на гэтыя позвы не варта, бо ніколі невядома, чаго чакаць ад Лукашэнкі.

51400610779_3a9dbfa531_k_s9ons_1.jpg


У сваім звароце Святлана Ціханоўская адзначыла, што вайна Расіі з Украінай ідзе з 24 лютага. «Расія напала на Украіну, знішчаючы і акупуючы ўкраінскія гарады, забіваючы мірных жыхароў. У Расіі пачалася мабілізацыя — гэта знак, што ў Крамля не атрымалася выканаць свой жахлівы план па знішчэнні Украіны. Яны не могуць адступіць і зараз будуць ахвяраваць яшчэ большай колькасцю чалавечых жыццяў», — нагадала дэмакратычная лідарка Беларусі.

«Лукашэнка сказаў, нібыта ў Беларусі мабілізацыі не будзе. Але ўлічваючы ўсё, што ён зрабіў да гэтага, яму ўжо ніхто не верыць. І не проста так. Беларусам ужо пачалі прыходзіць позвы з так званымі «мабілізацыйнымі прадпісаннямі». Калі вам ужо прыйшла такая, што б ні было ў ёй пазначана — вучэнні, мабілізацыя, прызыў — не выконвайце таго, што там напісана», — заклікае Ціханоўская.

«Беражыце сябе і родных. Не паддавайцеся на хлусню і маніпуляцыі. Я кажу гэта не толькі як палітык. Я жанчына, я маці. Я ведаю цану чалавечага жыцця і ведаю, як сціскаецца сэрца, калі твае любімыя людзі не ў бяспецы. Паклапаціцеся пра сябе і блізкіх. Бо мае рацыю заўсёды той, хто абараняе сваю сям'ю і дом», — дадала яна.

Прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў таксама звярнуўся да беларусаў. Ён расказаў, што рабіць з позвамі.

Па яго словах, цяпер няма дакладных звестак пра тое, што ў Беларусі праводзіцца схаваная або адкрытая мабілізацыя. Але ёсць дакладныя звесткі, што ідзе карэктаванне мабілізацыйных планаў і праводзяцца мерапрыемствы па павышэнні мабілізацыйнай гатоўнасці ўзброеных сіл.

Як адзначае Азараў, няма ніякіх гарантый, што людзі, якія прыйшлі па позвах або на зборы, не акажуцца прызванымі па мабілізацыі ў найбліжэйшы час.

«Няма ніякіх гарантый, што Лукашэнка не аддасць краіну Пуціну. Няма ніякіх гарантый, што Лукашэнка не ўступіць у вайну. Няма ніякіх гарантый, што Лукашэнка не абвесціць частковую мабілізацыю ці не пачне схаваную», — падкрэсліў ён.

«У інтарэсах беларусаў — сабатаж незаконнай мабілізацыі. Стварыце ўмовы, калі вы не зможаце атрымаць позву. Нікому не адчыняйце дзверы, не атрымлівайце пошту, не адказвайце на званкі з невядомых нумароў, не адказвайце на смс. У ідэале часова пераехаць для пражывання не па месцы рэгістрацыі. Ні ў якім разе не наведвайце ваенкамат. Рэсурсаў для пошуку і дастаўкі тых, хто ўхіляецца, у ваенкамат у рэжыму няма», — раіць Азараў.