Юрась Губарэвіч: Чым больш увагі да Беларусі, тым лепей
Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Украіны і афіцыйная дэлегацыя з Літвы сустрэліся ў Кіеве з жаўнерамі палка Каліноўскага. Падчас сустрэчы былі абмеркаваны як палітычныя, так і вайсковыя пытанні. Частка беларускай дэмакратычнай супольнасці паставілася да гэтага крытычна.
Старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч не бачыць у гэтых сустрэчах нічога страшнага. Ён упэўнены, што і для Пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, і для каліноўцаў галоўная мэта — гэта свабодная дэмакратычная Беларусь. І кожны робіць свой унёсак у гэтую справу. На гэтую тэму ён выказаўся ў размове з карэспандэнткай «Р*цыі» Алінай Андрыевіч.
— Чаму афіцыйная Украіна аддала перавагу «каліноўцам» у адносінах, а не Пераходнаму кабінету Святланы Ціханоўскай?
— Я не сказаў бы, што гэта з’яўляецца пазіцыяй афіцыйнай Украіны, бо ва Украіне ёсць свае прадстаўнікі — гэта прэзідэнт, спікер парламента, прэм’ер-міністр. І іх пазіцыю можна разглядаць як афіцыйную. А тое, што было агучана ў СМІ, то гэта бачанне пэўнай групы дэпутатаў. Вядома, Вярхоўная Рада — таксама вялікі прадстаўнічы орган, дзе сотні дэпутатаў з розных рэгіёнаў, з розных партый і розных фракцый, кожны з іх мае сваю пазіцыю. Вось адна з груп агучыла менавіта такую пазіцыю.
З іншага боку, добра, што ёсць увага да тэмы Беларусі, што полк Каліноўскага — гэта тая структура, з якой вымушаны лічыцца, што яго не ўспрымаюць выключна як нейкае падраздзяленне Узброеных сіл Украіны, але надаюць яму вагу і як пэўнаму вайсковаму аб’яднанню, і як сіле, здольнай уплываць на працэсы, якія адбываюцца зараз у Беларусі. Чым больш увагі да Беларусі, тым лепей.
Горш, калі нашу краіну ўспрымаюць толькі выключна па дзеяннях Аляксандра Лукашэнкі. Калі тыя рашэнні, якія ён прымае, саўдзел у агрэсіі адносна Украіны пераносяць на ўсё беларускае грамадства. Таму чым больш падобных кантактаў, тым лепш для беларусаў.
Я думаю, што якраз полк Каліноўскага здолеў годна данесці інфармацыю пра бягучы стан рэчаў і ўзняў тыя праблемы, якія сёння з’яўляюцца актуальнымі ў адносінах паміж Украінай і Беларуссю, маючы на ўвазе тут менавіта Беларусь як краіну, прадстаўленую сёння грамадзянамі, якія прагнуць свабоды і незалежнасці.
— Ці лічыце, што нападкі на Святлану Ціханоўскую з боку «пазнякоўцаў», з боку Міхаіла Падаляка, украінскага дарадцы Офіса прэзідэнта, Наталлі Радзінай не адпавядаюць сапраўднасці? Як вы ставіцеся да гэтай крытыкі: яна канструктыўная, неканструктыўная, яна негатыўна адбіваецца на працэсе барацьбы за свабоду Беларусі і г.д.?
— Напэўна, я не ўсё адсочваю, таму цяжка сказаць пра дзеянні некаторых згаданых тут персон, хоць у цэлым можна канстатаваць, што ёсць пэўная хваля крытыкі і гэтая крытыка часта неабгрунтаваная.
З боку тых, хто нападае, не вядзецца размова пра прапанову нейкіх альтэрнатыўных дзеянняў ці таго, што можна зрабіць, каб змяніць сітуацыю. Аспрэчваецца сам статус Святланы Ціханоўскай як лідара дэмакратычнай Беларусі.
Мне падаецца, што грамадзяне нашай краіны ў 2020 годзе зрабілі відавочны выбар на карысць перамен, і Святлана Ціханоўская тут якраз-такі з’яўляецца тварам гэтых перамен. Будзе іншая асоба — будзем казаць, што ёсць іншая асоба.
Тыя, хто крытыкуюць, наўрад ці будуць здольныя заняць падобныя пазіцыі, якія на сёння мае Святлана Ціханоўская. Гэта ўплывовая асоба, якая можа годна прадстаўляць інтарэсы беларусаў на міжнароднай арэне і якая дзейнічае на карысць беларусаў.
Калі казаць пра нейкія памылкі Офіса альбо штаба, тут таксама асабліва крытычнага нічога не прыйдзе ў галаву. Бо сітуацыя складаная, і прадпрымаць нейкія дзеянні, якія маглі б весці да хуткага, эфектыўнага выніку, на сёння няздольны ніхто.