Валеры Карбалевіч: Лукашэнка баіцца выбараў, таму фактычна іх адмяняе
Лукашэнка баіцца выбараў. Прычым любых. Траўма, атрыманая падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, аказалася вельмі глыбокай. Таму ён асьцерагаецца выбараў увогуле — як зьявы, як інстытуцыі. І робіць усё магчымае, каб выбару ў беларускага народу не было, піша ў аўтарскай калонцы на «Св*бодзе» палітолаг Валеры Карбалевіч.
Пра
засьцярогі Лукашэнкі сьведчыць найперш тое, што ўсе выбары (парлямэнту,
мясцовых саветаў, «Усебеларускага народнага сходу») адкладзены альбо перанесены
ім на 2024 год. Тры з паловай гады бяз выбараў. Такога працяглага бязвыбарнага
пэрыяду ў Беларусі часоў Лукашэнкі яшчэ не было.
Таму
Лукашэнка і кажа, што «гэта будзе самая маштабная кампанія», прайсьці яна
павінна «паводле новых правілаў». Чаму «маштабная», зразумела: адразу тры
кампаніі плянуецца ўціснуць у кароткі прамежак часу. А вось што значыць
«паводле новых правілаў»? Рызыкну выказаць здагадку, што маецца на ўвазе — без
удзелу апазыцыі. Як было ў савецкія часы.
Другая
прыкмета страху Лукашэнкі перад выбарчай кампаніяй праяўляецца ў ягоных
разважаньнях, што варта было б не праводзіць усенародных прэзыдэнцкіх выбараў
увогуле, а выбраць прэзыдэнта на «Усебеларускім народным сходзе» (УНС). На
кітайскі ўзор.
24
кастрычніка былі надрукаваныя праекты закону аб УНС і аб зьменах у Выбарчым
кодэксе. Нібыта для грамадзкага абмеркаваньня. Якое мяркуецца праводзіць з 24
кастрычніка да 2 лістапада. То-бок усяго 10 дзён. Для імітацыі — дастаткова.
Што тычыцца
законапраекту аб УНС. Функцыі гэтага органу перапісаны з новай Канстытуцыі. УНС
можа прыняць да разгляду фактычна любое пытаньне ўнутранай і вонкавай палітыкі.
Прычым можа прыняць, а можа і не. Як захоча. Гэта такі паралельны орган улады,
закліканы стаць страховачным мэханізмам на выпадак, калі Лукашэнка ўсё ж
рашыцца пакінуць пасаду прэзыдэнта.
Важная
асаблівасьць УНС палягае ў тым, што ён фарміруецца бяз выбараў. Калі іншыя
інстытуты ўлады (прэзыдэнт, Палата прадстаўнікоў) няхай фармальна, але ж
выбіраюцца, то УНС, які прэтэндуе на статус найвышэйшага органу дзяржаўнага
кіраваньня, нявыбарны. Траціну дэлегатаў сходу складуць вышэйшыя чыноўнікі,
траціну — дэпутаты Нацыянальнага сходу і мясцовых саветаў, траціну —
прадстаўнікі «грамадзянскай супольнасьці».
Што тычыцца
апошняй катэгорыі дэлегатаў, то відавочна, што гэта будуць сябры арганізацый,
створаных уладай ці падкантрольныя ўладзе: ФПБ, БРСМ, «Белая Русь» ды іншых.
Рэальныя структуры грамадзянскай супольнасьці былі зьліквідаваныя праз суды за
апошнія два гады. Сьпіс суб’ектаў грамадзянскай супольнасьці, якія маюць права
выбіраць дэлегатаў, вызначае Міністэрства юстыцыі. То-бок дэ-факта менавіта
гэтае міністэрства і будзе насамрэч выбіраць дэлегатаў УНС ад грамадзкіх
арганізацый.
Раней
падчас правядзеньня УНС улады хоць бы імітавалі выбары дэлегатаў. Па БТ
паказвалі сходы на прадпрыемствах, дзе нібыта абмяркоўваліся кандыдатуры; потым
рабілі выгляд, што за іх галасавалі. А цяпер вырашылі адмовіцца і ад імітацыі.
Мэханізмы зваротнай сувязі з грамадзтвам адкідаюцца канчаткова. Кіраваць
дзяржавай цяпер будуць без удзелу народу. Ад слова «зусім».
Яшчэ адна
важная акалічнасьць. На першым пасяджэньні УНС дэлегаты павінны будуць выбраць
старшыню сходу на ўвесь тэрмін паўнамоцтваў, гэта значыць на пяць гадоў. Прычым
першым пунктам ягоныя паўнамоцтвы акрэсьленыя вельмі цікава: ён будзе
ажыцьцяўляць агульнае кіраўніцтва сходам. Не арганізоўваць працу, выкананьне
рашэньняў УНС, а менавіта «ажыцьцяўляць агульнае кіраўніцтва». Як выканаўчым
органам. Вельмі лёгка здагадацца прозьвішча гэтага старшыні. Бо менавіта для
самога сябе ён і стварыў гэтую экзатычную структуру.
Калі
гаварыць пра навацыі ў Выбарчым кодэксе, то варта зьвярнуць увагу, што
адмяняецца парог яўкі падчас выбараў Палаты прадстаўнікоў. Чаму гэта зроблена?
Можна меркаваць, што цікавасьць да выбараў рэзка ўпадзе, нацягваць яўку будзе
ўсё складаней. Дык прасьцей увогуле адмяніць мінімальны парог: колькі людзей
прыйдзе на ўчасткі, столькі і добра. Нават калі прагаласуюць толькі чальцы
выбарчых камісій, то ўсё роўна можна будзе канстатаваць, што выбары адбыліся.
Цалкам
зразумела, чаму цяпер ня будуць стварацца ўчасткі для галасаваньня за мяжой. Бо
масавая палітычная эміграцыя стварае вельмі неспрыяльны для ўладаў выбарчы фон.
Зьвярнуў бы
ўвагу і на зьмены ў артыкуле 57. Цяпер на пасаду прэзыдэнта можа балятавацца
грамадзянін, не маладзейшы за 40 гадоў (раней было 35 гадоў). Значыць, ня спраўдзіліся
распаўсюджаныя на некаторых форумах меркаваньні, што Лукашэнка рыхтуе на сваю
пасаду сына Колю.
І яшчэ. У
гэтым артыкуле запісана, што прэзыдэнтам можа стаць грамадзянін, які пастаянна
пражывае ў Рэспубліцы Беларусь ня менш за 20 гадоў непасрэдна перад выбарамі і
які ня меў віду на жыхарства іншай дзяржавы або іншага дакумэнту замежнай
дзяржавы, які дае права на льготы (маецца на ўвазе «карта паляка»). Такім
чынам, ад удзелу ў выбарах адсякаюцца ўсе лідары цяперашняй палітычнай
эміграцыі.
Канкурэнтаў
прыбіраюць задоўга да саміх выбараў.