Віктару Бабарыку падоўжылі ўтрыманне пад вартай да снежня

Адвакаты Віктара Бабарыка абскардзілі чарговае падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай па 18 снежня. Дата судовага пасяджэння па скарзе абароны пакуль невядомая. Пра гэта паведаміў TUT.BY адвакат Дзмітрый Лаеўскі.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Законных падстаў для таго, каб утрымліваць Віктара Бабарыку пад вартай не было ні ў чэрвені, ні цяпер, адзначае Дзмітрый Лаеўскі.   

Абарона настойвае: ніякіх канкрэтных абставінаў, якімі б тлумачылася неабходнасць прымянення да Віктара Бабарыкі хоць нейкай меры стрымання, у пастановах пазначана не было і не было паведамлена ў судах. Хоць закон абавязвае такія канкрэтныя абставіны назваць.

Тут важна адзначыць, — засяроджвае ўвагу адвакат, — пастановы следчага не з'яўляюцца доказамі. Таму колькі б пастаноў ні было вынесена, гэты ніяк не з'яўляецца даказваннем. Доказы — гэта паказанні, экспертызы, рэчдокі і іншыя крыніцы звестак аб фактах, але нічога падобнага па пытанні меры стрымання мы ў гэтай справе не назіраем.

Акрамя таго, па законе пры падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай орган крымінальнага пераследу павінен абгрунтаваць немагчымасць або недастатковасць прымянення іншых мер стрымання.

Абарона падкрэслівае, што затрыманне Віктара Бабарыкі і змяшчэнне яго пад варту з'яўляецца незаконным і неабгрунтаваным, а з пункту гледжання Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — адвольным.

У сувязі з гэтым адвакаты просяць суд паступіць у адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права і адмяніць змяшчэнне пад варту.

— Што тычыцца ўмоў, то трэба сказаць, што Віктар Дзмітрыевіч знаходзіцца ў вельмі няпростай абстаноўцы. Але ён трымаецца мужна і, нягледзячы ні на што, настроены змагацца, таму што няма такіх абставінаў, за якія яму б варта было адчуваць віну. Ён перакананы ў правільнасці сваіх рашэнняў, адчувае падтрымку людзей і адчувае пачуццё нацыянальнага гонару за беларусаў, — распавёў Дзмітрый Лаеўскі.

Паводле tut.by