Уладзімір Роўда: Крэмль ведаў пра сілавы сцэнар

Рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза на пасяджэнні ў Брусэлі 31 студзеня прыняла палітычнае рашэнне наконт рэакцыі ЕС на сітуацыю ў Беларусі. Палітвязні, санкцыі, гандаль — ланцужок знаёмы. Затрыманых 19 снежня 2010 года пачалі выпускаць пад падпіску аб нявыездзе ці хатні арышт. Ці сапраўды Еўропа напалохала беларускі рэжым санкцыямі? Журналіст «НЧ» Вольга Хвоін размаўляе з палітолагам Уладзімірам РОЎДАМ.



c12d1f7cc7c4b41a125b5752d1238b03.JPG

Рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза на пасяджэнні ў Брусэлі 31 студзеня прыняла палітычнае рашэнне наконт рэакцыі ЕС на сітуацыю ў Беларусі. Палітвязні, санкцыі, гандаль — ланцужок знаёмы. Затрыманых 19 снежня 2010 года пачалі выпускаць пад падпіску аб нявыездзе ці хатні арышт. Ці сапраўды Еўропа напалохала беларускі рэжым санкцыямі? Журналіст «НЧ» Вольга Хвоін размаўляе з палітолагам Уладзімірам РОЎДАМ.
— Ці можна лічыць, што апазіцыя, міжнародная супольнасць усё ж дамагліся саступак з боку Лукашэнкі?
— Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. Мусяць быць спыненыя крымінальныя справы, трэба адмовіцца ад спробы прыцягнуць палітыкаў да адказнасці па артыкулу аб арганізацыі масавых беспарадкаў, за што ім пагражае ад пяці да пятнаццаці гадоў турмы. Падпіска аб нявыездзе нічым не адрозніваецца ад таго, калі людзі знаходзяцца ў камеры. Я не называю гэта саступкамі, бо тое — псеўдасаступкі, звязаныя з тым, што 31 студзеня гэтае пытанне разглядалася ў Брусэлі, збіралася Рада міністраў замежных спраў краін ЕС і прымалася канчатковае рашэнне аб санкцыях. Лукашэнка хацеў залагодзіць еўрапейскую публіку.
Нядаўняе з’яўленне Макея ў Літве, думаю, таксама звязана з гэтымі падзеямі. Да таго ж пазіцыя Літвы адрозніваецца ад пазіцый іншых краін Еўрасаюза. Кіраўніцтва Літвы зацікаўленае ў працягу супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь, нават з тым рэжымам, які трымае палітвязняў, яны хацелі б весці перамовы. Літва вельмі зацікаўленая, каб былі рэалізаваныя літоўска-беларускія праекты, звязаныя з цэлым шэрагам галінаў. Напрыклад, пастаўка нафты праз клайпедскі порт.
— Апазіцыя паверыла ў намеры лібералізаваць палітычную сістэму. Весціся на гульню Лукашэнкі — крытычная памылка?
— Не ўся апазіцыя павялася. Тыя, хто павёўся, — рух «За свабоду» і Аляксандр Мілінкевіч, які ў Брусэлі дакладваў, што ў нас ідзе лібералізацыя, што нават у кепскіх умовах мы мусім падштурхоўваць рэжым у бок рэформаў і што гэта магчыма зрабіць. Фактычна ён падманваў чыноўнікаў Еўрасаюза. Бо тады выпусцілі Казуліна, парачку моладзевых актывістаў, зарэгістравалі рух «За свабоду», на гэтым лібералізацыя скончылася. Калі казаць пра іншых, хто павёўся на новы вобраз беларускага рэжыму, — партыя БНФ, яе новае кіраўніцтва. Там цяпер увогуле адбываецца поўная дэградацыя, партыя згубіла шмат пазітыўных якасцяў. Яшчэ ў ліку аматараў лібералізацыі аказаўся палітык Алесь Міхалевіч. Ён цяпер знаходзіцца ў турме і можа паглядзець бліжэй на твар лібералізацыі.
Улады хацелі, каб беларуская апазіцыя гуляла ў так званы плюралізм. Каб было як мага больш кандыдатаў. Я ўпэўнены, што ніхто з іх, апроч Някляева і Саннікава, подпісы не сабраў, бо каманды папросту не былі гатовыя. Гэта гульня на Еўропу, еўрапейскіх палітыкаў — глядзіце, які ў нас каласальны прагрэс, палітычны плюралізм! Лукашэнка разумеў, што за тры месяцы змяніць сітуацыю немагчыма. Гэтая гульня ў плюралізм была яму на карысць — паказаць для Еўропы спектакль, ён не збіраўся лічыць галасы і, канешне, спадзяваўся, што на гэтых выбарах набярэ, думаю, каля 80 працэнтаў. Лукашэнка лічыць сябе вельмі папулярным, а тое, што адбылося, што паказваюць сацыёлагі, — для яго катастрофа. Хто вінаваты ў такой сітуацыі? Не Лукашэнка ж, а «праклятыя апазіцыянеры, якія зрабілі змову з палякамі і немцамі». І сілавыя структуры зразумелі, што яны наверсе, мусілі гуляць гэтую карту. Іншых варыянтаў не было, Еўропа ўсё адно не прызнала б гэтых выбараў.
— Як бы вы спрагназавалі палітычную будучыню Яраслава Раманчука, Андрэя Дзмітрыева, якія выступілі з заявамі, што дыскрэдытуюць іх паплечнікаў, выглядаюць здрадай?
— Раманчук і Дзмітрыеў — розныя постаці, і лёс іх будзе розным. Прызнанні Дзмітрыева выглядалі непераканаўча, іх можна патлумачыць ціскам. Нашы «органы» працуюць па метаду Вышынскага, які казаў, што «прызнанне — цар доказу». Думаю, Дзмітрыеў зможа вярнуцца ў апазіцыю. З Раманчуком справа іншая. Для мяне было нечакана, калі Яраслаў Раманчук зрабіўся кандыдатам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у яго была непрафесійная кампанія ў агітацыйнай частцы. Ён рабіў заявы, што за яго гатовы прагаласаваць увесь апазіцыйны электарат, а праз тры месяцы працы — будзе палова галасоў. Няўжо гэта прафесійны разлік сваіх магчымасцяў? Трэба найперш разумець, у якіх умовах ты працуеш. У дзень выбараў ён падпісвае паперу, што з іншымі кандыдатамі ўваходзіць ва «ўрад народнага выратавання». У яго былі намеры стаць прэм’ер-міністрам. Добра, што яны не спраўдзіліся, бо гэта быў бы той яшчэ хлопчык. Потым ён адмовіўся ісці на плошчу Незалежнасці, бо, маўляў, ведаў пра правакацыі. Але з той колькасцю сілавікоў правакацыі маглі б быць і на Кастрычніцкай плошчы, тым больш, там быў каток, на якім людзям сабрацца было цяжка. Сцэнар з паходам да ЦВК быў, папярэдне была вулічная акцыя з «рэпетыцыяй». І Раманчук мусіў ці ад пачатку дзейнічаць скаардынавана з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты ці, як казала Ярмошына, «варыць боршч, а не шастаць па плошчах». А заставацца на Кастрычніцкай плошчы і чакаць, пакуль АМАП пачне разганяць на лёдзе — гэта поўная параза.
— Які ваш прагноз знешнепалітычных адносінаў Беларусі на бліжэйшы час?
— У Лукашэнкі ўсё ж не вельмі вялікі выбар супрацы ў знешнепалітычных вектарах. У яго сябра Уга Чавеса цяпер не самая лепшая сітуацыя — трэба кідаць грошы на выпраўленне наступстваў прыродных катаклізмаў. Іранскі рэжым таксама губляе ўнутраную падтрымку, трапляе ў ізаляцыю, і яму трэба думаць пра сябе. Кітай — аддаленая перспектыва, і ён не прыйдзе сюды наўпрост, без расійскага дазволу, бо іх найперш цікавіць Расія. Да таго ж кітайская падтрымка абумоўленая пэўнымі пунктамі — мы будуем цэментны завод, але працаваць будуць кітайскія рабочыя. Беларусам гэта не трэба. Застаецца Расія. Больш таго, яна спрычынілася да чацвёртага тэрміну Лукашэнкі, бо перад выбарамі быў падпісаны цэлы шэраг пагадненняў, якія не надта выгодныя Беларусі. Крэмль ведаў пра сілавы сцэнар падзей 19-га снежня і даў дазвол. Такія рэчы не адбываюцца без ведама Расіі. Беларусь цяпер шукае ворагаў у Польшчы, Германіі, абсякае перспектыўныя кантакты. Гэта выгодна Расіі, бо нам застаецца варыянт ісці на паклон да Пуціна—Мядзведзева. Нават калі захаваем незалежнасць, моцна пацерпім з-за няроўных эканамічных умоў. Трэба чакаць прыватызацыю з удзелам расійскага капіталу, таму і Мясніковіч стаў прэм’ерам, бо ён добра ведае людзей, якія ў гэтым зацікаўленыя. Плюс трэба аддаваць крэдыты. І Лукашэнку было б выгодна працягваць гуляцца ў лібералізацыю, прыцягваць сюды грошы з Захаду. Думаю, гэта была ідэя Макея, але цяпер галоўны гулец не ён, а сілавікі. Маю на ўвазе найперш КДБ. Іх сцэнар быў надрукаваны ў «Советской Белорусии», на падставе гэтага сцэнару быў даклад Лукашэнкі. І вось на падставе гэтых непісьменных матэрыялаў мы будуем сваю знешнюю палітыку, у гэтым палягае жахлівасць сітуацыі.
— Ці магчыма, што праз некалькі месяцаў еўрапейскія чыноўнікі скажуць, што сістэма санкцый не працуе, і таму трэба вяртацца да дыялогу?
— Ніколі ў іх не было максімальных санкцый, згоды паміж краінамі. Іншая справа, як будуць яны гэта выконваць. Ёсць досвед такіх санкцый, адрасных, — амерыканскі досвед. Яны маглі б павучыцца ў Штатаў і разам з імі нешта зрабіць. Я не выключаю, што Еўрасаюз можа пайсці на саступкі, і Лукашэнка гэта цудоўна разумее. Да Еўропы ён ставіцца вельмі скептычна, да іх санкцый, іх адзінства. ЕС трэба было б, безумоўна, «біць» па «Белнафтахіму» разам з амерыканцамі.
— Цяпер апазіцыя засяродзілася на вызваленні палітвязняў. Але для пераважнай большасці беларусаў гэта не надта актуальна. Натуральна, трэба дамагацца вызвалення гэтых людзей, але, можа, варта было б і ў іншых кірунках працаваць?
— Палітвязні мусяць стаяць на першым месцы. Калі гаварыць пра інтарэсы грамадства і працяг паспяховых элементаў стратэгій некаторых кандыдатаў — маю на ўвазе найперш праграму Някляева, то цяпер гэта папросту няма каму рэалізоўваць. Саннікаў у турме, Някляеў пад хатнім арыштам. Апазіцыю абезгаловілі, і без вызвалення гэтых людзей наўрад ці атрымаецца рабіць нешта сур’ёзнае. Іншая справа, што Лукашэнка будзе трымаць іх да таго часу, пакуль яму не будзе выгодна адпусціць. Гэта жахлівы гандаль жывым таварам. Не выключаю, што Еўропа пачне прапаноўваць варыянты: вы выпускаеце чалавека і атрымаеце крэдыт. І Лукашэнка гэтым з задавальненнем скарыстаецца.
— Пра раскол беларускага грамадства гавораць даўно, пасля гэтых выбараў ён быццам бы павялічыўся.
— У прынцыпе, ёсць каласальны раскол каштоўнасцяў, людзі не разумеюць адзін аднаго — тое, што пераадолець вельмі складана. Вось Някляеў спрабаваў гэта зрабіць, гэта добра — не адштурхоўваць простых людзей, на іх мове гаварыць пра праблемы, пра шляхі іх вырашэння. Разрыў паміж Мінскам і рэгіёнамі вядзе да таго, што ствараецца міна запаволенага дзеяння. У рэгіёнах сітуацыя пагаршаецца. Яны выжываюць толькі таму, што ёсць магчымасць працаваць за мяжой — у Расіі і г. д. Можна было б аб’яднаць у будучым гэты пратэстны патэнцыял Мінска, з пратэстным патэнцыялам вёсак, маленькіх гарадоў. Але ён пакуль не артыкуляваны. Думаю, сацыяльнага выбуху давядзецца чакаць не доўга. Беларусы вельмі адгукаюцца менавіта на сацыяльна-эканамічныя праблемы — зніжэнне заробкаў, немагчымасць набыць нармальныя тавары за прымальныя кошты. Еўрасаюзу трэба здымаць візы для беларусаў, даваць магчымасць людзям ездзіць у Еўропу, там вучыцца, працаваць.
— Магчыма, мы яшчэ не заслужылі, не аплацілі права на незалежнасць, самавітасць, павагу да сябе, права называцца нацыяй?
— У нас ёсць агульныя нацыянальныя інтарэсы, іншая справа, што нацыя знаходзіцца ў неразвітым стане. Культура падзяляецца на рускамоўную, што актыўна прапагандуецца ўладамі, і беларускую, якая ў вачах Лукашэнкі няякасная. Палітычныя ўлады не падтрымліваюць тытульную нацыю, гэта нонсенс. Лукашэнка, відаць, яшчэ марыць пагуляцца ў расійскую карту, зацікаўлены ў падтрымцы Расіяй самага прарасійскага, адданага прэзідэнта.
— Ці не падаецца, што пасля падзей 19 снежня, пасля столькіх гадоў знаходжання аднаго чалавека ва ўладзе, панятак беларускай талерантнасці дыскрэдытаваны?
— У нас няправільнае разуменне талерантнасці, якое ўлады перавярнулі ў бок паняцце цярпення, спакою. Гэта не талерантнасць. Бо яна насамрэч будуецца на самапавазе. Я буду талерантны да іншага, калі ён паважае мяне, мае думкі, погляды, ідэі. У нас жа талерантнасць — гэта стабільнасць, захаванне ўлады ў адных руках.