У справе Юрыя Рубцова Урад Беларусі не бачыць палітыкі
Урад Беларусі адказаў на скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, якая зарэгістравана ад імя былога палітвязня Юрася Рубцова.
Юры Рубцоў. Фота з сайта spring96.org
У дакуменце сказана, што Рубцоў быў прыцягнуты да адказнасці за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў, а не за выказванне меркавання.
Акрамя таго, Урад Беларусі прыводзіць статыстыку за 9 месяцаў 2015 года пракуратуры Беларусі, якая прынесла 2 963 наглядных пратэстаў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, з якіх 2 910 былі задаволеныя, у той час, як Юрась Рубцоў са скаргамі ў органы пракуратуры не звяртаўся.
Праваабаронца Леанід Судаленка, які вядзе справу Рубцова ў ААН, у дачыненні да аргументаў аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы каментуе:
“3 лістапада 2013 года ў горадзе Мінску Юрась Рубцоў прымаў удзел у вулічным шэсці “Дзяды”. Знаходзячыся ў калоне людзей, якія ішлі па горадзе, на ім па-над верхняй вопраткай была надзета майка з надпісамі, якія адлюстроўвалі яго думкі і ўнутранае перакананне, якія былі пабудаваны на адной з публічных заяў дзеючага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што, цытата – “Я зыйду з паста прэзідэнта тады, калі мяне пра гэта папросіць беларускі народ!”. Юрась вырашыў папрасіць пра гэта прэзідэнта публічна — па гэтай прычыне падчас мірнага шэсця на яго майцы ўтрымліваліся надпісы “Лукашэнка — сыходзь!”
“Падчас шэсця да Рубцова неаднаразова падыходзілі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваннем зняць майку, аднак ён не падпарадкаваўся, лічачы патрабаванне незаконным, якое перашкаджае вольнаму выразу меркавання. Пасля завяршэння шэсця ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, якія склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.4 кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні іх законнаму патрабаванню пры выкананні службовых паўнамоцтваў”.
“Урад Беларусі пакінуў без каментара довады скаргі Юрася Рубцова пра тое, чаму падчас шэсця да яго неаднаразова падыходзілі супрацоўнікі міліцыі з патрабаваннем зняць майку. Роўным чынам, Урад Беларусі не даў ніякай ацэнку таму факту, што яго затрымалі непасрэдна пасля мірнага шэсця на прыпынку грамадскага транспарту, у той час, як на ім яшчэ была па-над адзеннем паказаная вышэй майка. Факт затрымання Юрася Рубцова пацвярджаецца адным з найбуйнейшых незалежных Інтэрнэт-сайтаў Беларусі – tyt.by, дзе паслядоўна апісаны ход падзей з яго удзелам у вулічным шэсці “Дзяды”.
У дачыненні да статыстыкі наглядных пратэстаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь у 2015 годзе:
“Прыводзячы статыстыку за 9 месяцаў 2015 года аб прынясенні наглядных пратэстаў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях пракуратура Беларусі не прыводзіць, колькі або якая частка з прынесеных пратэстаў мае дачыненне да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў (артыкул 23.4. кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях)”.