У кватэры бабруйскага блогера — міліцэйскі ператрус
Як стала вядома службе маніторынгу БАЖ, 24 кастрычніка прыкладна ў 07.10 у кватэру вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.
Па словах блогера, работнікі Бабруйскага УУС — маёры Дзяніс Ракоўскі і Сяргей Рудзько — праніклі ў памяшканне, калі яго жонка выходзіла. Разам з міліцыянтамі быў яшчэ адзін чалавек, які не назваў сябе, а таксама панятыя.
У візітораў была пастанова на агляд «месца здарэння», падпісаны пракурорам горада Карапецянам. Агляд таксама санкцыянаваны двума намеснікамі начальніка Бабруйскага УУС — Віталём Харлапавым і Аляксандрам Сяргеевым.
Па стане на 11.15 агляд яшчэ працягваўся. Гаспадар кватэры не выключае, што ў яго могуць забраць носьбіты інфармацыі.
Падставай для агляду з'яўляецца заява маёра ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама Яўгена Сераштанава. Ён піша, што ў сетцы інтэрнэт у 2012-2013 гадах невядомая асоба — як мяркуецца, Алег Жалноў — размясціў аўдыё — і відэаматэрыялы, якія зневажаюць яго гонар і годнасць і шкодзяць яго дзелавой рэпутацыі.
Маёр Сераштанаў просіць распачаць супраць блогера крымінальную справу.
Нагадаем, 4 верасня 2013 г. Алег Жалноў і яго сын выпадкова сталі сведкамі парушэння правілаў дарожнага руху работнікамі міліцыі — няправільнай паркоўкі на тратуары. Ён зафіксаваў гэты факт на відэакамеру і адразу ж звярнуўся з заявай да супрацоўнікоў ДАІ, якія ў той час знаходзіліся побач.
У выніку работнікі міліцыі затрымалі Желнова і яго сына. На блогера склалі два пратаколы за парушэнне адміністратыўнага кодэкса. Цяпер гэтай справай займаецца Следчы камітэт. Існуе верагоднасць ўзбуджэння супраць блогера і яго сына крымінальных спраў.
Пакуль жа ў бабруйскім судзе ўжо некалькі дзён разглядаецца адміністратыўная справа, распачатая паводле арт. 23.4 КаАП РБ – нібыта за непадпарадкаванне Алега Жалнова законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі 4 верасня 2013 г.
23 кастрычніка суддзя адправіла справу на дапрацоўку ў міліцыю. Служба маніторынгу сочыць за развіццём падзей.