У Жэневе завяршыліся перамовы ЗША і Расіі аб стратэгічнай стабільнасці

У Жэнэве ў панядзелак у другой палове дня завяршылася амерыканска-расійская сустрэча ў рамках Дыялога па стратэгічнай стабільнасці. Пра гэта паведаміў Дзярждэпартамент ЗША.

Уэндзі Шэрман і Сяргей Рабкоў на перамовах у Жэнэве, 10 студзеня 2022

Уэндзі Шэрман і Сяргей Рабкоў на перамовах у Жэнэве, 10 студзеня 2022


Дыпламаты ЗША і РФ сустрэліся ў панядзелак, каб абмеркаваць, у прыватнасці, нарошчванне Масквой вайсковай прысутнасці ўздоўж мяжы з Украінай і патрабаванні Расіі даць ёй гарантыі бяспекі з боку Захаду.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША паведаміў, што амерыканскі бок кансультуецца не толькі з Украінай, але і з NATO і іншымі еўрапейскімі партнёрамі.
Кіраўніца амерыканскай дэлегацыі, намесніца дзяржсакратара ЗША Уэндзі Шэрман заявіла, што Вашынгтон «не дазволіць нікому зачыняць іншай краіне дзверы ў NATO» і не будзе абмяркоўваць пытанні, якія датычацца іншых краін, без іх удзелу.
Шэрман паведаміла, што ЗША гатовыя абмяркоўваць з Расіяй пытанне разьмяшчэння ракет і ўсталяванне ўзаемных абмежаванняў на маштабы вайсковых вучэнняў з падвышэннем іх транспарэнтнасці.
Намеснік міністра замежных спраў Расіі Сяргей Рабкоў, кіраўнік расійскай дэлегацыі на жэнеўскіх перамовах, заявіў у інтэрв'ю агенцтву «РИА Новости», што Расія не прыме спроб ЗША абмежаваць парадак дня абмеркаваннем вайсковых вучэнняў і разгортвання ракет.
Расіі патрэбныя юрыдычныя гарантыі непашырэння NATO, ліквідацыі ўсяго, што, як выказаўся Рабкоў, «наствараў» Паўночнаатлантычны альянс за перыяд з 1997 года.
«Калі ЗША не ў стане гэтага зрабіць, значыць, яны сутыкнуцца з пагаршэннем сітуацыі ў сферы іх уласнай бяспекі», — дадаў расійскі дыпламат.
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг, які сустрэнецца з расійскай дэлегацыяй у сераду ў Бруселі, заявіў, што Расія і Захад могуць знайсці спосаб пазбегнуць канфлікту.