Трох віцебскіх удзельніц абароны Курапатаў аштрафавалі на 931 рубель

За ўдзел у пікетаванні рэстарацыі «Поедем-поедим» ля Курапатаў суд Віцебскага раёна аштрафаваў Алену Янушкоўскую на 13 базавых велічынь, у Першамайскім райсудзе Віцебска штрафамі па 12 базавых пакаралі Ірыну Захараву і Таццяну Севярынец, перадае Радыё Свабода.

Пікетаванне рэстарацыі «Поедим поедим». Крайняя злева — Ірына Захарава, у цэнтры — Алена Янушкоўская

Пікетаванне рэстарацыі «Поедим поедим». Крайняя злева — Ірына Захарава, у цэнтры — Алена Янушкоўская

Працэсы былі завочныя: ніводная з актывістак не змагла трапіць на суд, бо спавясцілі пра гэта занадта позна.

Суд без сведкаў, але ў прысутнасці «людзей у цывільным»

Суды разбіралі справы, распачатыя за ўдзел у «Курапацкай варце» 8-га жніўня, паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў».
У той дзень машыну з чатырма віцебскімі актывістамі тройчы затрымлівалі па дарозе ў Курапаты, а таксама на зваротным шляху. У пастарунку ў Бараўлянах на Алену Янушкоўскую і Ірыну Захараву склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Таццяна Севярынец даведалася, што на яе пратакол складзены таксама, толькі 27-га жніўня.
Супрацоўнікі міліцыі Міхалевіч і Новік, якія складалі рапарты і пратаколы, у Віцебск не прыехалі — спаслаліся на службовую занятасць, а таксама на тое, што ехаць надта далёка. Але прысутнічалі тутэйшыя супрацоўнікі сілавых структур у цывільным — у якасці гледачоў на працэсах, якія атрымаліся завочнымі.

Актывісткі будуць аспрэчваць судовыя рашэнні

Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў актывістку Алену Янушкоўскую вінаватай толькі на падставе відэазапісу міліцэйскага апэратара, пакараўшы яе штрафам памерам 12 базавых велічынь (294 рублі).

Справу Ірыны Захаравай разбіраў у Першамайскім райсудзе суддзя Міхаіл Юрчанка. Суд праходзіў гэтаксама без сведак, і выключна на падставе відэазапісу актывістку аштрафавалі на 13 базавых велічынь (318,5 рублёў).
У адсутнасць Таццяны Севярынец суддзя Першамайскага райсуда Наталля Карабліна прысудзіла актывістцы штраф памерам 13 базавых велічынь (318,5 рублёў).
Актывісткі збіраюцца аспрэчыць судовыя рашэнні, бо лічаць, што іх свядома пазбавілі права на абарону, запозна паведаміўшы пра дату і час пасяджэнняў.
Паводле Радыё Свабода.