Павел Севярынец: Далейшы лёс абароны Курапатаў вызначыцца 9 верасня
Павел Севярынец заклікае прыйсці на мірны сход у Курапатах 9 верасня. Менавіта ў гэты дзень, паводле ягоных словаў, будзе вызначацца далейшы лёс пратэстаў супраць рэстарацыі «Паедзем, паядзім».
«У Курапатах 9 верасня ў 16.00. адбудзецца масавы мірны сход, і ў залежнасці ад ягоных вынікаў будзе вызначацца далейшы лёс варты. Калі ў нядзелю мы ўбачым пару дзясяткаў чалавек, якія і раней стаялі на варце каля брамы рэстарацыі, гэта будзе азначаць, што, напэўна, нікому, акрамя гэтых людзей, абарона Курапатаў не патрэбная — мы будзем скарачаць варту, бо людзі вельмі стаміліся. Калі будзе 150–200 і болей чалавек, то мы набіраем новую хвалю варты, будзем стаяць мінімум да “Дзядоў” і нарошчваць ціск», — заявіў belsat.eu Павел Севярынец, распавядаючы пра вынікі сённяшняй нарады актывістаў.
Палітык распавёў, што абаронцы Курапатаў накіравалі ў выканкам пісьмовае апавяшчэнне пра намер правесці масавы сход. Сама акцыя будзе мець выключна мірны і негвалтоўны характар, дадаў ён.
На сённяшняй нарадзе абаронцаў Курапатаў былі падведзеныя некаторыя вынікі трох месяцаў пратэстаў. У прыватнасці, сярод пазітыўных вынікаў Севярынец адзначыў, што:
• праз пратэсты супраць рэстарацыі пра Курапаты даведаліся сотні тысячаў людзей, якія раней нічога пра гэта не чулі;
• народны байкот рэстарацыі адбыўся — беларусы не пайшлі ў «Паедзем, паядзім». «Некалькі наведнікаў у дзень гэта ўсё, што маюць уласнікі — яны фактычна банкруцяцца», — кажа палітык;
• абарона Курапатаў аб’яднала розныя палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі — нават тыя, якія раней не супрацоўнічалі;
• актывісты правялі добраўпарадкаванне Курапатаў.
Нагадаем, пачынаючы з 31 траўня адбываюцца пратэсты супраць рэстарацыі «Паедзем, паядзім», што месціцца ў 50 метрах ад урочышча Курапаты ў комплексе будынкаў так званага «Бульбаш-холу». На ўдзельнікаў абароны Курапатаў за гэты час складзены дзясяткі адміністратыўных пратаколаў. Шэраг актывістаў былі затрыманыя і прысуджаны да адміністратыўных арыштаў.
18 ліпеня лідар абароны Курапатаў, палітык Павел Севярынец аб’явіў пра пачатак поўнага грамадскага байкоту рэстарацыі. Байкот будзе распаўсюджвацца на пастаўшчыкоў «Паедзем, паядзім», наведнікаў, а таксама на іншыя бізнес-аб’екты ўладальнікаў рэстарацыі.
Саўладальнік «Паедзем, паядзім» Леанід Зайдэс заявіў, што не збіраецца закрываць або пераносіць рэстарацыю і з пратэстоўцамі весці перамовы ён не будзе
Курапаты — лес на паўночным усходзе Менску, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле даследчыкаў, там загінула ад 100 да 250 тысяч чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.