Швейцарыя ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі

Урад Швейцарыі следам за Еўрасаюзам увёў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і 14 высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

switzerland_3015833_1280.jpg

"Было прынята рашэнне ўвесці фінансавыя санкцыі і забарону на ўезд у Швейцарыю і транзіт праз Швейцарыю ў дачыненні да 15 чалавек, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі", — гаворыцца ў паведамленні ўрада.
Меры ўступаюць у сілу 11 снежня 2020 года. Падкрэсліваецца, што такім чынам Швейцарыя далучаецца да рашэнняў, прынятых 6 лістапада Еўрапейскім саюзам.
Асобы, супраць якіх уведзеныя санкцыі, "як мяркуецца, нясуць адказнасць за акты гвалту і арышты, учыненыя пасля прэзідэнцкіх выбараў у рэспубліцы", адзначылі ва ўрадзе.
Апроч Лукашэнкі, у спісе аказаўся яго старэйшы сын Віктар і яшчэ 13 фігурантаў, уключаючы кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Ігара Сергіенку, кіраўніка КДБ Івана Церцеля, прэс-сакратара Наталлю Эйсмант, камандуючага групай "Альфа" Сяргея Зубкова, старшыню Канстытуцыйнага суда Пятра Міклашэвіча, іншых сілавікоў.
Акрамя таго, федэральная рада вырашла ўключыць у пастанову аб пералічаных санкцыях увядзенне эмбарга на ўзбраенні, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсій.
"ЕС ужо ўвёў адпаведнае эмбарга ў 2011 годзе. У значнай ступені гэтая мера была рэалізавана ў Швейцарыі на падставе існуючага заканадаўства аб кантролі за ваеннымі матэрыяламі і таварамі двайнога прызначэння. Уводзячы эмбарга на ўзбраенні і тавары, якія могуць быць выкарыстаны для ўнутраных рэпрэсій, Федэральная рада рэагуе на няспынныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў апазіцыі ў Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні.
Швейцарыя таксама выказала занепакоенасць напружанай сітуацыяй у Беларусі і заклікала да дыялогу паміж урадам і грамадзянскай супольнасцю.
Нагадаем, 7 снежня беларуску Наталлю Хершэ, якая мае грамадзянства Швейцарыі, за сарваную з амапаўца балаклаву асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. 
Паводле ria.ru