Лукашэнка абраў іранскі варыянт транзіту
Эксперт аналітычнага цэнтра "Украінскі інстытут будучыні" Ігар Тышкевіч у сваім блогу на сайце ўкраінскага выдання korrespondent.net разважае пра тое, якую мадэль абраў беларускі кіраўнік, каб застацца ва ўладзе.
Закрыццё межаў стала тэмай №1 у беларускай інфармацыйнай прасторы. Пры гэтым у цень сышлі іншыя падзеі.
Адна з іх — ідэя Аляксандра Лукашэнкі наконт унясення ў Канстытуцыю новага органа улады — "Усебеларускага народнага сходу".
Нешматлікія каментары на гэту тэму насілі, хутчэй, характар абмеркавання самога факту з'яўлення "хурала" ў асноўным законе. Аднак у рэальнасці сітуацыя крыху складаней.
Увагу трэба звяртаць на дэталі. У прыватнасці, прапанова зрабіць гэты орган "пастаянным" з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў. І перадаць менавіта яму частку "прэзідэнцкіх" паўнамоцтваў.
Гэта называецца "іранскі варыянт" транзіту. Чаму? У адрозненне ад казахскага варыянту, дзе Назарбаеў проста атрымаў новую пасаду і магчымасць па жаданні ўмешвацца ў палітыку краіны, тут гаворка ідзе пра стварэнне ўстойлівай сістэмы. Дзе на нізавым узроўні (як у Іране) можа буяць дэмакратыя, з актыўным парламентам, свабодай прэсы, канкурэнцыяй меркаванняў і нават бойкамі ў сесійнай зале. Але новы орган (у Іране гэта "Рада экспертаў" і "Рада вартавых канстытуцыі") будзе жорстка кантраляваць стратэгічныя напрамкі. І, магчыма, прызначэнне сілавікоў. Пры гэтым новы орган будзе адказваць за змены ў Канстытуцыю. А пазбавіць яго паўнамоцтваў — гэта значыць адбудаваць нармальную сістэму, без лішніх ракавых пухлін, — будзе немагчыма без канстытуцыйнага працэсу. Які ў руках ... "Усебеларускага народнага сходу". Як гаворыцца, цыкл замкнуўся.
Адным словам, Лукашэнка вырашыў не рызыкаваць з падыходамі, накшталт узмацнення Савета бяспекі, а пайсці шляхам стварэння замкнёнай і, як яму здаецца, устойлівай сістэмы.
Контуры таго, як гэта будзе працаваць, а таксама чаму "тактычны ўзровень" прыняцця рашэнняў у такой схеме можа быць "дэмакратычным" (але гэта не паўплывае на сутнасць рэжыму) — у відэа.