Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе абраным прэзідэнтам
У інтэрв'ю амерыканскаму выданню «Politico» Святлана Ціханоўская ўпершыню назвала сябе абраным прэзідэнтам.
«Захад павінен перастаць рабіць выгляд, што Лукашэнка з'яўляецца прэзідэнтам. Ён злачынец, які незаконна захапіў уладу і павінен быць прыцягнуты да адказнасці, — адзначыла Святлана Ціханоўская. — На мінулым тыдні Рада Еўропы пайшла на беспрэцэдэнтны крок, аформіўшы супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і прыбраўшы прадстаўнікоў рэжыму. Гэта добрая мадэль для іншых міжнародных арганізацый —працы з тымі пластамі беларускага грамадства, якія звязаны з Еўропай і Украінай.
У жніўні я стварыла Аб'яднаны пераходны кабінет
Беларусі для аб'яднання асноўных палітычных груп. Мы вырашылі не чакаць краху
рэжымаў Лукашэнкі ці Пуціна, а загадзя падрыхтаваць Беларусь. І гэты кабінет
будзе працаваць як пераходны ўрад да таго часу, пакуль не адбудуцца новыя
выбары.
Я — абраны прэзідэнт Беларусі. Я змагаюся за сваю краіну ў
выгнанні. Але я працягваю падтрымліваць наш народ. І разам мы пераможам».
Варта адзначыць, што ў пошукавых сэрвісах можна знайсці загалоўкі пра тое, што раней Ціханоўская ўжо называла сябе прэзідэнтам, але яны трапляюцца ў расійскіх прапагандысцкіх медыя, якія маніпулявалі словамі беларускай дэмакратычнай лідаркі.
Насамрэч раней яна называла сябе пераможцай выбараў, лідаркай большасці, сімвалам свабоды.