Суды за расцяжку "Свабоду Юрыю Рубцову!": Максіму Вінярскаму — 10 сутак, Сяргею Мацкойцю — 5
Сёння, 22 чэрвеня, у Мінскім раённым судзе (вул. Маякоўскага, 119а) разглядаліся адміністратыўныя справы актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», Максіма Вінярскага, Леаніда Кулакова і Сяргея Мацкойця.
Іх затрымалі ў пятніцу за вывешванне расцяжкі "Свабоду Юрыю Рубцову!" на выездзе з Лагойскага тракту і склалі пратаколы за адміністрацыйнае правапарушэнне.
На выходныя усіх трох змясцілі ў Ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёну.
Як стала вядома, Сяргея Мацкойця абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства (ч. 1 арт. 23.34 КаАП) і асудзілі да 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Суддзя — С.Ткачук.
Максіма Вінярскага асудзілі па частцы 3 таго ж артыкула — правапарушэнне, здзейсненнае паўторна на працягу года. Суддзя М. Гарэлаў пакараў актывіста арыштам на 10 сутак.
Справу ў дачыненні да Леаніда Кулакова перанеслі на заўтра, каб дачакацца ўдзелу ў працэсе сведкаў-міліцыянтаў.