Статкевіча пакаралі ўжо ўсім, чым можна, — Марына Адамовіч
У апошнім з атрыманых Марынай Адамовіч лістоў Мікалая Статкевіча са шклоўскай калоніі палітвязень паведаміў пра сваё сядзенне ў ПКТ — памяшканні камэрнага тыпу.
«У суме ў яго набралася 13 спагнанняў, з якіх 10 — за адмову ад працы. Прычым апошнія 5 ягоных адмоў закончыліся звычайнымі вымовамі, бо раней усе, што можна было з пакаранняў, супраць яго ўжо ўжывалі. Такім чынам ён знаходзіцца ў ПКТ, у камеры без дзённага святла, сцены якой пафарбаваныя ў змрочны цёмна-блакітны колер. Напісаў, чым закончыліся ягоныя спробы патрабаваць іншай камеры. Спачатку сказалі, што гэта ягонае асаблівае ўспрыняцце колеру такое, бо насамрэч нібыта камера пафарбаваная ў светла-блакітны колер. Потым паабяцалі сцены „падмаладзіць“, але зробяць гэта толькі летам. То бок, калі яго там ужо не будзе, бо яму ж рыхтуюць суд і адпраўку ў турму».
Раней палітвязень Мікалай Статкевіч паведамляў, што яму пагражае завядзенне новай справы за шматлікія парушэнні і адпраўка ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму.
Паводле Марыны Адамовіч Мікалай Статкевіч адазваўся на апошнія навіны ў спробах апазіцыі вызначыцца з кандыдатамі на прэзідэнта.
«Напісаў, што ў ПКТ газеты прыносяць раз на тыдзень, па чацвяргах. Дык калі праглядзеў апошнюю прэсу, прыйшоў да высновы, што аб’яднацца яны не здолеюць, а тыя, хто прапаноўвае сваіх кандыдатаў, не тлумачаць зразумела навошта і ня маюць яснай стратэгіі, акрамя толькі заклікаў да міру. І на гэта ён напісаў, што толькі кот Леапольд можа прапаноўваць катам жыць дружна, а калі мышы выступаюць з такой прапановай, гэта толькі распальвае ў катоў апетыт».
Як пачуваецца Мікалай Статкевіч?
Марына Адамовіч кажа, што гэтае пытанне яе муж у лістах абыходзіць. «Справа ў тым, што звесткі пра здароўе звычайна заканчваюцца пагаршэннем умоў. Вось зараз як „прыхапіла“ спіна, дык далі прыбіраць большую плошчу. А ў 2011 годзе пасля галадоўкі, калі пачаліся праблемы са здароўем, дык замест медчасткі яго накіравалі працаваць на лесапілку».
Мікалай Статкевіч — адзіны з былых кандыдатаў на прэзідэнта, каго ўлады працягваюць трымаць у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 году. Суд прызнаў апазіцыйнага палітыка вінаватым у арганізацыі вулічных беспарадкаў і асудзіў на 6 гадоў зняволення. Мікалай Статкевіч не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся падаваць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Статкевіч спачатку адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі, потым 3 гады адбыў у крытай магілёўскай турме, цяпер палітвязня зноў трымаюць у шклоўскай калоніі.