Старшыня УВК замежнаму журналісту: Не здымайце, вы парушаеце правы чалавека! (відэа)

Карэспандэнт польскага інтэрнэт-выдання Eastbook.eu прадставіла праваабаронцам відэа, на якім бачна, як сябры ўчастковай выбарчай камісіі № 6 Першамайскага раёну (пр. Незалежнасці, 85) перашкаджалі ёй здымаць падчас падліку галасоў.



vybary_faljsyfikacyi.jpg

Пры гэтым старшыня камісіі Наталля Куноўская пагражала міліцыяй, паведамляе spring96.org.

На відэа бачна, як сябры камісіі адгарадзіліся крэсламі, за якія, па іх меркаванні, назіральнікі не павінны былі заходзіць. На патрабаванне назіральнікаў забяспечыць ім магчымасць бачыць, што адбываецца за сталом для падліку галасоў, Наталля Іванаўна заявіла:

«Калі вас тут штосьці не задавальняе, вас тут ніхто не трымае. Гэта мой участак, і я тут дыктую правілы!»

Далей, сябры камісіі цалкам абступілі стол, на якім вяліся падлікі, і назіральнікі маглі бачыць толькі іх спіны.

Журналістка паспрабавала падысці бліжэй да стала, каб зняць, што там адбываецца. Адна з сябраў камісіі адразу ж сказала, што не хоча, каб яе здымалі. Старшыня камісіі тут жа падхапіла:

 

«Вы парушаеце правы чалавека ў дадзенай сітуацыі».

 

Тое, як адбываўся падлік галасоў, назіральнікі даведваліся з каментараў старшыні УВК — ніхто з іх нічога не ўбачыў.

www.svaboda.org