Скептыцызм праваабаронцаў пад соўсам рэалізму для ЕС

Эксперты праваабарончых арганізацый, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі НДА прапануюць Еўрапейскаму саюзу перайсці да сістэмнай, прадказальнай і паслядоўнай працы з уладамі Беларусі.



d8ab1a52f058358b947cdf8261b5e1a2.jpg

Эксперты праваабарончых арганізацый, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Асамблеі НДА прапануюць Еўрапейскаму саюзу перайсці да сістэмнай, прадказальнай і паслядоўнай працы з уладамі Беларусі.

Страчаныя ілюзіі
Такія прапановы ўтрымліваюцца ў падрыхтаваным маніторынгу развіцця сітуацыі ў Беларусі цягам лістападу 2008-га – верасня 2010 гадоў. 
У кастрычніку 2008 года Савет Еўрапейскага Саюза прыпыніў дзейнасць візавых санкцый супраць некалькіх высокіх беларускіх чыноўнікаў. У кастрычніку гэтага года Еўрасаюз будзе пераглядаць сваё рашэнне і свае далейшыя адносіны з беларускім урадам. З пачатку дыялогу больш за пяцьдзесят беларускіх і міжнародных арганізацый супольна рыхтавалі справаздачы пра асноўныя падзеі ў Беларусі дзеля таго, каб палітыкі ЕС мелі актуальную інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.
У сёмай па ліку справаздачы, апроч агульнага аналізу грамадска-палітычнай сітуацыі, прадстаўляюцца і рэкамендацыі па палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі і крытэры, паводле якіх можна ацэньваць прагрэс у краіне.
Эксперты адзначаюць, што “пацяпленне ў палітыцы Еўрасаюза было крокам наперад у стасунках з Беларуссю і паспрыялі пэўным “касметычным паляпшэнням сітуацыі з правамі чалавека. “Сімвалічныя крокі беларускага ўраду ў бок лібералізацыі за першы год дыялогу далі падставу спадзявацца на далейшае паглыбленне і развіццё інстытутаў, заканадаўства і практык, скіраваных на папляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Але на працягу 2010 года сітуацыя значна пагоршылася, асабліва стан таго сегменту грамадзянскай супольнасці, які можа прымаць актыўны ўдзел у надыходзячай выбарчай кампаніі, -- гаворыцца ў справаздачы.
Старшыня Беларускага Хельссінскага камітэту Алег Гулак зазначае, што “сістэма застаецца несяброўскай, неспрыяльнай для грамадзянскай супольнасці, журналістаў, хаця “колькасць, яскравасць рэпрэсій зменшылася. Алег Гулак мяркуе, што выправіць сітуацыю магчыма праз карэнную перабудову сістэмы. “Гэта трэба змяняць шляхам радыкальных крокаў: змена закандаўства, канкрэтныя сігналы грамадству, чынавенству, праз прыцягненне да адказнасці тых, хто вінаваты ў парушэнні правоў чалавека. З канца 2008 года не было ніводнага выпадку, каб вінаватыя асобы былі прыцягнутыя да адказнасці, -- пералічвае магчымыя інструменты ўздзеяння на ўлады праваабаронца.
Парады чыноўнікам ЕС
Грамадзянская супольнасць у якасці партнёра па пераўтварэннях грамадска-палітычнага ладу абірае Еўрасаюз, і прапануе пяць рэкамендацый, якія мусяць садзейнічаць больш грунтоўным і паслядоўным зменам.
Па-першае, не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, пакуль не будзе грунтоўнага прагрэсу ў паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Працягнуць назіраць за сітуацыяй у Беларусі і часова прыпыніць дзеянне санкцый на наступныя шэсць месяцаў, каб ахапіць прэзідэнцкую выбарчую кампанію і магчымыя рэпрэсіі пасля яе. Узнаўленне санкцый у гэты момант пазбавіць ЕС уплыву на Беларусь.
Па-другое, прапануецца распрацаваць інструмент, які дазволіў бы больш эфектыўна прымяняць сістэму санкцый падчас і пасля выбарчай кампаніі – пашырэнне спісу вінаватых у парушэннях правоў чалавека, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, больш гнуткі працэс актуалізацыі спісу, абмежаванне кантактаў на вышэйшым узроўні. “Мы выступаем за тое, каб інструменты ўплыву змяняліся ў залежнасці ад таго, што адбываецца ў краіне, а не прымаліся раз на пяць год і заставаліся ў статычным стане, -- гаворыць Алег Гулак.
Таксама, на думку аўтараў маніторынгу, варта падрыхтаваць даклад па сітуацыі ў Беларусі і ацэнку эфектыўнасці палітыкі ЕС за перыяд дыялогу па канкрэтных крытэрах, а таксама даць магчымасць грамадзянскай супольнасці зрабіць свой унёсак. Беларуская грамадзянская супольнасць мусіць мець магчымасць садзейнічаць, каментаваць і рабіць свой унёсак у дыялог паміж ЕС і Беларуссю на ўсіх яго этапах. З канкрэтнымі крытэрамі, дарэчы, пакуль не ўсё зразумела. На просьбу ацаніць па пяцібальнай шкале прагрэс па такіх паказчыках, як “смяротная кара, “свабода аб’яднанняў і сходаў, “свабода СМІ ды інш., дакладны адказ Алег Гулак даў толькі па першым пункту “смяротная кара не была адмененая, два прысуды былі выкананыя, тут усё зразумела.
Чыноўнікаў ЕС эксперты заклікаюць падчас прыняцця рашэнняў па эканамічным супрацоўніцтве, інвестыцыях і крэдытах зважаць на сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека. Рэпрэсіўныя інстытуты (такія, як Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Пракуратура, мясцовыя выбарчыя камісіі, судовыя інстанцыі) не павінны атрымліваць падтрымку, якая дазволіла б пашырыць ім свае рэпрэсіўныя дзеянні. У той жа час, адэкватная дапамога беларускім уладам, скіраваная на адаптацыю і правядзенне рэформ, павінна быць павялічана.
Усё гэта мусіць надаць гнуткасці і паслядоўнасці палітыцы ЕС ў адносінах да Беларусі, дапамагчы адэкватна рэагаваць на падзеі на палітычнай арэне і ў выніку прынесці плён.
Быць рэалістам
Калі спачатку эксперты, якія працавалі над маніторынгам, выказвалі больш-менш аптымістычныя ацэнкі, то пасля шэрагу пытанняў журналістаў, тон заключэнняў стаў больш рэалістычным. У прыватнасці кіраўніца Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна канстатавала, што захоўваецца праблема з доступам да роўных эканамічных умоў недзяржаўным СМІ, працягваецца практыка запалохвання журналістаў, ёсць праблемы з акрэдытацыяй у супрацоўнікаў замежных СМІ, дадае клопату і Указ № 60 Лукашэнкі “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, што дазваляе на законных падставах уводзіць цэнзуру, фільтрацыю ў сегменце, які лічыўся свабодным.
“Фундаментальныя грамадзянскія і палітычныя правы ў краіне істотна абмяжоўваюцца. Пераслед грамадскіх актывістаў, недзяржаўных арганізацый, незалежных журналістаў і дэмакратычных палітыкаў, як падаецца, будзе нарастаць з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў, -- прагназуюць аўтары маніторынгу. Ды “заклікаюць Еўрапейскі Саюз улічыць непавагу беларускімі ўладамі дэмакратычных каштоўнасцяў, на якіх заснаваны ЕС, пры распрацоўцы стратэгіі ўзаемадачыненняў з краінай. А таксама настойваюць на тым, каб дэмакратычная апазыцыя і грамадзянская супольнасць былі актыўна уключаныя ў дыялог паміж ЕС і Беларуссю.
***
Візавыя санкцыі супраць беларускіх чныоўнікаў былі ўведзеныя ў 2004 годзе. Першымі ў “чорны спіс патрапілі  экс-міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Іх падазраюць ў датычнасці да знікнення ў краіне вядомах палітыкаў. Затым шэраг неўяздных на тэрыторыю ЕС папоўнілі кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына і камандзір палку міліцыі спецыяльнага прызначэння Юрый Падабед, некаторыя суддзі і набліжаныя да Лукашэнкі асобы.
У кастрычніку 2008 года візавыя санкцыі прыпынілі, але у “чорным спісе за асблівыя заслугі засталіся Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў, Дзмітрый Пааўлічэнка, Лідзія Ярмошына, Уладзімір Навумаў.