Санкцыі за забойства Бандарэнкі. Як Еўрапарламент пакарае Лукашэнку?

Еўрапарламент правёў дэбаты, прысвечаныя гібелі рамана Бандарэнкі ў Мінску, і прыняў рэзалюцыю, у якой усклаў адказнасць за гібель актывіста на рэжым Лукашэнкі. Што будзе далей? Распавядае dw.com.

Фота Дзіяны Серадзюк. 

Фота Дзіяны Серадзюк. 


Падзеі ў Беларусі сталі, магчыма, самай абмяркоўваемай знешнепалітычнай тэмай у Еўрапарламенце ў другой палове 2020 года. 26 лістапада еўрадэпутаты правялі дэбаты аб "парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, забойстве Рамана Бандарэнкі". У другой палове дня яны прынялі адпаведную рэзалюцыю, за якую прагаласавалі 613 еўрадэпутатаў. 41 — выказаўся супраць, яшчэ 35 — устрымаліся.

Рэзалюцыя Еўрапарламента аб забойстве Бандарэнкі

31-гадовага актывіста Рамана Бандарэнка збілі невядомыя ў масках 11 лістапада ў двары яго дома ў Мінску. Гэты двор пратэстоўцы называюць "дваром пераменаў". Бандарэнку даставілі ў бальніцу, дзе ён памёр на наступны дзень ад атрыманых траўмаў.
У рэзалюцыі дэпутаты Еўрапарламента рэзка асудзілі "забойства Рамана Бандарэнкі" і выказалі спачуванні ягонай сям'і, а таксама ўсім сем'ям, якія страцілі сваіх блізкіх "у выніку рэпрэсій, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі". У Еўрапарламенце дадалі, што, па наяўных дадзеных, людзі ў масках, якія збілі Бандарэнку, "цесна звязаны з рэжымам Лукашэнкі". Актывіста працягнулі біць і пасля затрымання — з двара яго забрала міліцыя і толькі праз дзве гадзіны даставіла ў бальніцу, адзначаецца ў рэзалюцыі.
"Улады (Беларусі. — Рэд.) спрабуюць перакласці адказнасць, сцвярджаючы, што Бандарэнку пабілі "неабыякавыя грамадзяне", і пераследуючы доктара і журналіста, якія раскрылі інфармацыю (пра Бандарэнку. — Рэд.)", — адзначылі ў Еўрапарламенце. 

Меры ЕС у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі — недастатковыя

У рэзалюцыі дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць улады Беларусі "спыніць усе формы гвалту, жорсткага абыходжання, гвалту па гендэрнай прыкмеце і катаванні супраць грамадзян Беларусі", а таксама вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах. Паводле звестак Еўрапарламента, цяпер у Беларусі больш за 125 палітвязняў, а ўсяго, пачынаючы з траўня, было затрымана больш за 25 тысяч беларусаў за пратэсты супраць Лукашэнкі.
Еўрапарламент таксама заклікаў ЕС падтрымаць міжнароднае расследаванне "злачынстваў рэжыму Лукашэнкі". У падтрымку яму, на думку еўрадэпутатаў, варта стварыць Міжнародны цэнтр па зборы доказаў. У рэзалюцыі адзначаецца, што і сам Еўрапарламент павінен падрыхтаваць місію па зборы фактаў аб парушэнні правоў чалавека.
"Меры, прынятыя да гэтага часу Еўрасаюзам і яго дзяржавамі-членамі супраць рэжыму Лукашэнкі недастатковыя", — да такой высновы прыйшоў Еўрапарламент у рэзалюцыі. Ён заклікаў ЕС прыняць трэці пакет санкцый, які будзе ўключаць таксама беларускія кампаніі і алігархаў. Савет ЕС тыднем раней вырашыў пачаць падрыхтоўку такіх новых мер. Яшчэ адна мера, да якой заклікалі еўрадэпутаты — прыняць рэжым санкцый за парушэнні правоў чалавека .

Новыя санкцыі за забойства Бандарэнкі

"Рэжым Лукашэнкі прымяняе да народа Беларусі тое, што мы павінны называць унутраным тэрарызмам. Шэсць чалавек забітыя, уключаючы Рамана Бандарэнку", — заявіў падчас дэбатаў літоўскі еўрадэпутат Андрус Кубілюс, які прадстаўляў пазіцыю найбуйнейшай фракцыі Еўрапарламенту, Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП). У рэзалюцыі пералічылі і іншых пяць беларусаў, якія загінулі падчас пратэстаў: Аляксандр Тарайкоўскі, Канстанцін Шышмакоў, Арцём Парукоў, Аляксандр Віхор і Генадзь Шутаў.
"Ён памёр маладым. Раману быў 31 год. І ён ніколі не ўбачыць Беларусь вольнай і незалежнай. Ён — толькі апошняя ахвяра рэжыму Лукашэнкі", — адзначыў старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю сацыял-дэмакрат Роберт Бедронь. "У мяне склалася ўражанне, што ЕС дэманструе шмат слоў, але мала спраў", — дадаў ён.
"Раман — не першая ахвяра рэжыму Лукашэнкі, якая была жорстка забітая, але наша адказнасць —паклапаціцца, каб гэта была апошняя ахвяра", — заявіла германскі еўрадэпутат ад "зялёных" Віёла фон Крамон (Viola von Cramon).

Як ЕС можа дапамагчы Беларусі

Еўрадэпутаты адразу ад некалькіх фракцый, у прыватнасці ЕНП, Сацыял-дэмакратаў і "зялёных" выказалі меркаванне, што ўведзеныя Еўрасаюзам санкцыі супраць 55 беларускіх чыноўнікаў аказаліся неэфектыўнымі. Паляк Анджэй Халіцкі ад ЕНП заклікаў пашырыць спіс да сотняў і нават тысяч, у першую чаргу за кошт байцоў АМАПу.
Іншыя Еўрадэпутаты заклікалі да эканамічных мер. Фон Крамон прапанавала ўвесці сектаральныя санкцыі ў дачыненні да "энергетычнага і хімічнага сектараў". Як вядома, прадукцыя хімічнай і нафтаперапрацоўчай прамысловасці складае значную частку беларускага экспарту ў ЕС. А Кубілюс прапанаваў абмежаваць доступ Беларусі да сістэмы банкаўскіх пераводаў SWIFT.
На думку літоўца, Еўрасаюзу таксама варта даць зразумець прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, што калі ён будзе працягваць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, то дадатковыя санкцыі могуць быць уведзеныя і ў дачыненні да Расеі. Зрэшты, не ўсе згодныя з ім. "Ключ да вырашэння праблемы трымаюць у Маскве. Мы павінны прыцягнуць да еўрапейскіх дыпламатычных намаганняў Пуціна, які з'яўляецца адзінай знешняй сілай, якая можа паўплываць на лёс Беларусі", — упэўнены еўрадэпутат ад ліберальнай фракцыі "Абнавіць Еўропу" Шарль Герэнс з Люксембурга.
Немец ад фракцыі "левых" Хельмут Шольц (Helmut Scholz) дадаў, што хоць у пратэстоўцаў могуць быць розныя погляды на ЕС і на Расею, але іх усіх аб'ядноўвае разуменне, што "без свабоды меркавання і ўдзелу ўсіх грамадзян у палітычных пастановах у Беларусі няма будучыні".