Сайт РВУП «Завод дакладнай электрамеханікі» недасяжны. На заводзе вырабляюць крылатыя ракеты
Раней мы пісалі, што на вытворчай базе завода дакладнай электрамеханікі, што ў Станькаве пад Фаніпалем, верагодна, пачалі выраб крылатых ракет.
Вытворчасць знаходзіцца на вуліцы Вайсковай, 24/1, у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. (Асноўнае прадпрыемства знаходзіцца ў Мінску на вуліцы Кульман).
Мы паведамлялі, што ракеты пачалі вырабляць не так даўно, прыкладна месяц таму. А завод актыўна шукае працаўнікоў. На сайце прадпрыемства адкрыта больш за 20 вакансій ад грузчыка і слесара да начальніка ўчастка і галоўнага інжынера.
Аднак зараз на сайце прадпрыемства немагчыма знайсці гэту інфармацыю, сайт на тэхнічным абслугоўванні. Больш пільнай цяпер стала і ахова прадпрыемства.
Завод знаходзіцца пад кіраўніцтвам ВПК (Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь). І, у тым ліку, займаецца правядзеннем НДДКР (Т)Р па стварэнні сучаснага ўзбраення (РСЗА, РК, АТРК), мадэрнізацыяй кіраваных і некіравальных ракет і рэактыўных снарадаў, прадаўжэннем тэрмінаў тэхнічнай прыдатнасці сродкаў паражэння і іх утылізацыяй. А таксама ўдасканаленнем вытворчай і выпрабавальнай базы прадпрыемства для забеспячэння поўнага цыкла распрацоўкі і лакалізацыі вытворчасці ракетных комплексаў і ракет.
Як кажуць нашы эксперты, магчыма, на прадпрыемстве праводзяць мадэрнізацыю расійскіх ракет. Але пакуль што складана дакладна высветліць, што менавіта пачалі вырабляць на гэтым заводзе.
У чэрвені «Беларускі Гаюн» пісаў, што «Лукашэнка наведваў адно з прадпрыемстваў ВПК РБ у Менскай вобласці, дзе яму паказалі вытворчасць беларускіх боепрыпасаў. Характэрна, што ягоная прэс-служба не паведамляла, дзе менавіта знаходзіцца вытворчасць, і нават не пісала, як яна называецца. Тым не менш удалося вызначыць, што сёння Лукашэнка наведваў адну з вытворчасцяў РВУП "Завод дакладнай электрамеханікі" (ЗТЭМ), якая размешчана каля в. Леніна (Дзяржынскі раён, Менскай вобласці)».