Рада БНР заклікае ўлады Швецыі расследаваць інцыдэнт з беларускімі фанатамі на ЧС па хакеі

Рада БНР заклікала ўлады Швецыі правесці расследаванне інцыдэнту з бел-чырвона-белым сцягам падчас чэмпіянату свету па хакеі і прыняць меры ў адпаведнасці з заканадаўствам.



scjag.jpg

"5 мая на чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі асобамі ў уніформе былі ўжытыя гвалтоўныя дзеянні супраць актывістаў арганізацыі “Беларуская нацыянальная памяць”, якія разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым спасылаліся на нібыта палітычны характар сцяга. Рада БНР сведчыць, што бел-чырвона-белы сцяг не з`яўляецца сімвалам якой-небудзь палітычнай партыі", — гаворыцца ў заяве рады. 

У дакуменце тлумачыцца, што бел-чырвона-белы сцяг з`яўляўся нацыянальным сцягам Беларусі да рэферэндуму 1995 года. "Менавіта гэты "рэфэрэндум" быў пачаткам татальнага наступу на законнасць, дэмакратыю і правы чалавека. Ён быў прызначаны і праведзены з грубымі парушэннямі Канстытуцыі і законаў Беларусі", — адзначаюць аўтары заявы.
 

Бел-чырвона-белы сцяг з`яўляецца гістарычным беларускім сімвалам, падкрэслівае Рада БНР. Дзеянні ў дачыненні да беларусаў на чэмпіянаце свету па хакеі яна ацэньвае як "абразу нацыянальнага гонару і годнасці".

У заяве ўтрымліваецца заклік да Міжнароднай федэрацыі хакея "гарантаваць павагу да дзяржаўных сімвалаў і выкананне правоў чалавека падчас спаборніцтваў".
 

Рада БНР таксама пратэстуе супраць выказванняў старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Яўгена Ворсіна, які "ў інтэрв`ю журналістам дапусціў сумнеўныя словы ў адносінах да заўзятараў з цёмным колерам скуры". "Такія выказванні мала таго, што недапушчальныя ў цывілізаваным свеце, але да таго ж супярэчаць самому духу алімпійскага руху, у падставе якога — расавая роўнасць і адсутнасць дыскрымінацыі паводле расавай ці нацыянальнай прыкметы", — падкрэсліваецца ў заяве.

3 мая падчас хакейнага матча Беларусь — Чэхія беларускія фанаты вывесілі велізарны бел-чырвона-белы сцяг і харугву з выявай герба "Пагоня". Падчас прамой трансляцыі хакейнага матча на тэлеканале "Беларусь-2" сцяг неаднаразова трапляў у тэлеэфір і яго маглі бачыць сотні тысяч тэлегледачоў. Фанатам паспрабавалі перашкаджаць паліцэйскія, аднак калі паміж імі завязалася бойка, на дапамогу беларусам прыйшлі шведскія фанаты. У выніку беларусы ўсё ж змаглі развесіць свае бел-чырвона-белыя сцягі, і яны правіселі на трыбунах да канца матча.
 

Арганізатары чэмпіянату заявілі, што больш не пусцяць на трыбуны хакейнага стадыёна беларусаў, калі тыя будуць прыносіць з сабой сцягі з неафіцыйнай сімволікай. 5 мая на матчы Беларусь — Славенія за спробу разгарнуць вялікі сцяг беларусаў, выкруціўшы рукі, вывелі са стадыёна.
 

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін у інтэрв`ю "Еўрарадыё" так пракаментаваў канфлікт: "Я лічу, што гэта не прыхільнікі прыйшлі на матч, а прыйшлі нейкія пабочныя людзі, якім, па ўсёй верагоднасці, заплацілі грошы. Таму што сярод іх былі і цемнаскурыя, незразумела хто — нейкія пазадкі. Яны стаялі і незразумела што крычалі. І якія дзеянні ў іх выклікалі захапленне — незразумела. Проста неадэкватныя людзі. Я не лічу, што гэта фанаты, мяркую, што ніхто на іх увагі не звяртаў. Але мы звярнулі, таму што палічылі: магчыма, гэта нейкая правакацыя, не больш за тое. Але паўтараю, што гэта не фанаты, гэта ангажаваныя кімсьці людзі".
 

У сваю чаргу генеральны сакратар аргкамітэта ЧС-2013 Тоні Вірэн заявіў "Радыё Свабода", што фанатаў больш не пусцяць на матчы хакейнага чэмпіянату свету з бел-чырвона-белымі сцягамі. "У адпаведнасці з правіламі Міжнароднай хакейнай федэрацыі мы не можам дазваляць любыя палітычныя сімвалы, знакі ці штосьці падобнае ў месцы правядзення матчаў. Таму мы папрасілі прыбраць гэтыя сцягі", — сказаў Вірэн.

БелаПАН