Прэзідэнт Літвы: санкцыйны спіс без Лукашэнкі смеху варты
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікае Еўрасаюз і іншыя краіны свету ўвесці санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
Як паведамляе "Еўрапейская праўда", пра гэта Наўседа заявіў у інтэрв'ю BNS.
"Сёння ў нас сітуацыя, калі іншыя вялікія дзяржавы свету яшчэ толькі думаюць аб увядзенні санкцый — ЗША, Вялікабрытанія. Тым часам дзяржавы Балтыі паказалі добры прыклад, увёўшы не толькі нацыянальны спіс санкцый, але і ўключыўшы ў гэты спіс і самога спадара Лукашэнку.
Спіс без спадара Лукашэнкі, напэўна, смеху варты, таму што ўсе мы выдатна разумеем, што людзі з гэтага спісу не з'яўляюцца самастойнымі выканаўцамі і ад іх мала што залежыць ва ўнутраным жыцці Беларусі", — сказаў літоўскі прэзідэнт.
Наўседа адзначыў, што пры пашырэнні нацыянальных санкцый Літва будзе ўзгадняць пазіцыю з іншымі краінамі Балтыі і Польшчай.
"Першае рашэнне было пра 30 прозвішчаў. Я адразу сказаў, што спіс не канчатковы і што верагодна яго пашырэнне. Як раз над гэтым пытаннем мы зараз і працуем, і імкнемся, каб гэтыя рашэнні нараджаліся сумесна — каб мы не ў адзіночку іх прымалі і спаборнічалі, а дамаўляліся з суседзямі, перш за ўсё з Латвіяй і Эстоніяй", — сказаў Науседа.
Ён дадаў, што мае намер гаварыць і з прэзідэнтам Польшчы ў найбліжэйшай будучыні, таму што "там таксама ідзе такое абмеркаванне".
Па паведамленнях СМІ, краіны Еўрапейскага саюза ўзгаднілі ўнясенне ў санкцыйны спіс 40 прадстаўнікоў беларускага рэжыму.
У санкцыйным спісе будуць асобы, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і датычныя да жорсткага падаўлення пратэстаў.
Па словах аднаго з дыпламатаў, спіс пакуль з'яўляецца няпоўным, паколькі да гэтага часу працягваюцца дыскусіі, ці павінен быць у ім Аляксандр Лукашэнка.