Праваабарончы цэнтр “Вясна” абараняе свой сайт у судзе
18 лютага суд Цэнтральнага раёну Менска разглядае скаргу намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» на рашэнне Генпракуратуры ўнесці сайт spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў. Суддзя — Алена Сямак, якая раней разглядала справы аб "невыязных праваабаронцах". Прадстаўнік адказчыка - намеснік начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Генеральнай пракуратуры Павел Елісееў.
Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч у судзе 18 лютага. Фота Радыё Свабода
Валянцін Стэфановіч на пачатковай стадыі працэсу заявіў хадайніцтва дапусціць да слухання прадстаўніка грамадскасці — старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака. Акрамя таго, дазволіць заяўніку і яго прадстаўніку азнаёміцца з пастановай Генпракуратуры, на падставе якога сайт spring96.org быў унесены ў спіс забароненых. Стэфановіч таксама выступіў з хадайніцтвам аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Суд і прадстаўнік пракуратуры падтрымалі хадайніцтвы, за выключэннем апошняга. Такім чынам, судаводства вялося на рускай мове, але паказанні Стэфановіча і Гулака былі ўнесены ў пратакол пасяджэння на беларускай. Пры гэтым суддзя адзначыла, што кампутар у зале пасяджэння не прыстасаваны да беларускай мовы.
Па хадайніцтве прадстаўніка пракуратуры да матэрыялаў справы далучаныя скрыншоты з матэрыяламі сайта ПЦ "Вясна".
У адказе на зварот Стэфановіча Генпракуратура узказывала, што адной з падстаў ўнясення сайта spring96.org ў спіс забароненых, з’явілася публікацыя матэрыялаў неправамернага характару. Пастанова аб гэтым было вынесена ў жніўні 2011 года, аднак у матэрыялах справы прадстаўлены спасылкі ў асноўным на артыкулы, якія выйшлі пасля жніўня 2011-га, гэта значыць ужо пасля вынясення пастановы аб унясенні сайта ў спіс забароненых.
Стэфановіч аспрэчвае парушэнне сваіх правоў як аднаго з аўтараў сайту ПЦ "Вясна", а менавіта — незаконнае абмежаванне на распаўсюд інфармацыі. На яго думку, у пракуратуры не было падстаў на ўнясенне сайта ў спіс забароненых, бо матэрыялы, размешчаныя на ім ні якой выявай не парушаюць закон, а наадварот, спрыяюць паляпшэнню прававой культуры насельніцтва.
Пазіцыя Генпракуратуры заснаваная на тым, што на сайце spring96.org была размешчана інфармацыя аб дзейнасці арганізацыі — ПЦ "Вясна" , якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю ва ўстаноўленым законам парадку, а значыць, размяшчэнне такой інфармацыі таксама з'яўляецца парушэннем закона. Елісееў адзначыў, што скаргаў ад грамадзян на інфармацыю, размешчаную на spring96.org, не паступала, пракуратура самастойна прыняла рашэнне аб унясенні сайта ў спіс забароненых у парадку нагляду па ўказц прэзідэнта №60. Прадстаўнік Генпракуратуры падкрэсліў, што інфармацыя на сайце ПЦ "Вясна" прапагандуе супрацьпраўныя дзеянні, падрывае асновы дзяржаўнасці, таму забарона для дзяржаўных арганізацый на карыстанне дадзеных электронным рэсурсам праваахоўнікі лічаць абгрунтаваным.
У судзе абвешчаны перапынак.