Перспектывы пашпарта новай Беларусі: Аўштравічус vs Кавалеўскі

Дэпутат Еўрапейскага парламента ад Літвы і пастаянны дакладчык па беларускай сітуацыі Пятрас Аўштравічус у інтэрв’ю «Голасу Амерыкі» выказаў сумневы адносна хуткага прызнання пашпарта новай Беларусі. Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па замежных справах Валерый Кавалеўскі не пагадзіўся.

3e5c7e_c689de29ccb947f7b3855fd823551699mv21_mugn6.png

Калі нейкая асобная краіна Захаду захоча прызнаць «пашпарт новай Беларусі», яна павінна будзе «ўлічыць многія аспекты, якія на гэты момант не прапрацаваны», заявіў Пятрас Аўштравічус. «Я ўпэўнены, што з юрыдычнага пункту гледжання і ўсіх іншых фактараў, якія вядуць да прызнання таго ці іншага пашпарта, [у справе з «пашпартам новай Беларусі»] адсутнічае шмат розных складнікаў, у тым ліку — суверэнітэт і тэрытарыяльнасць гэтага дакумента», — выказаў думку ён.

Сама ідэя гэтага дакумента «выглядае прывабна», адзначыў Аўштравічус, але паколькі «няма выразнага адказу па яго суверэнітэце», «вельмі цяжка ўявіць, што ў хуткім часе можна спадзявацца на прызнанне такога пашпарта».

«Я сам гаварыў з дыпламатамі, з кіраўнікамі апазіцыйнага руху і думаю, што трэба ісці больш практычным шляхам — выдачы дакументаў для просьбітаў палітычнага прытулку», — мяркуе еўрапарламентарый.

Ён заклікаў беларусаў за мяжой перастаць наведваць Беларусь. «Многія, якія вяртаюцца ў Беларусь для аднаўлення дакументаў, яшчэ не разумеюць, у якую рызыкоўную сітуацыю яны сябе ставяць. Яны рызыкуюць сваім жыццём, сваім здароўем і сваёй будучыняй. Гэта ж таталітарны рэжым — сачэнне за ўсімі ідзе кругласутачна, таму такія рызыкоўныя паводзіны не павінны працягвацца», — сказаў палітык.

Аўштравічус прызнаў, што «са сканчэннем дзеяння пасведчання асобы ўзнікаюць цалкам канкрэтныя праблемы», аднак упэўнены, што «многія краіны гатовы іх вырашаць вельмі практычна».

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па замежных справах Валерый Кавалеўскі,каментуючы «Позірку» словы Аўштравічуса, заявіў, што падстаў для прызнання «пашпарта новай Беларусі» больш чым дастаткова.

Кавалеўскі сказаў, што дэмсілы «прапануюць рашэнне», якое можа дазволіць «захаваць суб'ектнасць беларускага народа, а гэта якраз і з'яўляецца асновай суверэнітэту».

«Што тычыцца тэрытарыяльнай прыналежнасці, то ёсць пашпарты Мальтыйскага ордэна, які не валодае сваёй тэрыторыяй, ёсць пашпарты, якія выдаюцца міжнароднымі арганізацыямі. Аднак яны прызнаюцца многімі краінамі, у тым ліку і Літвой», — звярнуў увагу Кавалеўскі.

Глядзіце таксама

Аб праекце «пашпарта новай Беларусі» стала вядома ў лютым 2023 года. Дэмсілы пачалі распрацоўваць альтэрнатыўны дакумент на фоне ўнясення паправак у закон аб грамадзянстве, якія даюць уладам магчымасць пазбаўляць грамадзянства, атрыманага на падставе права нараджэння, беларусаў, асуджаных за «экстрэмізм», якія схаваліся ад пакарання. Адкарэктаваная адпаведным чынам рэдакцыя закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» уступіла ў сілу ў ліпені мінулага года.

4 верасня 2023-га Лукашэнка падпісаў указ №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Летась, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», мінімум 125 чалавек было затрымана пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.

Большасць з іх затрыманы пасля праверкі змесціва мабільных тэлефонаў супрацоўнікамі КДБ ці мытні. Вядома, што пазней большая частка з іх былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП).

«Часцей за ўсё затрымліваюць пасля вяртання з Літвы, але праверкі і затрыманні адбываюцца на ўсіх прапускных пунктах — у тым ліку часта затрымліваюць і пасля праверак на мяжы з Расіяй», — адзначаюць праваабаронцы.

Таксама вядомы выпадкі ўзбуджэння крымінальных спраў і прысудаў у дачыненні да тых, каго затрымалі.

Глядзіце таксама