Беларускі пашпарт ад дэмсіл: Дзе ён будзе дзейнічаць і хто яго будзе выдаваць?
Падчас апошніх замежных візітаў Святланы Ціханоўскай усё часцей гучыць пытанне новых пашпартоў. Прадстаўнік Аб*яднанага пераходнага кабінета па міжнародных пытаннях Валерый Кавалеўскі распавёў «Н*шай Ніве», калі іх чакаць і як гэта плануюць рэалізоўваць.
Навошта спатрэбіўся беларускі пашпарт
Беларусы, якія пасля 2020 года беглі ад рэпрэсій, сутыкнуліся з праблемай, калі рэжымныя консульствы ці амбасады адмаўляліся абменьваць ім пашпарты, у якіх закончыўся тэрмін дзеяння.
Распрацоўка новага беларускага пашпарта было грамадскім
запытам да каманды Святланы Ціханоўскай.
Выдача такога дакумента вырашыць тры задачы.
«Першая: дакумент павінен пацвердзіць грамадзянства беларусаў.
Многія нашы суайчыннікі не хочуць пазбаўляцца ці губляць беларускае
грамадзянства. Але ў замежнай краіне так ці інакш паўстае пытанне пра
легалізацыю, паўстае пытанне пра атрыманне грамадзянства ў краіне пражывання.
Другая: дакумент мусіць не толькі пацвярджаць статус
грамадзяніна Беларусі, але і быць прыдатным для паездак, для выкарыстання ў
банках ці для паўнацэннай жыццядзейнасці ў чужой краіне.
Трэцяя задача — не даць рэжыму магчымасці кантраляваць жыццё
беларусаў нават па-за межамі Беларусі. Часам пашпарт становіцца інструментам
ціску на людзей, адсутнасць дакумента можа паралізаваць жыццё чалавека, ставіць
яго ў стрэсавыя сітуацыі. Праз распрацоўку новага беларускага пашпарта мы
дасягаем мэты, каб беларусы сапраўды сталі вольнымі», — кажа Валерый
Кавалеўскі.
Хто задзейнічаны ў рэалізацыі праекта
Сам дакумент ужо распрацаваны. Ён адпавядае стандартам ICAO — Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі.
«Дагэтуль мы вялі перамовы з Еўрапейскай камісіяй, апаратам
камісара па ўнутраных справах і атрымалі сігнал аб прынцыповай гатоўнасці дапамагчы з
прызнаннем дакумента, калі мы прынясём у Еўрапейскую камісію гатовы праект. Для
гэтага патрэбна вырашыць яшчэ адну тэхнічную праблему — выкарыстанне кода краіны ў пашпарце адной з краін Еўрапейскага саюза. Цяпер мы вядзём перамовы па
выкарыстанні такога кода і, як толькі атрымаем згоду, зможам звярнуцца ў
Еўрапейскую камісію за падтрымкай», — кажа Кавалеўскі.
Рашэнне будзе прымаць не Еўрапейская камісія, а краіны
Еўрасаюза.
«Усе — і прадстаўнікі нацыянальных урадаў, і Еўрапейская
камісія, яе кіраўніцтва — прызнаюць, што праект вельмі дзёрзкі, вельмі смелы,
але адначасова бачаць у ім логіку і патрэбу», — заўважае Кавалеўскі.
На якой тэрыторыі будзе дзейнічаць новы пашпарт
Плануецца, што дакумент будзе дзейнічаць на тэрыторыі Еўрасаюза, калі будзе падтрымка ад краін ЕС. Пасля сферу ўжывання гэтага дакумента змогуць пашырыць — каб Вялікабрытанія, ЗША, Канада ці іншыя краіны ўжо на двухбаковай аснове маглі прызнаваць яго прыдатным для перасячэння іх меж.
Хто і дзе будзе выдаваць пашпарты
Пашпарты будзе выдаваць Аб*яднаны пераходны кабінет.
«Як тэхнічна будзе выглядаць працэдура — ужо тэхнічнае
пытанне, але яно значна менш складанае, чым тая задача, над якой мы працуем
цяпер. Многія краіны не друкуюць пашпартоў, а дэлегуюць гэтае права адмысловым
кампаніям, якія спецыялізуюцца на выпуску такой прадукцыі», — заўважае
Кавалеўскі.
Хто будзе атрымліваць новыя пашпарты
«Канешне, мы будзем нацэльвацца на тое, каб у першую чаргу пашпарты атрымлівалі людзі, якія адчуваюць вострую патрэбнасць у дакументах. Безадносна таго, дзе яны знаходзяцца», — дзеліцца Кавалеўскі.
Існуюць тэхнічныя магчымасці прывозіць мабільныя лабараторыі
ў канкрэтную краіну, праводзіць персаналізацыю дакумента, збіраць звесткі пра
чалавека, а сам пашпарт будзе друкавацца ў іншым месцы.
Новыя
пашпарты, кажуць у Кабінеце, змогуць атрымаць і беларусы, якія засталіся ў
Беларусі, але наяўнасць такога дакумента будзе несці для іх вялікую рызыку.
Часавыя
рамкі рэалізацыі праекта
Усё залежыць ад падтрымкі адной з краін Еўрасаюза, якая дасць дазвол на ўжыванне краінавага кода: як атрымаюць дазвол, то пяройдуць да наступнага этапу.
Дэдлайнам
Кабінет разглядае ліпень 2023 года, калі ўступіць у сілу закон, які дазваляе
пазбаўляць беларускага грамадзянства палітычных апанентаў рэжыму.
«Гэты «закон» прыняты нелегітымным рэжымам, таму, я мяркую,
гэтая норма не будзе прызнавацца міжнароднай супольнасцю. Але на выпадак, калі рэжым
абвесціць, што пашпарт канкрэтнага грамадзяніна з’яўляецца несапраўдным, а гэта
значыць, з ім нельга будзе перасякаць мяжу, лепш займець новы
незаплямлены пашпарт», — кажа Кавалеўскі.