Не ўкушу, дык пагаўкаю. Пазбаўленне грамадзянства — прызнанне бяссілля рэжыму

«Рэжым не можа атрымаць чалавека ў сваё распараджэнне, не можа яго пакараць, адпаведна, адзінае, што яму застаецца, сказаць: беларус, ты цяпер не беларус», — лічыць юрыст Алесь Міхалевіч.

crowd_1_logo.png

Лукашэнка асабіста будзе прымаць рашэнне аб пазбаўленні беларусаў па нараджэнні, якія асуджаны за «экстрэмізм», грамадзянства. Кожны выпадак будзе разглядаць адмысловая камісія, але канчатковае рашэнне застаецца за беларускім правіцелем. Менавіта так апісала механізм пазбаўлення беларусаў грамадзянства «дэпутатка» Лілія Ананіч. Па яе словах, новы закон аб грамадзянстве павінен уступіць у сілу з ліпеня 2023 года.

«Трохі вышэй за Бога» — так калісьці выказваўся пра Лукашэнку былы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. Калі і не моцна пацешыў самалюбства свайго начальніка, то ягоную сутнасць падмеціў дакладна: жаданне распараджацца чужымі жыццямі Лукашэнка дэманструе ад самага пачатку, па гэтай прычыне, відаць, дагэтуль і не адменена смяротнае пакаранне.

Але «беглыя», як Лукашэнка грэбліва называе тысячы беларусаў, якія мусілі шукаць паратунку ад рэпрэсій за мяжой, знаходзяцца па-за межамі фізічнай даступнасці: кінуць у турму рэжым іх не можа, а на падманныя заклікі вяртацца «на каленях» яны не вядуцца.

І што застаецца? Правільна — забраць грамадзянства: не ўкушу, дык пагаўкаю. Аднак ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць цікавыя падводныя камяні.  Пра іх і запыталі ў адваката Алеся Міхалевіча.

— Вацлаў Гавэл калісьці напісаў знакамітае эсэ «Сіла бяссільных». Дык вось, з майго пункту гледжання, рэжым распісаўся ва ўласным бяссіллі, прыняўшы гэты закон. Атрымаць беларусаў у сваё распараджэнне рэжым не можа: увесь цывілізаваны свет па правілах экстрадыцыі нікога не выдасць.

Я падымаў пытанне, чаму Расійская Федэрацыя выдала Юрыя Зянковіча (юрыст Юрый Зянковіч асуджаны па «справе змоўшчыкаў» на 11 гадоў калоніі) без экстрадыцыйнага працэсу — гэта парушэнне не толькі расійскага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, гэта парушэнне ўсяго. Бо Расія — асобная дзяржава, Беларусь — асобная дзяржава, а таму павінна была быць юрыдычная працэдура экстрадыцыі. Юрыя Зянковіча, як я разумею, перасадзілі з машыны ў машыну і аддалі ў лапы беларускіх органаў. ФСБ Расіі на запыт расійскага адваката, які прадстаўляў нашу пазіцыю ў РФ, адказала, што існуе нейкая сакрэтная дамова паміж КДБ і ФСБ, паводле якой яны і дзейнічаюць.

Пра што гэта я? Фактычна ніводная краіна, за выключэннем Расіі, сёння не выдасць Беларусі нікога. Нават цяжка мне ўявіць, што некага ў Беларусь экстрадзіруе Грузія, Арменія ці нават Азербайджан, які сам далёкі ад еўрапейскіх прававых стандартаў.

Так што, паўтаруся, гэты закон — распіванне ва ўласным бяссіллі: беларускі рэжым не можа атрымаць чалавека ў сваё распараджэнне, не можа яго пакараць, адпаведна, адзінае, што яму застаецца, сказаць: беларус, ты цяпер не беларус.

— І тым не менш, нават знаходзячыся ў іншай краіне, беларус мусіць вырашаць юрыдычныя праблемы, звязаныя з пазбаўленнем грамадзянства...

— Паўстае пытанне: як доўга чалавек будзе захоўваць беларускі пашпарт? Як мы ўжо ўбачылі, беларускі рэжым можа падаваць заяўкі на прызнанне страчаных дакументаў, не ануляваных, а «страчаных». (У канцы снежня кіраўніцу цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў «Наш дом» Вольгу Карач знялі з самалёта ў Рыме пры спробе сесці на рэйс у Бухарэст. Па паведамленнях медыя, яе пашпарт аказаўся ануляваным, а ў базе даных Інтэрпола дакумент значыўся як скрадзены. — «НЧ») Прыклад Вольгі Карач, як я зразумеў, першая ластаўка, прэцэдэнт, пасля якога пойдуць наступныя кейсы.

Але любая еўрапейская краіна, ЗША, Канада, Аўстралія будуць даваць такому чалавеку прытулак. Калі чалавек мае пастаянны від на жыхарства ў гэтай краіне, як правіла, усе краіны маюць так званы трэвел дакумент небежанца — для людзей, якія па нейкіх прычынах не могуць атрымаць пашпарт сваёй краіны.

Статус бежанца атрымліваць неабавязкова?

— Статус бежанца неабавязковы, таму што ёсць трэвел дакумент для асоб без грамадзянства, які выдаецца фактычна ўсімі краінамі. У Эстоніі, Латвіі жыве процьма людзей, якія не атрымалі грамадзянства: іх продкі не пражывалі ў незалежнай Эстоніі, Латвіі, а самі яны не захацелі здаваць экзамен па мове, але маюць магчымасць спакойна ездзіць, а некаторыя краіны, нават Расія, даюць ім бязвізавы рэжым.

Адбіранне грамадзянства створыць вельмі маленькія праблемы ў параўнанні з тымі праблемамі, якія рэжым хацеў стварыць.

Афіцыйны Мінск не можа рабіць запытаў пра тое, што чалавек пазбаўлены грамадзянства. У чалавека ёсць легальны беларускі пашпарт, які мае канкрэтны тэрмін дзеяння. Калі тэрмін дзеяння гэтага дакумента выйшаў, то ён мусіць праінфармаваць краіну знаходжання, што ўжо не грамадзянін Беларусі. Беларуская дзяржава ў гэтым плане мае вельмі абмежаваныя магчымасці, тым больш што перад пазбаўленнем чалавека грамадзянства яго мусяць абвясціць злачынцам у адпаведнасці з адным з палітычных артыкулаў Крымінальнага кодэкса. А ўсе артыкулы палітычныя…

Скажу так: большасць маіх кліентаў-расійцаў былі б шчаслівыя, каб Расія пазбавіла іх грамадзянства. Але Расія прынцыпова не пазбаўляе іх грамадзянства, нават калі чалавек просіць.

У Беларусі выхад з грамадзянства — таксама вельмі складаная працэдура, якая займае вельмі шмат часу. Калі чалавек захоча выйсці з беларускага грамадзянства, то яму давядзецца вельмі напружыцца: сабраць цэлую кучу паперак з падатковай інспекцыі, з ваенкамата, а пасля дзяржорганы доўга-доўга будуць разглядаць справу. А тут дзяржава сама кажа: мы рашылі, што вы не грамадзянін, і пазбаўляе грамадзянства адным махам. Але адначасова дзяржава прызнае, што чалавек — злачынца, і ён мусіць адседзець. А гэта значыць, што ёсць дакумент, які пацвярджае ці даказвае яго наўпроставыя сувязі з Рэспублікай Беларусь. Я заўсёды жартаваў, што з’яўляюся адным з палітыкаў, які меў дакументальнае прызнанне таго, што я патрэбны Рэспубліцы Беларусь: РБ патрабавала маёй экстрадыцыі з Чэхіі і напісала, што я ёй вельмі патрэбны.

— Беларускі пашпарт выдаецца на 10 гадоў. Да прыкладу, чалавек атрымаў пашпарт у 2023 годзе і тады ж выехаў з краіны. Пашпарт беларуса дзейнічае да 2033 года., але ўлады пазбаўляюць яго грамадзянства…

— Але з пашпартам на руках вы лічыцеся грамадзянінам Беларусі, і Літва будзе прызнаваць вас як грамадзяніна Беларусі. Дакладней, Літва будзе прызнаваць ваш пашпарт.

— І пашпарт будзе з’яўляцца законным дакументам, які сведчыць асобу?

— Беларускі пашпарт будзе заставацца законным дакументам. На гэтым і пабудавана ўся міжнародная супраца па крымінальных справах: максімум, што можа дзяржава, дык толькі прасіць іншую дзяржаву пра штосьці. Суверэнітэт Рэспублікі Беларусь заканчваецца на Гудагаі, а ўжо ў Кяне суверэнітэт Рэспублікі Беларусь не дзейнічае. 

Забраць беларускі пашпарт у чалавека беларуская дзярджава самастойна не можа. Яна мусіць звярнуцца ў кампетэнтныя органы Літвы, а кампетэнтныя органы Літвы афіцыйнаму Мінску не давяраюць. Таму рэжым і злуе, таму і прымае ўсе гэтыя законы (пра пазбаўленне грамадзянства, пра завочныя прысуды, пра завочную канфіскацыю маёмасці). Гэта нагадвае дзіцёнка, які, робячы няўклюдныя рухі, намацвае межы дазволенага, эксперыментуе над тым, што эфектыўна, што неэфектыўна, што працуе, а што не. Так і лукашэнкаўскі рэжым прамацвае: а раптам мы знойдзем тое, што ім будзе балець?

Думаю, што не знойдуць.