Рэдактарка «Новага Часу» стала пераможцай праваабарончай прэміі ў намінацыі «Журналіст года 2022»

Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці ўручаецца штогод за дасягненні ў галіне правоў чалавека.

photo_2023_01_11_16_11_54.jpg

Уручэнне прэміі адбылося ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскага ў Вільні 11 студзеня.

У намінацыі «Праваабаронца года» перамагла Наста Лойка, якая зараз знаходзіцца за кратамі. «Праваабарончай ініцыятывай года» празнаны Міжнародны камітэт па расследванні катаванняў у Беларусі.

А ў намінацыі «Журналіст 2022 года» пераможцай стала рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб.

Намінацыю «Журналіст/ка года» вылучаецца журналіст/ка альбо блогер/ка, які/якая цягам мінулага года найбольш актыўна і яскрава асвятляў/ла пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, ТВ- ці радыёпраграмы мелі найвялікшы грамадскі рэзананс альбо ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека і фундаметальных свабод у краіне.

Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аксана Колб была затрыманая 20 красавіка 2022 года.Ёй прад'явілі абвінавачанне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 15 чэрвеня спадарыню Аксану асудзілі на 2,5 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Журналістка 29 ліпеня пакінула Беларусь.


Ад імя Аксаны Колб узнагароду атрымала праваабронца і кіраўніца «Радаславы» Вольга Гарбунова. Яна зачытала зачытала прывітальнае слова рэдактаркі НЧ:

«Гэта вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду ды яшчэ ў такія часы! І безумоўна гэта не мая ўзнагарода, а ўсёй нашай каманды Новага Часу, у тым ліку тых, хто зараз за кратамі Дзяніса Івашына і Мікалая Дзядка. І гэта ўзнагарода іншых калег, што сёння за кратамі. І тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Радзімы, і асабліва тых, хто дасюль працуе ў Беларусі.

Свабоода слова гэта базавае права. Такое ж як права на жыццё. Бо без свабоды слова кожны бздураваты дыктатар паверыць, што мае права на жыцці людзей. Без свабоды слова чалавек не можа адчуваць сябе вольным. І менавіта таму ў нашай краіне журналістаў спрабуюць прымусіць замаўчаць. Але свабоду слова не магчыма закратаваць і забіць!»

Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым Альянсам". За гэты часам пераможцамі сярод журналістаў былі: 2008 — Сямён Печанко, "Наша Ніва" , 2009 — Алег Груздзіловіч, "Радыё Свабода" , 2011 — фотажурналісты Юлія Дарашкевіч і Уладзь Грыдзін, 2012 — Анджэй Пачобут, "Gazeta Wyborcza", 2013 — журналісты, якія робяць праграму "Маю права" на тэлеканале "Белсат", 2014 — Алена Панкратава, аўтарка цыкла перадач «Свабода ў турмах», ды сайт "Вясны", 2015 — Зміцер Лукашук, Еўрапейскае радыё для Беларусі, 2016 год — Адар’я Гуштын і Зміцер Дрозд, 2017 год — Галіна Абакунчык, Радыё Свабода, 2018 год — Ірына Леўшына, БелаПАН, 2019 год — Ганна Соўсь, Радыё Свабода, 2020 год — Кацярына Барысевіч (TUT.BY),Кацярына Андрэева, Дар'я Чульцова (Белсат), 2021 год — Дзяніс Івашын ( InformNapalm, «Новы час»)