Паўлюк Быкоўскі пра выбары: «Электаральны працэс так арганізаваны, што вынік будзе прадказальны»

За што выступалі кандыдаты, ці крытыкавалі яны ўладу і што адметнага ёсць у выбарчай кампаніі — распавядае аналітык Паўлюк Быкоўскі. 

Фота «Радыё Свабода»

Фота «Радыё Свабода»

Палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі аналізуе, з якім пасланнем ішлі на выбары кандыдаты ад улады, адзначае, чым гэтая кампанія стала ўнікальнай, і адказвае на пытанне «Радыё Свабоды», навошта і Лукашэнка, і сілавікі ўзмацняюць напружанасць у грамадстве і дзяржаве.

— Якім быў агульны наратыў праўладных (а іншых гэтым разам і не было) кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў? Які мэсэдж яны даносілі да выбарнікаў у рамках афіцыйных формаў агітацыі?

— Збольшага немагчыма было пабачыць чагосьці нават мінімальна падобнага на дыскусію паміж кандыдатамі. Бо яны ўсе, як і старшыня ЦКВ Карпенка, заяўлялі, што выступаюць за мір, дабрабыт і стабільнасць. Слова «стабільнасць» стала цяпер радзей ужывацца, але сэнс гэты застаўся: усе павінны выказвацца за захаванне таго, што ёсць.

Глядзіце таксама

Кандыдаты не казалі, што яны хочуць дыскутаваць, абмяркоўваць розныя шляхі развіцця, — і блізка такога не было. Казалі часцей пра тое, як важна ўсім узяць удзел у выбарах. Але што канкрэтна яны прапануюць, так і не было сказана. Некаторыя заяўлялі, што яны выслухалі «наказы выбарнікаў».

— Ці кандыдаты пераймаліся тым, каб ствараць бачнасць нейкіх сустрэч з выбарнікамі, пікетаў, наведвання працоўных калектываў, каб потым справаздачу пра гэта магла даць афіцыйная прэса? Ці нават такой фармальнай імітацыі на гэты раз не рабілася?

— Я не магу заяўляць, што пікетаў ці сустрэч зусім не было. Але яны дакладна не сталі нейкім фактам, які б абмяркоўваўся ў грамадстве ці нават у афіцыйнай прэсе. Калі і былі сустрэчы, то яны не прыцягнулі ўвагі нават дзяржаўнай прэсы.

Кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў гаварылі пра асартымент тавараў у крамах, пра якасць пітной вады — рэчы, вельмі далёкія ад палітыкі. Не гучала ніякай крытыкі ўладаў, нават на тым узроўні, што, маўляў, мясцовыя ўлады недзе недапрацоўваюць. Усё выглядала толькі як барацьба добрага з лепшым, нібы ў фільмах і кнігах у стылістыцы сацыялістычнага рэалізму. Але гэта не тое, што можа прыцягнуць увагу выбарнікаў. Нават дзяржаўным журналістам было вельмі складана паказаць, чым гэта кампанія цікавая.

Глядзіце таксама

— Ці можна канстатаваць, што вось гэтым цяперашняя кампанія кардынальна адрознівалася ад усіх папярэдніх выбарчых кампаній? Ранейшыя таксама цалкам кантраляваліся ўладай, але атмасфера была іншая. Бралі ўдзел і апазыцыйныя кандыдаты, выпадковыя асобы, былі пэўныя дыскусіі, прапановы, ідэі — цяпер нічога гэтага няма.

— Менавіта так. Можна сказаць, што калі раней былі «аддушыны» (на радыё і тэлебачанні выступалі кандыдаты з рознымі палітычнымі поглядамі, нешта рэзкае антыўладнае заяўлялі), то зараз нічога такога няма зусім.

Адбываліся нават забаўныя ў пэўным сэнсе рэчы. Па адной акрузе ідзе кіраўнік партыі «Белая Русь» разам з сябрамі сваёй партыі. Відаць, гэта зроблена, каб не было галасавання «супраць», каб стварыць імітацыю канкурэнцыі.

Глядзіце таксама

— У большасці акруг зразумела, хто стане дэпутатам, аднак у некалькіх адбываліся пэўны змены ў самы апошні момант. Чаму? Да таго ж яшчэ на этапе рэгістрацыі ўлады не прапусцілі нават ідэйна блізкіх актывістаў, якія, аднак, не ўваходзяць у падрыхтаваныя спісы будучых дэпутатаў. А вось Вользе Бондаравай дазволілі зарэгістравацца кандыдаткай у Мінскі гарсавет і праводзіць пікеты.

— Ёсць ініцыятыўныя людзі, лаяльныя да рэжыму, але не ўключаныя ў сістэму. І сістэма іх проста выкарыстоўвае ў сваіх мэтах. Ім дазваляюць праяўляць сваю актыўнасьць настолькі, наколькі гэта карысна рэжыму. Але можа скласціся сітуацыя, калі такія асобы вымушаныя будуць запісваць «пакаяльныя відэа» і тлумачыць, чаму яны не мелі рацыю, калі акажацца, што яны зачапілі кагосьці ў сістэме.

Некалькі такіх ініцыятыўных персонаў удзельнічаюць у выбарчай кампаніі на мясцовым узроўні — выбары ў Палату прадстаўнікоў не іхны ўзровень. Электаральны працэс так арганізаваны, што не даводзіцца сумнявацца ў тым, што вынік будзе прадказальны.

— Аляксандар Лукашэнка неаднаразова збіраў розныя нарады, рэзка выказваўся пра гэтыя выбары як пра крытычна важнае мерапрыемства. Казаў, што ворагі будуць расхістваць сітуацыю ў Беларусі падчас кампаніі, хаця ніякіх прыкметаў гэтага не назіраецца. Навошта ён падымае градус напружанасці?

— Лукашэнка дзейнічае паводле старой схемы, разглядаючы кожную электаральную кампанію як выпрабаванне для кіроўнага рэжыму. Раней аўтарытарная ўлада была схільная дэманстраваць народную падтрымку, паказваць, што выбары ўплываюць на прыняцце рашэнняў. Звычка гаварыць аб пагрозах, звязаных з электаральным працэсам, засталася.

Думаю, спецслужбы кладуць на стол Лукашэнку ўсе магчымыя негатыўныя для рэжыму варыянты разьвіцця падзей. І нават калі гэтыя варыянты выглядаюць эфемернымі, Лукашэнка памятае досвед 2020 года. І таму мы па тэлебачанні назіраем, як сілавікі паказваюць сітуацыю, калі выбарнік фатаграфуе бюлетэнь, і, больш за тое, дэманструюцца нейкія пастановачныя сцэны, калі побач з выбарчымі ўчасткамі шугае полымя, адбываюцца тэракты. Відавочна, гэта зусім не тое, да чаго рыхтуюцца апаненты рэжыму.

Глядзіце таксама