«Памянялі месцамі Ціханоўскую і Лукашэнку». Экс-сябры выбаркамаў — пра фальсіфікацыі выбараў
Ужо ў гэтую нядзелю, 25 лютага, у Беларусі адбудзецца адзіны дзень галасавання на парламенцкіх і мясцовых выбарах. Паводле даных Цэнтрвыбаркама, датэрміновае галасаванне б'е рэкорды — за два дні ўдзел у ім прынялі амаль 15% выбаршчыкаў. Назіральнікаў ад АБСЕ на выбары не паклікалі, незалежных назіральнікаў на ўчастках таксама не будзе, таму кантраляваць працэс галасавання і фіксаваць магчымыя парушэнні практычна няма каму. «Люстэрка» пагаварыла з двума сябрамі выбарчых камісій, якія працавалі на мінулых выбарах, каб даведацца, як менавіта адбываюцца фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
«У асноўным бюлетэні ўкідваў старшыня, але некаторыя сябры камісіі таксама праяўлялі ініцыятыву»
Яўген двойчы быў сябрам участковай выбарчай камісіі ў адным з абласных цэнтраў Беларусі. У 2019 годзе ён працаваў на парламенцкіх выбарах, а ў 2020-м — на прэзідэнцкіх. У абодвух выпадках мужчына на ўласныя вочы бачыў, як адбываецца фальсіфікацыя вынікаў галасавання. Паводле слоў беларуса, спосаб залежыць ад узроўню выбараў і яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі.
— На выбарах 2019 года я бачыў укід бюлетэняў у момант датэрміновага галасавання, — кажа Яўген. — Кіраўніцтва камісіі вельмі перажывала за яўку. За каго прагаласуюць — ім усім было без розніцы. Жанчына, сябра камісіі, узяла каля 20 бюлетэняў і схавала іх сабе пад попу. Я спытаў, навошта яна гэта зрабіла. Спачатку яна сказала, што так трэба. Потым я ўсё ж такі вывеў яе на размову — прызналася, што гэта неабходна на выпадак, калі будзе не хапаць яўкі, то гэтыя бюлетэні ўкінуць. Так і адбылося.
Падобную сітуацыю на адным з участкаў у Мінску назіраў і Юрый, які таксама быў членам камісіі ў 2019 і 2020 гадах. Ён кажа, што на парламенцкіх выбарах кіраўніцтва вельмі перажывала за яўку. Для таго, каб у выніковых пратаколах лічба прагаласаваўшых была большая, чым у рэчаіснасці, старшыня і яго намеснік укідвалі бюлетэні ў скрыні.
— Я гэта бачыў, назіральнікі гэта бачылі, але ўсе адварочваліся і рабілі выгляд, быццам нічога не адбылося, — распавядае Юрый. — Для гэтага быў абраны момант, калі на ўчастку не было старонніх людзей: ні выбаршчыкаў, ні прэсы — толькі сваё кола. У асноўным бюлетэні ўкідваў старшыня, але часам некаторыя сябры камісіі таксама праяўлялі ініцыятыву і рабілі гэта. Але колькасць для ўкіду вызначаў старшыня. Гэта залежала ад таго, якая была яўка ў бягучы момант часу.
На карысць якога з кандыдатаў укідваліся бюлетэні, суразмоўцы не ведаюць, але мяркуюць, што галачкі ў іх былі прастаўлены за праўладных кандыдатаў. Юрый кажа, што ні ў каго з прысутных у момант укіду бюлетэняў у скрыню для галасавання не ўзнікла пытанняў да кіраўніцтва камісіі.
— Паверце, абсалютна ўсе сябры камісіі ведаюць, што адбываецца, — уздыхае мужчына. — Калі гэта здарылася ўпершыню, то я, адкрыўшы рот, глядзеў на тое, што адбываецца, і ў мяне было толькі адно пытанне: «Што вы робіце наогул?» Потым мне сталі тлумачыць: «Разумееш, выбары не пройдуць, бо ты ж бачыш, што людзі не ідуць». Сапраўды, усім абыякава. Такое пачуццё, што ўсім проста без розніцы, хто будзе ў гэтым раёне дэпутатам.
«Пратаколы на подпіс нам падсоўвалі яшчэ да падліку галасоў»
Абодва суразмоўцы кажуць, што на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года фальсіфікацыі праходзілі па іншай схеме. Яна адрознівалася ад выбараў у парламент. І Яўген, і Юрый адзначаюць, што яўка на тым галасаванні была беспрэцэдэнтнай, таму арганізаваць укід кіраўніцтву камісій было складана — у такім выпадку бюлетэняў магло не хапіць на ўсіх выбаршчыкаў. Таму вынікі галасавання былі скажоныя на ўзроўні выніковых пратаколаў камісій.
— Пратаколы на подпіс нам падсоўвалі яшчэ да падліку галасоў, — распавядае Яўген. — Гэта таксама рабілі ў момант, калі на ўчастку не было выбаршчыкаў. Дакументаў было шмат, я нават не разумеў, пад чым менавіта стаўлю подпіс. Але ўпэўнены, што пратакол з вынікамі галасавання мы падпісалі загадзя, яго прынеслі прыкладна ў раёне 18-19 гадзін (участкі для галасавання сканчаюць працу ў 20.00).
Аднак фармальна падлік галасоў усё ж адбываўся, кажа Юрый. І дадае, што, мяркуючы па колькасці бюлетэняў у стосах розных кандыдатаў, на яго ўчастку ўпэўнена перамагла Святлана Ціханоўская.
— Пры падліку датэрміновага галасавання колькасць бюлетэняў за Лукашэнку і Ціханоўскую была прыкладна аднолькавая, — успамінае мужчына. — А вось у асноўны дзень галасавання розніца была ў некалькі разоў. Раскажу, як я гэта выявіў. Са скрыні ўсе бюлетэні выкідваюцца ў адну кучу, і потым ідзе падлік. Кожны сябра камісіі складае каля сябе стосы бюлетэняў па кандыдатах. Пасля падліку галасоў я паспеў сабраць усе стосы з галасамі за Лукашэнку і Ціханоўскую, склаў іх побач, пасля чаго націснуў рукой на пачкі. Так давялося зрабіць таму, што тыя людзі, якія галасавалі за Ціханоўскую, складалі бюлетэні гармонікам. Калі мы іх разгортвалі, яны станавіліся «пухнатымі», і ў выніку яе стос быў больш аб’ёмны. Але нават з грузам на пачку бюлетэняў было відавочна, што галасоў за Ціханоўскую аддалі дзесьці ў пяць разоў больш, чым за Лукашэнку.
Але візуальнае адрозненне стосаў бюлетэняў за розных кандыдатаў не ўтрымала старшыню камісіі ад фальсіфікацыі вынікаў галасавання, кажа Юрый:
— Пасля перадачы старшыні камісіі інфармацыі аб выніках падліку галасоў ён сышоў да сябе ў кабінет і нешта доўга там рабіў — магчыма, заключаў здзелку з сумленнем, я не ведаю. Пасля старшыня выйшаў з кабінета і неразборліва абвясціў усім чальцам камісіі вынік, затым вывесіў пратакол на стэндзе і хутка пайшоў у выканкам. Я, падышоўшы да стэнда, убачыў лічбы і зразумеў (думаю, гэта зразумелі і многія іншыя сябры нашай камісіі), што ў пратаколе старшыня памяняў месцамі вынікі галасавання за Лукашэнку і Ціханоўскую. Я прапанаваў пералічыць, але мяне ніхто з членаў камісіі не пачуў ці не захацеў пачуць. Толькі ў адной дзяўчыны я ўбачыў расчараванне ў вачах, астатнім было як быццам усё роўна. Я проста развярнуўся і сышоў з участка, хоць трэба было дачакацца дазволу старшыні. Пасля гэтага мяне больш не запрашалі ў выбарчую камісію — ні на рэферэндуме ў 2022 годзе, ні цяпер.
«За прэзідэнцкія выбары заплацілі каля 100 рублёў»
Аналагічная сітуацыя была і на выбарчым участку ў абласным цэнтры, дзе працаваў Яўген. Ён сцвярджае, што Святлана Ціханоўская перамагла там з вялікім адрывам ад Аляксандра Лукашэнкі.
— Дакладнай колькасці галасоў я не памятаю, але магу сказаць у сантыметрах, якія складалі стосы падлічаных бюлетэняў, — распавядае мужчына. — Стос за Ціханоўскую быў прыкладна 25 сантыметраў у вышыню, а за Лукашэнку — дзесьці блізу трох сантыметраў. А потым нас проста падманулі. Раней бюлетэні за кожнага кандыдата складалі ў асобны стос і апячатвалі, а тут усё сабралі ў адну кучу. Я спытаў старшыню, чаму так? Ён адказаў, што мы ўсе падлічылі і зафіксавалі. Потым да членаў камісіі выйшла сакратар, сказала, што яна нешта накасячыла, ёй трэба перарабіць пратакол. І папрасіла кожнага з нас паставіць подпіс у пустым дакуменце. Прыйшлося гэта зрабіць. Там не было ніводнай лічбы. Усё адбылося вельмі хутка, ніхто з членаў камісіі нават не паспеў абурыцца. У выніку на стэнд вывесілі пратакол, згодна з якім перамог Лукашэнка.
Яўген кажа, што стаць сябрам выбарчых камісій ён быў вымушаны, бо працаваў на кіроўнай пасадзе ў дзяржаўным прадпрыемстве:
— На прэзідэнцкіх выбарах некаторыя мае калегі спрабавалі адмовіцца, але атрымалася толькі ў аднаго — па стане здароўя. Нам сказалі, што мы адданыя і правераныя людзі, таму шанцу «саскочыць» няма. За кожны дзень дзяжурства на выбарчым участку мне плацілі каля 50 рублёў. У прынцыпе, тое самае, што і на асноўным месцы працы.
Юрыю ж праца ў выбаркаме была цікавая. Кажа, што хацеў сам убачыць, як усё адбываецца.
— За прэзідэнцкія выбары мне
заплацілі каля 100 рублёў, — успамінае мужчына. — Гэта за ўсе
дзяжурствы і працу ў асноўны дзень галасавання. Калі б прапанавалі яшчэ раз, то
я б адмовіўся. Але мне і не прапаноўваюць пасля таго, як я сышоў з участка.