Чыноўніка цягнулі ў дэпутаты, але выявілася, што сын удзельнічаў у пратэстах. Што было далей?

Начальнік Докшыцкага раённага аддзела адукацыі Дзмітрый Парцянка балаціраваўся на раённыя выбары як кандыдат ад улады. Але не прайшоў праверкі спецслужбамі: пры паглыбленым вывучэнні асобы высветлілася, што яго сын затрымліваўся па палітычным артыкуле. Вынік —чыноўніка не толькі знялі з дыстанцыі, але яшчэ і выгналі з работы, піша «Наша Ніва».

Дзмітрый Парцянка. Фота «Настаўніцкай газеты»

Дзмітрый Парцянка. Фота «Настаўніцкай газеты»

Дзмітрый Парцянка меўся пераабрацца ў мясцовыя саветы дэпутатаў — намінальны збор прадстаўнікоў уладнай вертыкалі, дзейнасць якіх не ўплывае абсалютна ні на што.

Але нават каб трапіць туды, мала адной рэкамендацыі ад райвыканкама і лаяльнай біяграфіі — трэба яшчэ быць у адказе за сваякоў. Па гэтым пункце, паводле інфармацыі выдання, Дзмітрый не прайшоў.

Перашкодай стаў адміністратыўны пратакол за ўдзел у пратэстах, складзены на сына чыноўніка ў 2020-м. Тое, што Парцянка-малодшы сапраўды знаходзіцца ў базе «Беспарадкі», журналісты праверылі праз аб’яднанне былых сілавікоў «Белпол».

У выніку Парцянку-старэйшага не толькі знялі з выбараў, прымусіўшы напісаць заяву аб самаадводзе, але і выгналі з дзяржаўнай работы.

«7 лютага 2024 года адбудзецца пасяджэнне Докшыцкай раённай выбарчай камісіі, на якім будзе разгледжана пытанне аб заяве кандыдата ў дэпутаты Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў Парцянкі Д.Д. аб зняцці сваёй кандыдатуры», — суха паведамляе сайт райвыканкама.

Канкурыраваць за месца ў райсавеце Дзмітрый Парцянка меўся з Данутай Лявоха — начальніцай цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Цяпер выбары па той акрузе сталі безальтэрнатыўнымі.


Глядзіце таксама

Асноўны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы прызначаны на 25 лютага. Нават у параўнанні з мінулымі лукашэнкаўскімі «выбарамі», калі ўсё было вядома загадзя, гэтая электаральная кампанія адрозніваецца татальным кантролем і безальтэрнатыўнасцю кандыдатаў. Сярод іх няма ніводнага, хто б прадстаўляў апазіцыю. Як, уласна, і апазіцыі ў Беларусі не засталося — усё іншадумства ў краіне зачысцілі пасля падзей 2020 года, і гэты працэс яшчэ працягваецца.

У дадатак да гэтага працэс галасавання на сёлетніх выбарах адзначаны дзіўнай актыўнасцю сілавікоў. Яны ахоўваюць выбарчыя ўчасткі як рэжымныя аб’екты, нібыта каб прадухіліць неякія правакацыі супраць сябраў выбарчых камісій. Прозвішчы чальцоў гэтых камісій — людзей, якія будуць фальсіфікаваць вынікі галасавання — засакрэчаны.