Акцыі якіх беларускіх кампаній прадаваліся лепш за ўсё ў 2023 годзе?
Па выніках 2023 года сума таргоў на біржы на 27% перавысіла паказчык папярэдняга года. Якія акцыі беларускіх кампаній былі самымі запатрабаванымі?
Дробныя рознічныя інвестары часцей за ўсё купляюць акцыі беларускіх банкаў, а вось самыя буйныя здзелкі адбываюцца з паперамі прамысловых, сельскагаспадарчых і будаўнічых прадпрыемстваў, паведамляе «Беларусы і рынак».
За мінулы год на Беларускай валютна-фондавай біржы былі заключаны 4,7 тысяч здзелак з акцыямі адкрытых акцыянерных таварыстваў на суму 19,9 млн рублёў.
Найбольшы грашовы аб'ём здзелак прыпадае на акцыі прадпрыемстваў прамысловасці (38,5%) і сельскай гаспадаркі (27,6%). Такія даныя прыводзіць інвестыцыйная кампанія «Айгенис».
Пры гэтым на гадавую статыстыку моцна паўплывалі дзве найбуйнейшыя здзелкі года:
— 23 чэрвеня былі прададзеныя амаль 74 тысяч акцый (47,4% у статутным капітале) ААТ «СММ» (Пінскі завод сродкаў малой механізацыі), сума — 4,6 млн рублёў.
— 29 снежня за 4 млн рублёў была прададзеная амаль тысяча акцый (10,2% статутнага фонду) ААТ «Прыазерскае-Агра».
Без уліку гэтых дзвюх здзелак вынікі рынку акцый становяцца больш сціплымі, а лідарства па аб'ёме здзелак пераходзіць прадпрыемствам будаўнічай галіны (30,8%): сярод будаўнічых арганізацый найбольшая сума была ў «Мінскпрамбуда» — больш за 2 тыс. рублёў.
Калі аналізаваць колькасць здзелак на біржы за год, то лідарам апынецца фінансавы сектар — на яго прыпадае амаль палова ўсіх здзелак. У топ-3 уваходзяць:
«Беларусбанк» — 666 здзелак,
«Сбер Банк» — 570 здзелак,
«Приорбанк» — 412 здзелак.
Пры гэтым з пачатку 2021-га года па канец 2023-га сярэднеўзважаны кошт адной простай акцыі «Беларусбанка» ўпаў на 85% (з 1,43 да 0,21 руб), у той жа час асобна за 2023 год рост склаў 75%.
Кошт простай акцыі «Сбер Банк» за тры гады вырас на 59%. Кошт акцыі «Приорбанк» з 2021 года знізіўся на 11%. Тым не менш акцыі апошняга з'яўляюцца аднымі з самых ліквідных на рынку, паколькі здзелкі куплі-продажу праводзяцца рэгулярна.
Усяго ў 2023 годзе на біржы гандляваліся акцыі 9 беларускіх банкаў. Па выніках года сума таргоў склала 765 тыс. рублёў, што на 27% перавышае паказчык 2022 года. Было здзейснена больш за 2 тысячы здзелак, што ў 2,6 разы больш за ўзровень папярэдняга года. На думку аналітыкаў, гэта сведчыць аб актыўным удзеле ў таргах акцыямі банкаў рознічных інвестараў з невялікімі аб'ёмамі здзелак.