Пасол Расіі Грызлоў: «Гарызонты супрацоўніцтва пастаянна пашыраюцца»
Беларусь і Расія ў найбліжэйшы час зацвердзяць новы інтэграцыйны пакет на 2024-2026 гады. Ён уключае 120 мерапрыемстваў.
«Мы многага дабіліся ў адыходзячым годзе. Практычна завершана маштабная трохгадовая работа па рэалізацыі 28 саюзных праграм. У бліжэйшы час будзе зацверджаны новы інтэграцыйны пакет на 2024-2026 гады. Ён уключае ў сябе ўжо 120 мерапрыемстваў, якія ахопліваюць значна больш шырокі спектр напрамкаў супрацоўніцтва. Асаблівы ўпор будзе зроблены на ўмацаванні культурна-гуманітарных сувязей. Канешне, нам трэба будзе вырашыць яшчэ нямала задач. Аднак, як паказаў 2023 год, іх пастаноўка ўсё менш вызначаецца знешнімі ўмовамі, і ўсё больш — нашым агульным усвядомленым выбарам. Мы ўступаем у Новы год з упэўненасцю, што дасягнем пастаўленых мэт», — адзначыў пасол Расіі Барыс Грызлоў, перадае БелТА.
Паводле яго слоў, адыходзячы год пацвердзіў абсалютную правільнасць гістарычнага выбару брацкіх народаў — развіваць інтэграцыю і ўмацоўваць супрацоўніцтва, заснаванае на агульнай гісторыі, якія аб’ядноўваюць сапраўдныя каштоўнасці, непарыўную духоўную і цывілізацыйную блізкасць.
«Сёння, у адрозненне ад пераломнага 2022 года, гаворка ідзе зусім не аб мінімізацыі шкоды, а аб доўгатэрміновым планаванні з прыцэлам на развіццё інавацыйных вытворчасцей, рэалізацыю маштабных прарыўных праектаў з магутнай навуковай і тэхнічнай базай», — падкрэсліў Грызлоў.
Ён таксама адзначыў, што ад імпартазамяшчэння бакі перайшлі да стварэння новай эканомікі Саюзнай дзяржавы.
«Задачы становяцца ўсё больш амбіцыйнымі, а гарызонты супрацоўніцтва пастаянна пашыраюцца», — сцвярджае пасол Расіі.
Размовы пра інтэграцыю дзвюх краін працягваюцца даўно, піша «Радыё Свабода». У 2020 годзе яны адышлі на другі план на фоне палітычнага крызісу ў Беларусі і масавых пратэстаў супраць дзейнай улады. Да інтэграцыйных размоў вярнуліся ў 2021 годзе: ужо ў верасьні апублікавалі і падпісалі ўсе 28 «дарожных мапаў» інтэграцыі. Грызлоў заявіў, што маштабная трохгадовая работа па рэалізацыі гэтых праграм практычна завершаная.
Сярод іншага, у «дарожных мапах» прапісваліся канкрэтныя крокі, якія патрабавалі змены беларускага заканадаўства, а менавіта:
• Інтэграцыя плацежных сістэмаў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў дзяржаўных кантрольных органаў, што да адсочвальнасці тавараў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў маркіроўкі тавараў,
• Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў,
• Фармаванне аб’яднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў,
• Фармаванне аб'яднанага рынку электрычнай энергіі,
• Развіццё атамнай энергетыкі,
• Уніфікацыя заканадаўства ў сферы турыстычнай дзейнасці.