Палітвязень Міхаіл Жамчужны атрымае медаль да 100-годдзя БНР?
Пра гэта Міхаіл Жамчужны паведаміў у паштоўцы, якую даслаў з калоніі віцебскаму праваабаронцу Леаніду Свеціку. Рада БНР магчыма ўзнагародзіць палітвязня медалём у гонар БНР-100 «за дзейнасць на карысць свабоднай і незалежнай Беларусі», піша spring96.org.
Міхаіл Жамчужны, які адбывае зараз тэрмін зняволення ў Горацкай калоніі № 9, паведаміў у паштоўцы, што атрымаў ліст з Амерыкі.
«Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць юбілейным медалём за дзейнасць на карысць свабоднай і незалежнай Беларусі» мяне. Ня ведаю, як і калі, але табе першаму паведамляю…» – напісаў Жамчужны праваабаронцу.
Раней старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла паведамляла Радыё Свабода, што поўныя спісы ўзнагароджаных медалём ня будуць апублікаваныя, і гэта «тлумачыцца ў тым ліку патрэбамі бяспекі ў дачыненні да некаторых асобаў».
Юбілейны медаль «100 гадоў БНР» быў заснаваны Радай БНР у 2018 годзе. Першым такім медалём быў у лютым 2018 году ўганараваны (пасмяротна) беларускі гісторык Юры Туронак. Паводле афіцыйнага сайту Рады БНР, у спіс узнагароджаных ужо ў 2018 годзе ўвайшло больш за 130 чалавек – палітыкаў, актывістаў, культурніцкіх дзеячоў і навукоўцаў з Беларусі, беларускае дыяспары, а таксама з ліку замежнікаў. У пашыраным спісе, які апублікавала сёлета напярэдадні БНР-101 Радыё Свабода, значыліся былыя палітвязні Зміцер Дашкевіч, Сяргей Каваленка і Вячаслаў Сіўчык, але цяперашняга палітычнага зняволенага Міхаіла Жамчужнага ў спісе на той момант не было.
У паштоўцы, дасланай у Віцебск праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, палітвязень паведамляе яшчэ, што «пачаў перамагаць Горацкі суд» і што абскардзіў свой статус «экстрэміста» ў Дэпартамент выканання пакаранняў і начальніку калоніі. Зазначае, што такі статус прымяняюць у беларускіх калоніях, каб «Захад не бараніў».
Міхаіл Жамчужны піша, што ўжо восьмы раз яму адмаўляюць за свой кошт набыць вітаміны. «Працягваю вайну», – напісаў палітвязень на палях паштоўкі.
Дапоўнена: у рэдакцыю «Новага Часу» звярнуўся Алесь Чайчыц, сакратар інфармацыі Рады БНР. Ён паведаміў, што інфармацыя пра ўзнагароджанне Міхаіла Жамчужнага медалём да стагоддзя БНР памылковая і не адпавядае рэчаіснасці. Усе паведамленні пра ўзнагароджанні публікуюцца на афіцыйных каналах Рады: facebook.com і radabnr.org.