Падпалкоўнік КДБ пра «ліст Гайдукова ў ЦРУ»

Спецслужбы спрабуюць апраўдаць сябе за правалы ў працы. Такім чынам былы контрвыведнік і падпалкоўнік запасу КДБ Сяргей Аніська пракаментаваў чарговыя спробы ўладаў дыскрэдытаваць палітвязня Андрэя Гайдукова.



aniska.jpg

«На маю думку, лепш бы старшыня КДБ не даваў адмашку для гэтай публікацыі, і мала-памалу скандальная гісторыя са «шпіёнскай справай» Андрэя Гайдукова стала б забывацца. Дык не ж, чэкісты самі ініцыююць непазбежныя крыватолкі ў грамадстве адносна свайго прафесійнага ўзроўню, хоць у гэтай спецслужбе заўсёды дзейнічала і павінна дзейнічаць сакрэтнае правіла: контрвыведка, як і грошы, любіць цішыню.


Можна задацца пытаннем, якая мэтазгоднасць з'яўлення гэтага артыкула ў «Саўбеліі». Заўсёды ёсць мэтазгоднасць двух відаў. Першая — гэта палітычная, але я яе не бачу, таму што з Гайдукова шпіён, як з некаторых палітыкаў балерыны. Наадварот, гэты артыкул выкліча шквал негатыўнай рэакцыі ў Беларусі з боку апазіцыі і праваабаронцаў, а таксама за мяжой. Другая — гэта эканамічная мэтазгоднасць, але эканоміка тут наогул ніякім бокам. Таму міжволі напрошваецца толькі адзін адказ, што з'яўленне гэтага артыкула з'яўляецца спробай адбяліць сябе за дрэнна замаскіраваны правал у працы», — упэўнены былы конрвыведнік.
Эксперт адзначыў, што ўважліва перачытаў увесь артыкул, і яму цікавы момант, што ЦРУ атрымала гэты ліст, але не стала звязвацца з Андрэем Гайдуковым.
«Яны ўважліва прачыталі гэты ліст, прааналізавалі і выдатна прадставілі, што за ім стаіць альбо гульня, альбо хлопец, з якім звязвацца не варта. Таму зразумела, што ЦРУ не стала нават адказваць на гэты ліст, хоць у ім я не ўбачыў ніводнага моманту, які б з нацяжкай цягнуў хоць на нейкае шпіёнскае пасланне.


У савецкія часы ў чэкісцкім асяроддзі была грубаватая прымаўка: «Притянуть муде к бороде».


Я бачу толькі гэта. Так, ён піша, што «мы бачым шляхі вырашэння ў падрыхтоўцы маладых лідараў, правядзенні інфармацыйных палітычных акцый, пашырэнні прававых ведаў сярод грамадзян». Ну і што тут такога? Гэта ж, як у Астапа Бэндэра — дапамагчы бяздомным галодным дзецям. Мала таго, ён дадае, што «мы хочам атрымліваць Вашы кансультацыі, парады ў гэтым пытанні». Ён не прапануе ЦРУ ніякіх сакрэтаў і не прапаноўвае даць яму батон з выбухоўкай», — падкрэсліў падпалкоўнік запасу КДБ
Ён адзначыў, што Андрэй Гайдукоў на рэалізацыю сваіх грамадска-сацыяльных і палітычных спраў хацеў атрымаць грошы.
«Але ў нас у краіне гранты атрымліваюць шмат хто: палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і іншыя. Ён хацеў атрымаць грошы, зняць офіс, зарэгістравацца і праводзіць навучальныя семінары. Таму я не ўгледзеў ніякага шпіянажу ў гэтым лісце.

Мала таго, калі ён хацеў атрымаць замежны грант, то ў такім выпадку давайце заводзіць справу ў дачыненні да многіх дзяржаўных структур. У Беларусі замежныя гранты атрымліваюць па адукацыйных праграмах многія ВНУ і спадары з Акадэміі навук. Калі прытрымлівацца логікі, што ён просіць грошы на сваю палітычную дзейнасць, то тады можна ўзбуджаць справы ў дачыненні да Мытнага і Памежнага камітэта Беларусі, таму што памежныя пераходы пабудаваныя за грошы Еўразвяза.


У любым выпадку, я лічу, у КДБ ёсць шанец рэабілітавацца і даказаць, што яны не дарма ядуць народны хлеб. Я думаю, што праз месяцы тры-чатыры мы станем сведкамі новага судовага працэсу па чарговай «шпіёнскай справе», — падсумаваў Сяргей Аніська.
Нагадаем, газета адміністрацыі Лукашэнкі апублікавала правакацыйны артыкул пра Андрэя Гайдукова, у якім прыводзіць тэкст «ліста для ЦРУ», які палітвязень нібыта перадаў праз свайго сябра, які ехаў у Германію.
charter97.org