Новікаў: Выкарыстанне спорту ва ўнутранай палітыцы адштурхнула ад яго
Пра "адарванне спорту на хвалі палітызацыі" заявіў вядомы беларускі журналіст, намеснік галоўнага рэдактара газеты "Прессбол" Сяргей Новікаў падчас публічнай лекцыі
ў офісе партала tut.by 28 лютага.
Паводле яго слоў, у адрозненне ад іншых краін, спорт у Беларусі з'яўляецца фактарам не толькі знешняй, але і ўнутранай палітыкі; ёсць віды, закліканыя ў якасці вітрыны сведчыць пра
правільнасць выбранага шляху. "Гэта адштурхоўвае значную частку спажыўцоў спорту, найперш гэта жыхары вялікіх гарадоў, якія не з'яўляюцца маргіналамі", — адзначыў
Новікаў.
Ён падкрэсліў, што ў беларускім спорце галоўным з'яўляецца заваёва медалёў, а не відовішчнасць. "Пры ўсёй павазе ні ў адной краіне стралок не стаў бы лепшым спартсменам. Лепшым стаў бы
той, хто ў цэнтры ўвагі", — лічыць аратар.
Новікаў заявіў, што ў параўнанні з савецкімі часамі значна ўпала цікавасць да спартыўнай прэсы: у БССР "Советский спорт" выходзіў накладам 700 тыс. асобнікаў, у Беларусі наклад самага
папулярнага аўторкавага нумара "Прессбола" ў 45 разоў меншы. На рынку не прыжыліся беларускія "клоны" "Советского спорта" і
"Спорт-экспресса". "Які спорт, такая і цікавасць да яго. Які спорт, такі і прыход", — сказаў Новікаў.
У якасці прыкладу правільнага падыходу да спорту як да "прэміум-відовішча" журналіст назваў хакейны клуб "Дынама" (Мінск), які збірае на дамашнія матчы па 15 тыс.
гледачоў. "Абудзілася цікавасць да хакея ў маладых бацькоў, якія павядуць дзяцей у хакейныя секцыі", — лічыць ён.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН