Някляеў і Статкевіч на 22 верасня выкліканыя ў суд

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар стваранага грамадскага руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў на 22 верасня выкліканыя ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, паведаміў БелаПАН старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.



niakliaeu_15_11.jpg

Паводле яго слоў, абодва палітыкі зараз знаходзяцца за межамі Беларусі. "Ніхто ім у рукі позвы не ўручаў, яны за іх не распісваліся. Хутчэй за ўсё, яны ведаюць гэтую інфармацыю ад дамашніх. Наколькі я ведаю, гэтыя паведамленні з найгрубейшымі працэдурнымі парушэннямі", — сказаў Лябедзька. 


Ён выказаў меркаванне, што позвы ў суд дасланыя ў сувязі з правядзеннем 10 верасня каля ГУМа несанкцыянаванага пікета "За сумленныя і свабодныя выбары", у якім бралі ўдзел Статкевіч і Някляеў. У дачыненні да абодвух палітыкаў тады былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Лябедзька не выключыў, што аналагічную позву могуць даслаць і яму, таму што ён таксама быў на пікеце. 


Нагадаем, Статкевіч пасля выхаду на волю 22 жніўня пастаўлены на прафілактычнае назіранне на восем гадоў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН