Нелегальныя мігранты — адказ Лукашэнкі на патрабаванне Польшчы вызваліць Пачобута?

Беларускія ўлады зноў будуць выкарыстоўваць мігрантаў для гандлю з ЕС?

_belarus_ekanomika_czorny_kot_zyccjo_2023_fota_novy_czas_logo.jpg

Краіны ЕС, што мяжуюць з Беларуссю, чакаюць, што з пацяпленнем вырасце колькасць мігрантаў, якія паспрабуюць нелегальна перайсці мяжу з боку нашай краіны.

Новы віток міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з краінамі-сябрамі ЕС ужо пачынаецца, піша «Нямецкая хваля». Але цяпер краіны-суседкі паспрабуюць пакараць Мінск фінансава — Літва мае намер адсудзіць у яго 120 мільёнаў еўра кампенсацыі, але гэта будзе няпроста.


Наплыў мігрантаў на мяжы з Польшчай

Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў адзначае, што Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае мігрантаў як палітычную зброю, і гэта адзін з нямногіх даступных яму інструментаў для ўздыму ставак у барацьбе з Захадам.

«Лукашэнка і далей будзе выкарыстоўваць мігрантаў для палітычнага гандлю, галоўнае пытанне — зняцце санкцый, асабліва па калійных угнаеннях, — лічыць эксперт. — Наўрад ці варта чакаць гэтыя летам такога ўсплёску, як быў у 2021 годзе, аднак колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы расце».

Так, у сакавіку польскія памежнікі не прапусцілі на сваю тэрыторыю больш за 2,5 тысячы мігрантаў — гэта ў два разы больш, чым у пачатку года.

«Гэта рэкорд за апошнія 16 месяцаў, адзначае Коршунаў. — Больш высокія паказчыкі былі толькі на піку крызісу ў канцы 2021 года».

На думку сацыёлага, так Мінск адказвае на рашэнне Варшавы закрыць памежны пераход у Бераставіцы і патрабаванні вызваліць палітвязня Анджэя Пачобута.


На мяжы з Літвой пакуль спакойна

На гэтым фоне вылучаецца зусім іншае стаўленне Беларусі да Літвы. На мяжы з ёй — у адрозненне ад беларуска-польскай, цяпер зацішна. Узімку здаралася, што цэлымі тыднямі не было ніводнай спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку РБ. «Можна меркаваць, што гэта звязана з надзеяй Лукашэнкі на аднаўленне экспарту беларускага калію праз Літву», — удакладняе Генадзь Коршунаў.

На яго думку, у 2021 годзе Лукашэнка разлічваў, што створаны ім міграцыйны крызіс расколе Еўропу — і так беларускі кіраўнік атрымае палітычнае прызнанне. «Аднак ён пралічыўся, — адзначае Коршунаў. — Еўрапейскія палітыкі паказалі рашучасць і кансалідацыю, санкцыйны ціск толькі ўзмацніўся».


Нелегальных мігрантаў і далей будуць разварочваць на мяжы

У сваю чаргу, Дзяржаўны памежны камітэт РБ заяўляе, што з пачатку 2023 года былі «спыненыя спробы незаконнага выцяснення ў Беларусь больш за 4,5 тысяч чалавек». І прагназуе, што «з надыходам цяпла актывізуюцца арганізатары нелегальнай міграцыі».

У Польшчы і Літве занепакоеныя арганізацыяй прамых рэйсаў з Ірана ў Мінск і рыхтуюцца да таго, што гэта прывядзе да з'яўлення новых міграцыйных патокаў.

Улады Літвы заяўляюць, што і далей будуць разварочваць нелегальных мігрантаў, парламент краіны ўжо ўнёс папраўкі ў законы аб мяжы і статусе замежнікаў.

«Увесь рэгіён павінен прытрымлівацца аналагічнага прававога рэгулявання — прабелы будуць азначаць, што зручна працягваць ціск», — лічыць міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ.

Досвед Польшчы і Літвы паказаў, што ў выпадку масавага наплыву мігрантаў адзін з эфектыўных стрымліваючых сродкаў — плот. На мяжы Літвы з Беларуссю ён расцягнуўся на 502 км (агульная працягласць мяжы — 679 км), на мяжы Польшчы з Беларуссю — на 186 км (агульная яе працягласць — 398 км). У Латвіі заканчэнне будаўніцтва агароджаў на мяжы з Беларуссю чакаецца праз год, яны складуць 150 км (агульная працягласць мяжы — 173 км).


Упершыню на Беларусь могуць падаць у Міжнародны суд ААН

Акрамя таго, у Вільні маюць намер фінансава пакараць Беларусь — Літва рыхтуе пазоў у Міжнародны суд ААН аб парушэнні Мінскам пратакола Канвенцыі супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, які забараняе незаконны ўвоз мігрантаў.

Літоўскія ўлады ўжо падлічылі памер патрабаванай імі кампенсацыі — 120 мільёнаў еўра. Аднак працэдура ўрэгулявання такіх спрэчак і разгляд пазоваў — справа няпростая, тлумачыць юрыст-міжнароднік Кацярына Дзейкала.

Спачатку павінны прайсці перамовы дзвюх краін. Калі кампраміс дасягнуць не атрымаецца, можна звярнуцца ў арбітраж — але для гэтага неабходна згода бакоў, чаго наўрад ці варта чакаць ад Беларусі. «Калі на працягу шасці месяцаў не ўдалося ўзгадніць пытанне з арбітражам, то тады можна звярнуцца ў Міжнародны суд ААН, — працягвае Дзейкала. — Разгляд справы можа зацягнуцца, максімальна кароткі тэрмін — два гады, часам працэс зацягваецца на сем гадоў».



Калі Літва пройдзе ўсе пералічаныя этапы, то гэта будзе першы пазоў супраць Беларусі, пададзены ў Міжнародны суд ААН. Ці змогуць яе ўлады ігнараваць прэтэнзіі? «За ўсю гісторыю Міжнароднага суда такіх выпадкаў не было, — кажа Кацярына Дзейкала. — Беларусь могуць судзіць за тое, што не былі прынятыя меры па недапушчэнні нелегальнай міграцыі, а таксама за яе арганізацыю».

Калі ж Міжнародны суд ААН вынесе рашэнне, што Мінск парушыў указаную канвенцыю, то Літва можа заяўляць аб матэрыяльных прэтэнзіях. У выпадку адмовы Беларусі выплаціць кампенсацыю магчымы яшчэ адзін суд — аб прымусовым спагнанні. Са слоў Дэйкала, у гісторыі міжнароднага суда ААН было ўсяго два такія прыклады, у астатніх выпадках краіны дамаўляліся.

Пры гэтым у судзе, калі такі адбудзецца, будуць разглядаць дзеянні дзяржавы, а не Аляксандра Лукашэнкі, таму магчымую адказнасць Беларусь будзе несці нават пасля змены ўлады. «Аднак рашэнне можа стаць дадатковым аргументам супраць рэжыму Лукашэнкі і магчымых будучых разглядаў, якія будуць тычыцца ўжо яго асабіста і іншых чыноўнікаў, якія парушалі Правы чалавека», — сказала Дзейкала.