Аляксандр Фрыдман: Канфлікт можа прывесці да закрыцця межаў і нават да разрыву дыпадносінаў
Польшча будзе дамагацца пашырэння санкцыяў супраць беларускага рэжыму ў выпадку працягу рэпрэсій у Беларусі, заявіў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Рау. Што адбываецца сёння ў беларуска-польскіх адносінах? І ці вядзе Захад закулісныя перамовы з рэжымам?
Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Найгоршы перыяд
— Напэўна, гэта найгоршы перыяд у беларуска-польскіх адносінах у сучаснай гісторыі. Канфрантацыя працягваецца: абвастрэнне ўзмацнілася з 2020 года, затым наступіў 2021 год — сітуацыя на мяжы яшчэ больш пагоршыла адносіны. Затым міграцыйны крызіс пайшоў на спад, спыніўся ў актыўным выглядзе (апошняя нямецкая статыстыка паказвае, што дагэтуль праз мяжу Беларусі з Польшчай досыць вялікая колькасць нелегальных мігрантаў прарываецца ў Еўропу), але па-ранейшаму нелегальныя мігранты праз беларуска-польскую мяжу трапляюць у Еўрасаюз. Таму беларуска-польскія адносіны зусім дрэнныя па ўсіх кірунках. Засталося не так многа да поўнага закрыцця мяжы, а там справа можа дайсці і да разрыву дыпламатычных адносінаў. Прынамсі, гэта лягчэй уявіць, чым паляпшэнне адносінаў.
— Кіраўнік МЗС Польшчы прыгадаў, што Варшава прапаноўвала беларускім уладам своеасаблівы бартэр: пашырэнне палітычнай і эканамічнай прасторы для манеўру ў абмен на спыненне рэпрэсіяў у Беларусі, але “перамовы не далі належнага выніку”. Ці чулі вы нешта пра такія перамовы?
— На ўзроўні чутак даходзіла інфармацыя, што паміж Мінскам і Варшавай можа нешта адбывацца. Але міністр нічога, па сутнасці, не сказаў: у якім фармаце ішлі перамовы, на якім узроўні; ён фактычна пацвердзіў чуткі, але ніякай канкрэтыкі не падаў.
Калі паміж Мінскам і Варшавай сапраўды вяліся нейкія кансультацыі, то, як мне падаецца, не толькі пра беларускіх палітзняволеных. Польшча як краіна ЕС, канечне, выступае супраць рэпрэсій у Беларусі, але калі зыходзіць з інтарэсаў бяспекі, то для Польшчы больш важнымі з’яўляюцца пытанні мяжы, нелегальных уцекачоў і ўвогуле бяспекі — каб Беларусь яшчэ больш не ўцягвалася ў вайну ва Украіне. Калі размовы і вяліся, то пераважна на гэты конт. Хаця і размовы пра палітзняволеных таксама вяліся — у Польшчы ёсць свае інтарэсы. Галоўны інтарэс Польшчы сёння — справа Анджэя Пачобута.
Рэжым не можа адмовіцца ад рэпрэсій
— Можна ўявіць, што вызваленне і апраўданне Анжалікі Борыс стала магчымым у выніку менаіта такіх перамоў. Гэтага аказалася недастаткова, каб разарваць спіраль эскалацыі?
— Справа Борыс уяўляе сабой тыповы лукашэнкаўскі кейс: на самай справе нічога не зрабіць, але выдаць за прагрэс. Борыс ужо не знаходзілася за кратамі, яна знаходзілася пад дамашнім арыштам: гэта не свабода, але дамашні арышт усё-такі не сапраўдная турма.
Па-другое, Борыс не настолькі вядомая медыйная персона, як Пачобут. Вельмі паказальным з’яўляеца адлюстраванне гэтага кейсу ў прапагандзе, якая прагаварылася, як сітуацыю бачыць Лукашэнка. Фактычна беларуская ўлада нічога не зрабіла: Борыс знаходзілася пад дамашнім арыштам, то-бок, фармальна на волі. Прапагандзе трэба было падкрэсліць, што гэта не жэст слабасці, але адначасова прадэманстраваць імкненне да дыялогу. Польскі бок адзначыў пазітыў зняцця ўсіх абвінавачанняў з Борыс.
Але па іншых праблемах бакі не дасягнулі паразумення ці кансенсусу: прынамсі, пра вызваленне Пачобута гаворкі зараз не ідзе, а ядзерная зброя будзе размяшчацца недалёка ад беларуска-польскай мяжы. Па іншых праблемах паразуменняў няма. Зразумела, для Лукашэнкі на дадзены момант заходні чыннік не з’яўляецца прыярытэтным: ён звязаны з Расіяй куды больш моцна, што ў выпадку нейкіх станоўчых целарухаў у заходнім напрамку праблемы з Расіі могуць прыйсці так хутка і ў такім непрыемным выглядзе, што на дадзены момант ён надзвычай асцярожна ставіцца да любых кансультацыяў з Захадам. Лукашэнка мусіць дзейнічаць з аглядкай на ўсход, каб там не патрапіць пад раздачу.
Ад рэпрэсій жа Лукашэнка адмовіцца не можа: калі выбар робіцца паміж захаваннем улады і кантролем над ёй любымі сродкамі — з аднаго боку, і нейкімі прагматычнымі паслабленнямі з мэтай доўгатэрміновага выйгрышу — з другога, то для Лукашэнкі захаваць уладу сёння куды важней. Ён не можа спыніць махавік рэпрэсій, бо лічыць, што яго падмануць. Дарэчы, Алейнік у Венгрыі таксама казаў, што будуць падманваць. Логіка прыкладна такая. Лукашэнка заўсёды нейкае паразуменне з захадам разглядаў наступным чынам: я на тэрыторыі Беларусі гаспадар, я раблю ўсё, што заўгодна — вы мяне не чапаеце, вы мяне не крытыкуеце, бо гэта не вашая справа. З кім хачу, з тым распраўляюся. Давайце проста развіваць супрацоўніцтва, гандляваць — гэта сапраўдная мара Лукашэнкі: прагматызм без каштоўнасцяў.
Але праблема Лукашэнкі геаграфічная: ён знаходзіцца не ў Азіі. Бо ЗША і ЕС з шэрагам азіяцкіх краінаў так і супрацоўнічаюць: пра парушэнне правоў чалавека ў Азербайджане, В’етнаме, у іншых краінах на Захадзе гавораць куды менш. А Беларусь — еўрапейская краіна, якая мяжуе з Еўразвязам, а парушэнне правоў чалавека ўспрымаецца больш востра. Таму Лукашэнку не даюць паслабленняў з 1994 года, дамаўляцца на яго ўмовах ніхто не жадае; а кампрамісы для Лукашэнкі скончыліся вельмі дрэнна. Мы памятаем перыяд пасля 2014 года, гэтае збліжэнне з Захадам, калі і рэпрэсій было менш, і часы былі больш ліберальныя, і дзяржава не асабліва лезла ў грамадскія справы. І што ў выніку атрымаў Лукашэнка на выхадзе? З яго пункту гледжання, Захад скарыстаўся сітуацыяй, каб сфармаваць у Беларусі, скажам лукашэнкаўскімі тэрмінамі, агентуру — людзей, якія ў ментальным, культурным плане арыентуюцца на Захад.
Лукашэнка вельмі баіцца паўтарэння падзей 2020 года, ён лічыць, што калі спыніць рэпрэсіі (а ён на 100 працэнтаў не знішчыў пратэстны рух 2020 года), то ягоны рэжым зноў захістаецца. Лукашэнка не можа спыніцца, і лозунг “чысціць, чысціць і яшчэ раз чысціць”, які прасоўваюць і Мукавозчык, і Азаронак — галоўныя прапагандысты-радыкалы рэжыму, — гэта не іх лозунг, гэта лозунг Лукашэнкі. Яны лічаць, што яшчэ не вычысцілі краіну — і як тут спыніцца? Маўляў, вы даеце мне паслабленні (здымаеце санкцыі, уведзеныя за рэпрэсіі), я стаўлю крыж на палітычных пераследах, а вы тым часам працягнеце падтрымліваць апазіцыянераў унутры краіны. Яны скарыстаюцца гэтай адлігай. Што будзе ў выніку? У выніку беларускае грамадства ачуняе, і можа, зусім хутка ачуняе: 2020 год захаваўся ў галовах — і Лукашэнка атрымае новыя пратэсты. Больш паўтарацца Лукашэнка не стане, таму рэпрэсіі ён не спыніць.
Новай адлігі ўзору 2014-2015 гадоў Лукашэнка добраахвотна не дапусціць. Але калі рэжым пачне хістацца (магчыма, у сувязі з паразай Расіі ў вайне), то ў такім выпадку гаворка пойдзе не пра лібералізацыю пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, а пра ўмовы існавання Беларусі без Лукашэнкі і, магчыма, пра нейкія гарантыі для Лукашэнкі і выпадку сыходу з пасады.
Захад праводзіць каштоўнасную палітыку, але рэальную палітыку ніхто не адмяняў
— Захад не падтрымлівае афіцыйных стасункаў з Лукашэнкам, але заходнія краіны вядуць, як мы бачым, таемныя перамовы з лукашэнкаўскім рэжымам. Чаму?
— Здзіўляць нічога не павінна. Калі мы паглядзім на ўцечку сакрэтных дакументаў з Пентагона (а выглядае так, што насамрэч гэта аўтэнтычныя дакументы, фальсіфікацыяў няма), то афіцыйная версія гучыць так: адзін з супрацоўнікаў, які меў доступ да дакументаў, вырашыў прадэманстраваць свае магчымасці. Не ведаю, што тут праўда, што не, але калі будзем сыходзіць з сапраўднасці дакументаў, то што мы бачым? Сённяшняя палітыка абсалютна кулуарная, амаральная: кажам адно, робім другое, а думаем трэцяе — гэта прынцып сусветнай палітыкі. Чаму ж у такіх умовах нельга ўявіць сітуацыю: з аднаго боку, публічна ідзе гаворка пра парушэнне правоў чалавека, санкцыі, а з другога — за кулісамі ідуць нейкія перамовы. Трэба пачакаць, можа з амерыканскіх папераў нешта даведаемся і пра закулісныя перамовы, якія вядзе Лукашэнка? Захад праводзіць каштоўнасную палітыку (на жаль, не асабліва паслядоўна, не на 100%), але рэальную палітыку ніхто не адмяняў. А ва ўмовах рэальнай палітыкі можна размаўляць нават з Лукашэнкам, бо ён улада.
У нас ёсць два прыклады апошніх гадоў. Сітуацыя 2021 года, калі з Лукашэнкам размаўляла Меркель, якая пераследавала мэту спыніць міграцыйны крызіс. Яна перайграла Лукашэнку: ён атрымаў толькі тэлефонныя размовы з Меркель, але міграцыйны шантаж яму давялося спыніць.
А пасля пачатку вайны ў лютым Лукашэнку тэлефанаваў Макрон. Тады гаворка ішла пра тое, каб Беларусь не ўцягвалася ў вайну яшчэ больш, чым увайшла на той момант, і каб у Беларусі не размяшчалася ядзерная зброя. Калі на парадку дня стаяць пытанні вайны і міру, пытанні ядзернай зброі, то часам не звяртаюць увагі на тое, што Лукашэнка зрабіў. Калі мы параўнаем сённяшняга Лукашэнку з Лукашэнкам узору лютага 2022 года — хіба ягоны імідж быў лепшы, чым сёння? Горшы, чым сёння: тады Лукашэнка даў беларускую тэрыторыю расійскім войскам для ўварвання ва Украіну, а сёння Лукашэнка пакуль не паслаў беларускае войска на вайну. Калі мы вынесем за дужкі ўнутраную палітыку, якая цікавіць, але не з’яўляецца галоўным фактарам інтарэсу для Захаду, то з пункту гледжання бяспекі ў Еўропе вобраз Лукашэнкі кардынальна не пагоршыўся.
Нават той факт, што Лукашэнка за гэты час паспеў асудзіць Нобелеўскага лаўрэата, не з’яўляецца для заходніх палітыкаў паказчыкам, што з гэтым чалавекам не трэба размаўляць. Тут ёсць адно прынцыповае адрозненне: з ім не размаўляюць публічна, а кулуарна — чаму не? Адзін толькі прыклад: некалькі месяцаў таму фінскі міністр замежных справаў Хаавіста ў інтэрв’ю згадаў сваю размову з Макеем, пра якую ніхто не паведамляў. Макей у свой час падкрэсліваў, што заходнія палітыкі з ім сустракаюцца кулуарна, але сумесных здымкаў ніхто не робіць. Меркавалася, што гэта тыповая рэакцыя рэжыму — паказаць сітуацыю лепшай, чым яна ёсць. Але аказалася, што Макей не хлусіў.
Самазабойства для любога палітыка
— Давайце разгледзім гіпатэтычны сцэнар. Польшча выдае беларускаму рэжыму Латушку, Каардынацыйную раду і астатніх беглых, то на якую “ўдзячнасць” гатовы пайсці Лукашэнка?
— Гэта палітычнае самазабойства для любога палітыка, для любога ўрада — прыняць прапанову Лукашэнкі: маўляў, ён Пачобута адпускае, а ўзамен Латушка і іншыя выдаюцца беларускаму рэжыму. Апынуцца сёння ў Беларусі для Латушкі азначае смяротны прысуд. Таму я не магу сабе ўявіць сітуацыю, у якой польскі ўрад можа пайсці на такі крок.
Прапанову Лукашэнкі можна параўнаць з тым, што зрабілі хаўруснікі Савецкага Саюза пасля Другой сусветнай вайны: Францыя, Германія, іншыя краіны аддалі СССР савецкіх грамадзян, якіх загналі туды на прымусовыя працы, альбо савецкіх ваеннапалонных. Аддалі разам з рускімі мігрантамі, якія збеглі ад бальшавікоў у канцы 1910-х — 1920-х гадоў. Францыя, Вялікабрытанія, ЗША перадалі гэтых людзей у СССР, якіх там пазней арыштавалі, некага адправілі ў ГУЛАГ, некоторых расстралялі. Да сённяшняга дня гэты ўчынак застаецца плямай на рэпутацыі гэтых краінаў.
Уявіць сабе нешта падобнае з боку еўрапейскай краіны немагчыма. У мінулым дзесяцігоддзі быў выпадак з азербайджанскім афіцэрам, які на курсах НАТА ў Будапешце забіў армянскага калегу; у 2004 годзе венгерски суд асудзіў яго да пажыццёвага зняволення, а ў жніўні 2012 года венгерскі бок перадаў яго для далейшага адбыцця пакарання ў Азербайджан, за што атрымалі добрыя кантракты. Афіцэра ж адразу ж вызвалілі.
Такія выпадкі здараліся, але ўсё-такі гэта не абмен. Тэарэтычна такая дыскусія магчымая, дый то толькі ў выпадку, калі беларускі рэжым возьме ў закладнікі некаторую колькасць палякаў ці грамадзян Польшчы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Магчыма, тады магчымыя перамовы па вызваленні польскіх грамадзян. Але гэта чыстай вады спекуляцыі.
Лукашэнка ўжо пайшоў на эскалацыю з Захадам
— Калі Захад не ідзе на перамовы з Лукашэнкам на ягоных ўмовах, то чаго варта чакаць Захаду ад беларускага рэжыму?
— Я думаю, сітуацыю трэба разглядаць у больш глабальным кантэксце — у кантэксце вайны. Лукашэнка, як мне падаецца, працягне займацца рэпрэсіямі. Ён вельмі цесна звязаны з Расіяй, ён чакае, як далей будзе развівацца вайна. Калі вайна пойдзе ў негатыўным для Расіі кірунку, то Лукашэнка вымушаны будзе сам ісці насустрач. На эскалацыю Лукашэнка ўжо пайшоў: для Захаду найважнейшымі пытаннямі з’яўляюцца далейшы ўдзел Беларусі ў вайне і ядзерная зброя. Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі азначае, што Лукашэнка ўжо пайшоў на далейшую канфрантацыю з Захадам. Пытанне пра ўдзел у вайне застаецца на парадку дня. На гэтых пытаннях Захад і выпрацоўвае сваю пазіцыю да Беларусі.
Кампрамісу пакуль не бачна: ступень залежнасці Лукашэнкі ад Расіі вельмі моцная. Нават калі Лукашэнка паабяцае, што Беларусь ніколі не ўвядзе свае войскі ва Украіну (гэта не ў яго інтарэсах), але чаго вартыя яго абяцанні? Ці залежыць гэта ад Лукашэнкі?