Асобная думка. Навошта мы ім?
Тыднямі, месяцамі і нават ужо гадамі палі і дарогі Беларусі стогнуць пад ботамі, коламі і гусеніцамі шматлікіх вайсковых вучэнняў. Бесперапынныя праверкі баяздольнасці і гатоўнасці невядома да чаго сталі ўжо звыклымі. Спецназы, спецспецназы, апалчэнні і чорт яго ведае што яшчэ. Узнікае пытанне: навошта?
Адказ на гэтае пытанне амаль штодня чуваць з самых розных праўладных сродкаў прапаганды — газет, тэлебачання, радыё, інтэрнэту. Яны падобныя адно да аднаго, як танная гарэлка ў вясковай краме, ды і мэта ў іх адна. «Нас хочуць захапіць!», «Рыхтуецца напад!», «Бразгочуць гусеніцамі ля нашых межаў!» і гэтак далей. Звычайна мы круцім пальцам ля скроні і ідзем займацца сваімі справамі, але я б у адказ задаў яшчэ адное пытанне, на якое ніколі ніхто нармалёва не адказаў. А навошта? Навошта камусьці на нас нападаць, захопліваць і бразгатаць гэтымі гусеніцамі па нашым і без таго падрапаным асфальце?
Насамрэч, каму там у Польшчы, Літве, ці нават Германіі, не кажучы ўжо пра ЗША, так карціць усталяваць сваё панаванне на Беларусі? Што тут такога прывабнага для Еўрасаюзу і НАТО? А можа, уладальнікі «Ашанаў» і «Бедронкі» з «Жабкай» спаць не могуць ад поспехаў «Еўраопту» з «Каронай»? Ну, такое сабе, ага...
Можа там, звонку, мараць аб сакрэтных тэхналогіях вырошчвання бульбы ў Драздах? Ці страцілі спакой у спадзяваннях завалодаць таямніцамі «ротарнай жаткі»? А што, калі яны дабяруцца да звышсакрэтных запісаў у блакнотах тых, хто падчас нарадаў на вышэйшым узроўні нешта ўвесь час канспектуе? Суцэльны жах!
А можа, камусьці ў транснацыянальных карпарацыях зусім ужо жыцця не даюць поспехі МАЗу і МТЗ? БелАЗ ужо не прыгадваю... А хіба «Белфармацыя» і спецпратаколы па барацьбе з кавідам, дзякуючы якім кавід ужо сам памёр ад невыноснасці існавання на сучаснай Беларусі, не варты зайздрасці і намераў здабыць гэтае ўсё? Морганы і Ракфелеры штодня ў прыступах істэрыкі!
Ну, канечне ж! Санаторыі і прырода! Ім там ніяк не ўцяміць — як па кошце някепскага адпачынку на моры ў Турцыі ці Балгарыі можна столькі ж дзён правесці восеньскім ці зімовым часам у санаторыі на Нарачы ці ў Радашковічах! Трэба хуценька браць у палон менеджараў гэтага напрамку — калі яны тут такое робяць і людзі вядуцца, то што ж яны ў сапраўдных месцах адпачынку з крутой інфраструктурай зробяць...
А можа, сельская гаспадарка выклікае ўзброеную зайздрасць? Я тут нічога казаць не буду. Прабачце, панове, але лепш захапіць Нідэрланды, якія натуральна кормяць больш за палову свету.
Калі без жартаў, то самае галоўнае і вартае ў гэтай краіне — Людзі! Менавіта Людзі! Амаль кожны — гатовы спецназавец. Неяк так атрымалася, што ў Беларусі людзі прыстасоўваюцца да ўсяго. Яны імкнуцца выжываць у самых паганых умовах. Іх б’юць, саджаюць у турмы, пазбаўляюць працы, жылля і свабоды. А яны жывуць і яшчэ неяк падтрымліваюць тых, каму яшчэ горш. Хаця, здаецца, куды ўжо горш. А яны знаходзяць і падтрымліваюць. Што цікава, яны амаль не адказваюць на гвалт з боку дзяржавы — разумеюць суадносіны сілаў і вышэйшыя за гэта.
Людзі — галоўная каштоўнасць гэтай супярэчлівай да ідыятызму краіны. Але я бы не хацеў апынуцца тут, калі ў Кубак Трывання ўпадзе апошняя кропля.
Яны будуць самі змагацца за Сваю Беларусь з кім заўгодна. Без саветаў бяспекі, прэзідэнтаў, выканкамаў і іншай навалачы. І перамогуць.