Майкл Накі: «Канец Лукашэнкі здарыцца вокамгненна, проста і хутка»
Расійскі журналіст і палітолаг Майкл Накі, які жыве ў Літве, разважае пра прыроду рэпрэсій, адзначаючы, што чым яны большыя, тым больш радыкальны і супраціў. А таксама пра тое, як рэпрэсіі звычайна заканчваюцца.
— Рэпрэсіі, нават сталінскія, патрэбны не для таго, каб загнабіць як мага больш людзей. Яны патрэбны для таго, каб павысіць для кожнага асобна ўзятага чалавека цану яго выказванняў або дзеянняў, — патлумачыў Майкл Накі ў эфіры канала «Л*мпа». — Махавік рэпрэсій раскручваецца не тады, калі гэта прыходзіць у галаву дыктатару, а калі кошт, з пункту гледжання ўлады, перастае быць дастаткова высокім.
Насамрэч, гэта замкнёнае і вельмі заганнае кола. Калі павялічваюць рэпрэсіі, людзей, гатовых хоць на нешта, на антываенны допіс, становіцца менш, таму што рызыкі павысіліся.
Таму агульная колькасць людзей, якія робяць хоць нешта, зніжаецца. Але радыкалізм тых, хто ўсё яшчэ нешта робіць, павялічваецца. І далей будзе яшчэ больш рэпрэсій, яшчэ больш радыкалізму — і так, пакуль рэжым не абрынецца. Пакуль гэта формула дзейнічае так амаль заўсёды.
Не дзейнічала яна толькі ў Сталіна, мы не ўбачылі там нейкага вялікага і радыкальнага адказу з боку грамадства. Але там ёсць скажэнне ў выглядзе Вялікай Айчыннай вайны, таму што, калі яна пачалася, стала неяк складана і з дыктатарам змагацца, і з войскам, якое прыходзіць і забівае.
За кошт гэтага адбылося якое б там ні было яднанне, і гэтыя бесчалавечныя рэпрэсіі трохі знізілі свой запал, і Сталін на гэтым драйверы існаваў і пасля вайны. Тым больш што вялікая колькасць маладых людзей (а менавіта яны, як правіла, драйверы радыкальнага супраціву) загінула.
Таму цяпер, мне здаецца, рэпрэсіі (у Расіі) будуць нарастаць. Адказна рэакцыя таксама будзе нарастаць, і гэта працягнецца да падзення рэжыму.
Таму што ў нейкі момант дыктатар заганяе сябе ў пастку, з якой у яго няма выйсця.
Сцэнар па апісанай формуле палітолаг лічыць цалкам рэальным для сучаснай Расіі, а таксама выказвае свае здагадкі адносна канца дыктатуры ў Беларусі.
— Цяпер у Пуціна вельмі мала «escape-опцый», гэта значыць як бы ён мог выйсці з усяго гэтага. Калі ён толькі пачаў уварванне (ва Украіну — Рэд.), яшчэ першыя тыдні, прыкладна да Бучы, калі яшчэ збіраліся перамоўныя групы, у яго была нейкая колькасць опцый, што называецца «вярнуць усё да 23 лютага».
Але чым больш ён робіць, тым менш у яго такіх магчымасцей. Апошняя кропка, якая гэтаму вельмі моцна перашкодзіць, гэта ордэр МКС. Ён ужо тэхнічна робіць немагчымым гэта вяртанне.
Але, на жаль, праз тое, што краіна вялікая, ядзерная зброя і г.д., працягвацца ўсё можа даволі доўгі час. І гэта самае жудаснае.
Ён не можа вытрымаць доўга. Але, падаючы, ён захоплівае з сабой у бездань усё больш і больш людзей.
А канец Лукашэнкі здарыцца вокамгненна, проста і хутка. Ён не зможа доўга трымацца. Калі гісторыя з Пуціным яшчэ нейкая інтрыгуючая, то з Лукашэнкам усё становіцца зразумела, як толькі Пуцін аказваецца не ва ўладзе, — мяркуе Майкл Накі.