Генадзь Коршунаў: Новы віток міграцыйнага крызісу ўжо пачаўся

Аналізуючы статыстычныя даныя па спробах нелегальнага перасячэння меж Беларусі з краінамі Еўрасаюза, сацыёлаг Генадзь Коршунаў прыходзіць да высновы, што беларускія ўлады ўжо пачалі новы віток міграцыйнага крызісу.

Мігранты штурмуюць польскую мяжу ў лістападзе 2021 года 

Мігранты штурмуюць польскую мяжу ў лістападзе 2021 года 


Вербальныя інтэрвенцыі расійскіх улад адносна будучага размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыях, якія кантралююцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, сталі галоўнай навіной мінулага тыдня. І яны яшчэ доўга будуць у топе самых гарачых тэм, балазе, часу на абмеркаванне пытанняў аб «беларускай ЯЗ» адведзена больш чым дастаткова — прынамсі, да 1 ліпеня 2023 года.

Між тым я б хацеў звярнуць увагу на тое, што ў многіх беларускіх экспертаў прайшло ніжэй за зону радараў, але вельмі ўстрывожыла кіраўніцтва нашых краін-суседак. А менавіта — патэнцыйныя рызыкі раскручвання новага вітка міграцыйнага крызісу на межах з Беларуссю. Тым больш што крызіс гэты так і не сышоў да нуля. І, як справядліва адзначыў Арцём Шрайбман, мігранты застаюцца адным з нямногіх даступных Лукашэнку інструментаў для падняцця ставак у барацьбе з «калектыўным Захадам».

Нагадаю, з чаго ўсё пачалося гэтым разам: 12-13 сакавіка Лукашэнка пабываў у Тэгеране, дзе падпісаў дарожную карту супрацоўніцтва з Іранам да 2026 года. У пералік тэм па супрацоўніцтве, мабыць, уваходзілі і некаторыя дамоўленасці па сінаптычным трэку. Нездарма ж літаральна праз пару дзён пасля вяртання свайго патрона з камандзіроўкі Дзяржпагранкамітэт спрагназаваў, што з пацяпленнем мігранты актывізуюцца.


А тут яшчэ і інфармацыя аб нармалізацыі авіязносін Мінска з Тэгеранам і Багдадам падаспела. Вось ад такіх навін улады Польшчы і Літвы і занепакоіліся.

З іншага боку, было б чаго турбавацца — некалькі самалётаў з поўдня не зробяць ніякага надвор'я на фоне адкрытых меж Беларусі з Усходу, адкуль мігрантаў можна перапраўляць літаральна эшалонамі, у прамысловых маштабах. Вопыт такога расійскага транзіту мігрантаў прама да меж ЕС за мінулы год ужо назапасіўся немалы. Так што самалётнае паведамленне калі і мае нейкае значэнне, то хутчэй толькі сімвалічнае.

Таму што новы этап міграцыйнага крызісу на межах Беларусі і Еўрасаюза ўжо пачаўся.

Я спецыяльна чакаў канца сакавіка, каб сабраць і параўнаць памесячную статыстыку па спробах нелегальнага перасячэння меж Еўрасаюза і Беларусі. І чакаў нездарма, таму што даныя атрымаліся вельмі цікавыя.

Лічбы паказваюць, што, не чакаючы самалётаў з Багдада, колькасць спроб нелегальнага перасячэння беларуска-польскай мяжы ў сакавіку «стрэліла» і больш чым у два разы перавысіла студзеньскія значэнні, стаўшы рэкордам апошніх 16 месяцаў. Больш высокія паказчыкі па прарывах мяжы былі толькі на піку мігранцкага крызісу — у восеньскія месяцы 2021 года.

Прычына такой выбуховай змены трэнду, які раней некалькі месяцаў ішоў на зніжэнне, зразумелая. Гэта рэакцыя польскіх улад на палітычна матываваны прысуд актывісту польскай меншасці Анджэю Пачобуту — закрыццё польскімі ўладамі памежнага пераходу Баброўнікі — Бераставіца, якое прывяло да шматкіламетровых чэргаў на беларуска-польскай мяжы.

snimok_ekrana_2023_04_04_v_14.38.57_1536x981.png


Мэтанакіраванае выкарыстанне мігрантаў як гібрыднай зброі супраць Польшчы становіцца яшчэ больш відавочным, калі паглядзець на тое, што адбываецца ў гэты ж час на межах Беларусі з іншымі краінамі —чальцамі ЕС. Сакавіцкі рост колькасці спроб нелегальнага перасячэння мяжы там істотна меншы, а абсалютныя лічбы меншыя проста ў разы.

Што яшчэ цікава, дык гэта беражлівае (як бы гэта дзіўна ні гучала ў дадзеным кантэксце) стаўленне да беларуска-літоўскай мяжы. У параўнанні з Польшчай, там цяпер поўны штыль. Ці амаль штыль, калі параўноўваць з Латвіяй, асабліва ўлічваючы, што працягласць беларуска-літоўскай мяжы амаль у чатыры разы большая, чым беларуска-латышскай. Узімку здараліся цэлыя тыдні, калі Літвой не фіксавалася ніводнай спробы нелегальнага перасячэння яе мяжы з боку Беларусі.

З чым звязана такая выбарачная дынаміка на беларуска-літоўскай мяжы, адназначна сказаць складана. Але можна асцярожна выказаць здагадку, што некаторую ролю адыгрываюць надзеі Лукашэнкі на хоць нейкую нармалізацыю стасункаў і пашырэнне транспартна-лагістычнага рыльца для беларускай калійкі.


Так што можна, вядома, глядзець на рэгулярнасць авіярэйсаў у Мінск і з Тэгерана, і з Багдада, але толку ад гэтага вялікага не будзе. Ёсць шмат іншых спосабаў завезці ў Беларусь абяздоленых людзей і ператварыць іх у варыянт (анты)гуманітарнай зброі супраць сваіх цывілізаваных суседзяў. І гэта працэс ужо зноўку запушчаны.

P. S. Учора прайшла інфармацыя, што з-пад хатняга арышту вызвалілі кіраўніцу Саюза палякаў Анжаліку Борыс. Пра Пачобута пакуль гаворкі не ідзе. Цікава, гэта ўжо спроба пачаць гандаль? І што будзе ў  найбліжэйшыя тыдні — эскалацыя мігранцкага крызісу або зніжэнне ціску на межы?