Жэст добрай волі? Як разумець затрыманне сотні мігрантаў у аграсядзібе пад Мінскам

У суботу беларуская міліцыя адсправаздачылася пра затрыманне ў Міханавічах 94 нелегальных мігрантаў. Яны знаходзіліся ў адной з аграсядзібаў і рыхтаваліся да прарыву ў ЕС. Але прарыў здзейсніў АМАП, які накрыў мігранцкую «маліну» і ўсіх затрымаў.

Фота МУС

Фота МУС

Пытанні да «бедных людзей» рэзка ўзніклі

Паведамляецца, што затрыманыя з’яўляюцца грамадзянамі Алжыра, Афганістана, Егіпта, Емена, Ірака, Сірыі, Марока і Пакістана. Яны нібыта прыбылі ў Беларусь з Расіі наземным транспартам. Беларускіх віз у іх няма.МУС распавяло, што 54 замежнікі ўжо прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці, ім дадзенае права добраахвотнага выезду з Беларусі. Сямёра, якія не маюць дакументаў, затрыманыя для высвятлення асобы. У дачыненні да чацвярых разглядаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы ў сувязі з парушэннем тэрміну забароны ўезду ў Беларусь. 27 чалавек прымусова выдвараныя з краіны. Двое перададзеныя ў сталічны рэгіён для высвятлення абставін ухілення ад добраахвотнага выезду.
Карацей, у дачыненні да нелегальных мігрантаў беларуская міліцыя ўжыла захады, звычайныя да 2020 года. Дакладней — да 2021-га, калі лукашэнкаўцы ўласнымі рукамі пераўтварылі Беларусь у міграцыйны хаб і стварылі міграцыйны крызіс. Спадзеў быў на тое, што краіны ЕС захлынуцца ад плыні замежнікаў з Блізкага Усходу. Але яны не захлынуліся, а хутчэй наадварот — пабудавалі на межах з Беларуссю высокія платы і дагэтуль стрымліваюць мігрантаў, тым больш, колькасць іх значна паменшылася.
Ёсць мноства сведчанняў, што ўвесь гэты час лукашэнкаўскія сілавікі ўсяляк спрыялі пранікненню нелегалаў у Польшчу, Літву і Латвію. Прапагандысты называлі іх бежанцамі, якіх Захад сам запрасіў да сябе. Сам Лукашэнка казаў, што гэтыя бедныя людзі нічога не парушылі, таму да іх з боку беларускай улады пытанняў няма.
І вось у лютым 2023 года пытанні рэзка ўзніклі. «Бедных людзей» затрымалі, узялі за шкірку і цяпер прымусова дэпартуюць. Чаму? Што здарылася? Лукашэнкаўскі рэжым спыняе міграцыйны крызіс? Дае адпаведны сігнал Захаду? Ці гэта адзінкавы выпадак, бо пранк часам выходзіць з-пад кантролю?
Разгледзім некалькі версій.

Мігрантаў больш не будзе, бо Лукашэнка баіцца закрыцця мяжы Польшчай

youtube_skrin.jpg

Скрыншот з ютубу

Пасля таго як журналісту і актывісту Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту прысудзілі восем гадоў калоніі, адносіны Варшавы і Мінска чарговы раз абвастрыліся. Польшча адрэагавала так, як Лукашэнка не чакаў: закрыла пункт пропуску ў Баброўніках.
Цяпер з Беларусі ў суседнюю краіну можна патрапіць толькі праз два пераходы на Берасцейшчыне. Іх Варшава пакуль трымае адкрытымі, але пакуль Пачобут сядзіць — брамка можа ў любы момант зачыніцца.
У 2021 годзе падчас вострай фазы міграцыйнага крызісу Варшава дзейнічала аналагічна. Спачатку закрыла «Брузгі». Пасля — прыгразіла закрыць мяжу наогул. У Мінску відавочна спужаліся, і крызіс памалу сцішэў.На Баброўнікі лукашэнкаўскі рэжым адрэагаваў зусім нягегла. Запатрабаваў скараціць штат польскага консульства ў Гародні ды забараніў польскім перавозчыкам уязджаць у РБ праз Літву і Латвію. Гэта, відаць, і ёсць той «мяккі» адказ, які абяцаў палякам Лукашэнка.
Наўрад ці тым самым ён зрабіў балюча суседзям. А вось калі суседзі прымуць тое ж рашэнне (яно ўжо анансуецца), то Беларусі яно адгукнецца істотна. Проста таму, што тая ж Літва карыстаецца папулярнасцю ў беларускіх дальнабойшчыкаў.
Бачна, што ў Варшаве настроены рашуча і гатовы ісці на выдаткі. Бачна, што ў Мінску пераймаюцца і не хацелі б рабіць сітуацыю крытычнай.
Чаму рэжым асцерагаецца поўнага закрыцця мяжы з Польшчай? Ёсць прынамсі тры прычыны. Першая: усё ж гэта крыніца даходу — гандаль ёсць гандаль, а з даходамі ў Беларусі зараз не надта. Другая: на розніцы з Расіяй у санкцыях можна рабіць нядрэнны гешэфт. Эксперты адзначаюць, што на мяжы з ЕС добра працуюць шэрыя схемы (у тым ліку кантрабандныя), на якіх грэе рукі найперш лукашэнкаўскае атачэнне. Калі гэта ўсё прыкрыць — будзе вельмі непрыемна.
Ну, і трэцяе: кажуць, ледзь не траціна беларусаў на захадзе краіны жыве з прыбыткаў ад польскіх «закупаў». Там нешта купляюць, тут нешта прадаюць — розніца атрымліваецца неблагая. Паказальна, што ўлады, змагаючыся з «іпэшнікамі-спекулянтамі», закрываюць вочы на гэты памежны гандаль. Вядома, чаму: бо нармальную працу людзям прапанаваць не могуць, то лепш так, чым ніяк. У выпадку закрыцця мяжы дзясяткі тысяч беларусаў на Гарадзеншчыне і Берасцейшчыне патрапяць у складаную сітуацыю. Каго яны будуць у ёй вінаваціць — пытанне рытарычнае. Апошняе, што патрэбна сёння Лукашэнку, — гэта дадатковае сацыяльнае напружанне.
Затрымаўшы сотню мігрантаў у Міханавічах, ён пасылае Варшаве сігнал: бачыце, хаця б гэтую праблему можна зняць, то давайце неяк дамаўляцца. Канчатковае вырашэнне міграцыйнага крызісу — наўзамен на адкрытыя пункты пропуску хаця б у Цярэспалі і Казловічах.

Міграцыйны крызіс страціў сэнс, яго вырашылі спыніць

belta_3.jpg

Фота Белта


Не выключана, што Лукашэнка вырашыў проста закрыць гэты кейс, бо плёну з яго даўно няма. Мара «нахіліць» Захад з дапамогай мігрантаў відавочна не спраўдзілася. Тры суседнія краіны Еўрасаюза пабудавалі агароджы, іх памежнікі навучыліся супрацьдзейнічаць нелегалам і ўжо вывучылі ўсе патаемныя хады праз мяжу. У 2023 годзе штодзень фіксуецца некалькі дзясяткаў спроб патрапіць у ЕС — гэта яўна не тое, што стварае нясцерпны дыскамфорт Польшчы, Літве і Латвіі.
То, можа, гары яно гарам — гэта ідэя закідаць ворагаў мігрантамі? Тым больш любое абвастрэнне можа выклікаць дадатковыя санкцыі. Тым больш ва Украіне ідзе вайна — хапае галаўнога болю і праз яе. То вось вам, заходнікі, наш жэст добрай волі.
Калі гэтая версія слушная, то неўзабаве мы будзем назіраць памяншэнне статыстыкі. У суботу, калі стала вядома пра затрыманні ў Мачулішчах, былі спынены ўсяго 33 спробы пераадолець мяжу Беларусі з Еўрасаюзам. Тады як напярэдадні іх было істотна больш — 97. Будзем сачыць за далейшай дынамікай.

Пад Мінскам выявілі «не тых» мігрантаў, таму і затрымалі

mus_8.jpg


Калі дынаміка не зменіцца, і на памежжы Беларусі і краін ЕС будуць і надалей фіксавацца ранейшыя плыні мігрантаў, то патлумачыць нядаўнія затрыманні дапаможа наступная версія.
Імаверна, у Мачулішчах сілавікі выявілі некантраляваную партыю нелегалаў. Сотню няшчасных людзей усходніх нацыянальнасцяў везлі ў напрамку Еўрасаюза без санкцыі на тое беларускага боку.
Не сакрэт, што мігранты — гэта не толькі пра палітыку, але і пра грошы. Жадаючыя апынуцца ў Еўропе плацяць за мару вялікія — і часта апошнія — грошы. Гэтыя сродкі асядаюць у кішэнях тых, хто кіруе адпаведнымі схемамі. Куды вядуць ніткі і хто з’яўляецца канчатковым бенефіцыярам, здагадацца няцяжка.
Як можна меркаваць, у «афіцыйных» каналаў перакіду мігрантаў на Захад маглі з’явіцца канкурэнты. Іншая, так бы мовіць, «крыша», якая, натуральна, не даспадобы мінскім куратарам.
Праўдзівасці гэтай версіі надаюць падрабязнасці з прэс-рэлізу МУС. Там гаворыцца пра тое, што затрыманыя пад Мінскам нелегалы не мелі беларускіх візаў і патрапілі ў Беларусь праз Расію. Так, значная частка мігрантаў менавіта транзітам праз Маскву і дабіраецца да гарадзенскіх і берасцейскіх балотаў, але гэтым шляхам можа рухацца і «паралельны экспарт».
Як бы ні было, але хапун у Мачулішчах застаецца неардынарнай з’явай, сутнасць якой пакуль зразумелая не да канца. Варта пасачыць за далейшым развіццём падзей, каб разабрацца, ці гэта збой у санкцыянаваным бізнесе жывым таварам, ці пэўныя палітычныя працэсы ў стасунках Лукашэнкі з Захадам.