Курдскі актывіст распавёў, як беларускія сілавікі арганізоўвалі мігрантаў на прарыў мяжы
Выданне LRT са спасылкай на курда пад псеўданімам Галіб, які выступаў пасярэднікам паміж беларускімі ўладамі і мігрантамі, распавяло пра тое, як рыхтаваўся сілавы прарыў польскай мяжы.
Галіб распавёў журналістам, што быў звязаны з курдскай апазіцыяй і яго ад’езд у Беларусь быў узгоднены з партыяй. Яго добра ведалі ў паўночным Іраку, і таму ён меў аўтарытэт сярод мігрантаў. Гэта заўважылі беларускія сілавікі і прапанавалі яму быць пасярэднікам паміж мігрантамі і беларускімі ўладамі.
Таксама ён расказаў, што 8 лістапада, калі сотні мігрантаў падышлі да польскай мяжы, беларускія сілавікі раздалі ім інструменты для прарыву агароджы — у тым ліку рыдлёўкі, сякеры і кусачкі.
Супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў мелі тэлефон і пастаянна былі на сувязі з Галібам. Калі рыхтавалася спроба маштабнага прарыву мяжы на пераходзе «Брузгі-Кузніца», сілавікі тэлефанавалі яму 15-16 разоў за дзень.
Самога Галіба прымушалі пытацца ў мігрантаў, ці гатовыя яны прыняць удзел у сілавым прарыве. Планавалася, што група замежнікаў пашкодзіць плот, а астатнія рушаць услед за імі. Паводле слоў Галіба, да польскай мяжы мігрантаў суправаджалі беларускія сілавікі ў цывільным. Сілавікі ў тым ліку кідалі камяні ў польскіх памежнікаў падчас спробы прарыву.