Юрась Губарэвіч: Беларускія ўлады «трапілі ў яму, якую выкапалі»
Рэжым у Беларусі хацеў навязаць праблему міграцыйнага крызісу краінам Еўрапейскага саюза, але сам «трапіў у яму, якую выкапаў».
Такое меркаванне ў эфіры «Радыё Рацыя» выказаў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.
Палітык падкрэслівае, што “прарыву” мяжы ажыццявіць не атрымалася, і цяпер праблему давядзецца вырашаць самой Беларусі:
— Што з гэтым рабіць? Я думаю, што тут у першую чаргу гэта галоўны боль для рэжыму Беларусі, бо трэба нейкім чынам размяшчаць і ўтрымліваць гэтых людзей, арганізоўваць адпраўку на радзіму тых, хто хоча з’ехаць. Напэўна, гэта пытанне не будзе вырашана ў бліжэйшай перспектыве гэтага года. Магчыма, толькі ў пачатку наступнага атрымаецца нейкім чынам развязаць праблему. У першую чаргу, напэўна, праз адпраўку людзей туды, адкуль яны прыбылі.
Паводле польскага боку, з пачатку года зафіксавана каля сарака тысяч спробаў нелегальнага перасячэння граніцы. Колькасць мігрантаў, якія застаюцца на тэрыторыі Беларусі, невядомая. Паводле Польшчы, гэта можа быць да дзесяці тысяч чалавек.